Logo Polskiego Radia
Print

Цукровы дыябэт - пандэмія XXI стагодзьдзя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2014 13:46
14 лістапада адзначаецца Дзень барацьбы з цукровым дыябэтам.
gazeta.pl

Цукровы дыябэт называюць ціхай эпідэміяй нашага часу, а нават пандэміяй. Колькасьць хворых на ўсім сьвеце расьце хуткімі тэмпамі. Калі ў 1980 годзе было 153 млн хворых на Зямлі, то цяпер ужо 371 млн. А праз 15 гадоў, згодна прагнозам, на сьвеце будзе жыць ужо 550 млн хворых. 14 лістапада адзначаецца Дзень барацьбы з цукровым дыябэтам.

Найгоршае ў гэтым захворваньні тое, што дыябэт пачынаецца незаўважна, ён доўга можа разьвівацца без выразных сымптомаў для хворага, але ўжо тады нэгатыўна ўплывае на розныя ворганы арганізму. Цукровы дыябэт – гэта хвароба абмену рэчываў, калі не хапае інсуліну, паколькі арганізм яго не вырабляе, вырабляе ў надта малой колькасьці, або клеткі па нейкай прычыне не засвойваюць гэтага гармону. Інсулін дазваляе клеткам выкарыстоўваць энэргію, якую нясе цукар – глюкоза. Калі глюкоза ня можа трапіць унутр клеткі, паколькі клетка не рэагуе на інсулін, то цукар застаецца ў крыві. Такі стан, які завецца гіпэрглікеміяй, зьяўляецца першым і самым важным сымптомам хваробы.

Хутчэй за ўсё колькасьць хворых на дыябэт расьце ў краінах, дзе назіраецца цывілізацыйны скачок, паколькі багаценьне грамадзтва зьвязана са зьменай спосабу харчаваньня і ладу жыцьця, а таксама са старэньнем грамадзтва, паколькі часьцей хварэюць старэйшыя людзі – пасьля 65 году жыцьця.

У Польшчы больш за 3 млн чалавек мае цукровы дыябэт. Але агромная праблема ў тым, што адна трэцяя хворых ня ведае пра сваю хваробу. Таму задача лекараў – адукаваць людзей, прымаць усе магчымыя меры, каб людзі ведалі, якія пагрозы нясе гэтае захворваньне. Але апека над хворымі ў Польшчы пакідае жадаць лепшага. Напрыклад, у іх няма доступу да сучасных інкрэтынавых лекаў, няма грошай на адукацыю пацыентаў з дыябэтам. А на лячэньне хваробы і яе аскладненьняў прызначаецца замала грошай, - гаворыць старшыня Польскага таварыства дыябэталёгіі прафэсар Лешак Чупрыняк.

Л. Чупрыняк: У нас назіраецца такі парадокс, што ампутацыя нагі ў выніку дыябэту будзе заўсёды каштаваць таньней, чым лячэньне, якое дазволіць захаваць нагу. Але такое лячэньне цягнецца тыднямі, а нават месяцамі, але дазваляе ўратаваць нагу ў 90%, а нават больш чым у 90 працэнтаў хворых. Аднак паліклінікам і шпіталям гэта не аплочваецца. Так што ў нас гэтая апека вельмі слабая, няма вялікага прагрэсу ў лячэньні цукровага дыябэту.

Цукровы дыябэт бывае розны. У выпадку гэтак званага інсуліназалежнага дыябэту хворым неабходна прымаць інсулін звонку, паколькі іх арганізм не вырабляе гэты гармон. Але часьцей здараецца другая форма дыябэту, калі інсулін ёсьць у арганізме, але ў малой колькасьці, або клеткі яго не прысвойваюць. Тады на пачатку хваробы дастаткова дыеты або лякарствы ў выглядзе таблетак. Другой формай дыябэту хварэюць як правіла пажылыя людзі, і гэтае захворваньне імкліва пашыраецца.

Самае важнае ў выпадку дыябэту – прытрымлівацца дыеты, пазьбягаць цукру і салодкіх прадуктаў. Гэта самае цяжкае, - адзначае Славаміра Пашкевіч, якая хварэе на дыябэт ужо каля 20 гадоў.

С. Пашкевіч: Дыета – гэта азначае абмежаваць салодкія рэчы, але таксама некаторыя салодкія фрукты, якія ўтрымліваюць шмат цукру. Трэба старацца есьці прадукты, якія даюць адносна мала калорый. І пры гэтым старацца шмат рухацца.

Але нельга без кансультацыі зь лекарам рэзка абмяжоўваць цукар і салодкія прадукты, паколькі парадаксальна вельмі вострая дыета ў здаровых людзей, якія імкнуцца пахудзець, можа выклікаць хваробу.

Цукровы дыябэт нясе шмат абмежаваньняў, асабліва калі ён зьвязаны з неабходнасьцю рэгулярна прымаць лякарствы або рабіць укролы з інсулінам. Але пацыенты з дыябэтам павінны вельмі многа рухацца, нават кажуць пра прынцып “10 тысяч крокаў”, якія трэба зрабіць кожны дзень. У Польшчы хворыя ўмеюць аб’яднацца і ладзіць разам нейкія мерапрыемствы. Напрыклад, у пятніцу ў цэнтры Варшавы на Замкавай плошчы адбыўся паказ танца пад назваю DiabeDance. Галоўная мэта імпрэзы – паказаць важнасьць фізычнай актыўнасьці ў прафіляктыцы захворваньня. Распавядае старшыня Таварыства дыябэталягічнай адукацыі Бэата Сьцяпанава.

Б. Сьцяпанава: Прыйдуць людзі і малыя, і вялікія, і худыя, і поўныя. Мы зьбіраемся разам, незалежна ад масы цела, незалежна ад узросту. Танец – гэта адна з формаў актыўнасьці, якая вельмі важная для хворых на дыябэт. Я ведаю, што нашыя пацыенты вельмі любяць танцаваць. А DiabeDance – гэта форма аб’яднаньня хворых у рамках усепольскага праекту дыябэталягічнай адукацыі нашага таварыства. Гэта фінал нашага мерапрыемства.

Акцыя DiabeDance адбылася ў адным часе ў розных гарадах Польшчы. У Варшаве ў рамках салідарнасьці з хворымі быў зьменены колер ілюмінацыі аднаго з мастоў на блакітны. Гэта колер, які сымбалізуе адзінства з хворымі на цукровы дыябэт.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт