Logo Polskiego Radia
Print

Ці дапаможа NATO Украіне?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.05.2014 08:20
  • Ці дапаможа NATO Украіне.mp3
Інтэрвію з экспэртам у галіне міжнароднай бясьпекі, прафэсарам Бірмінгемскага ўнівэрсытэту Дэрэкам Авэрам.

Пасьля таго, як Расея анэксавала Крым і пачала дэстабілізаваць Украіну, NATO надасьць больш увагі абароне эўрапейскіх краінаў. Аднак ня варта чакаць, што адказам на расейскую агрэсію стане прыняцьцё ў шэрагі Альянсу Украіны й Грузіі. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіў спэцыяліст у галіне міжнародных стасункаў і бясьпекі, прафэсар Бірмінгемскага ўнівэрсытэту Дэрэк Авэр. Ён распавёў, чаму NATO не падтрымала Ўкраіну, чаму пашырэньне NATO у бліжэйшай будучыні не адбудзецца і у якім выпадку Альянс вырашыцца супрацьдзейнічаць Расеі.

Яшчэ ў 1997 годзе Ўкраіна была прызнаная “асабліва важным” партнэрам NAТО. Чаму Альянс не зрабіў нічога, каб абараніць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны?

Д. Авэр: Тэрмін “партнэрства” моцна абясцэніўся пасьля Халоднай вайны. Калі краіна хоча мець лепшыя стасункі з Альянсам, гэта ужо называюць “стратэгічным партнэрствам”. Стратэгічнае партнэрства павінна грунтавацца на нейкай стратэгіі. А гэтай стратэгіі не было. Альянс лічыў, што адзіным шляхам забясьпечыць мір у Эўропе зьяўляецца прыняцьцё у свае шэрагі як мага большай колькасьці краінаў. А цяпер з-за жорсткай рэакцыі Расеі такія дзеяньні ўжо немагчымыя. Перад тым, як заключаць нейкія дамовы аб спэцыяльным ці стратэгічным партнэрстве, NATO павіннае перафармуляваць сваю стратэгію.

Ці не хочаце Вы сказаць, што пашырэньне NATO цяпер немагчымае, бо краіны Захаду баяцца канфлікту з Расеяй?

Д. Авэр: Я б не сказаў, што пашырэньне немагчымае, але ў бліжэйшай будучыні я не прадбачу, што ў NATO прымуць Украіну й Грузію. Часткова гэта тлумачыцца тым, што NATO баіцца правакаваць Расею й разьвязваць другую Халодную вайну ва Ўсходняй Эўропе. Другая прычына заключаецца ў тым, што краіны NATO ня могуць дасягнуць згоды. Не ўсе гатовыя выдаткоўваць грошы на тое, каб прыняць у шэрагі Альянсу яшчэ больш краінаў, якія ня будуць ўзмацняць абароназдольнасьць NATO, а наадварот, будуць патрабаваць абароны.

Ці падзеі ва Ўкраіне не падарвалі давер да NATO? Ці Альянс здольны гарантаваць бясьпеку сваім уласным сябрам, не кажучы ўжо пра суседзяў?

Д. Авэр: NATO згубіць давер, калі ня будзе здольны запэўніць мір і бясьпеку ў краінах-суседзях. Я спадзяюся, што гэтая ідэя будзе абмяркоўвацца на бліжэйшым саміце Альянсу. Сярод саміх краінаў NATO больш за ўсё непакояцца краіны Балтыі. Праблема абвастраецца яшчэ й тым, што Швэцыя й Фінляндыя не зьяўляюцца краінамі NATO. Бяз гэтых краінаў у Альянса могуць ўзьнікнуць праблемы падчас магчымых дзеяньняў па абароне краінаў Балтыі.

Ці ёсьць у Паўночнаатлянтычнага альянсу ўвогуле сілы, каб запэўніць бясьпеку краінам-чальцам? Некаторыя экспэрты кажуць што сёньняшні NATO – гэта слабая цень таго NATO, які існаваў 20 гадоў таму.

Д. Авэр: Я б не казаў, што абаронная здольнасьці NATO зьніклі. Падзеі ў Афганістане (і часткова ў Лібіі) паказалі, што калі ёсьць палітычная воля, то Альянс здольны арганізаваць шырокамаштабную апэрацыю. У выпадку ўзмацненьня канфрантацыі з Расеяй, NATO будзе вымушаны пераарыентаваць свае пляны й сілы з заморскіх апэрацыяў на абарону сваёй тэрыторыі.

Якія крокі Расея павінна зрабіць Расея, каб Паўночнаатлянтычны альянс нарэшце пачаў дзейнічаць?

Д. Авэр: Я ня думаю, што Расея пойдзе на такі крок, але ўмяшальніцтва NATO пачнецца ў выпадку, калі Расея пачне нейкую апэрацыю, мэтай якой будзе глыбока падарваць абароназдольнасьць NATO. Напад на краіны Балтыі, напрыклад, натуральна выкліча адказ. Ён прывядзе ў дзеяньне артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы, які датычыць калектыўнай абароны. Калі Расея захоча захапіць усю Ўкраіну – NATO будзе вымушаны адказаць, хоць такі крок будзе непапулярны. Аднак я ня думаю, што Масква захоча гэта зрабіць. Расейская эканоміка цяпер адчувае занадта вялікія праблемы.

Расея ня зможа доўга бразгаць зброяй – перакананы прафэсар Авэр. Стагнацыя расейскай эканомікі адчуваецца ўжо зараз. Правал мадэрнізацыі, міжнародная ізаляцыя Расеі прывядуць да вялікіх эканамічных праблемаў ўжо праз тры-пяць гадоў. Таму Ўладзімеру Пуціну хутка прыйдзецца пераглядзець сваю зьнешнюю палітыку – падсумоўвае экспэрт.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт