Logo Polskiego Radia
Print

Хто прыносіць калядныя падарункі?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.12.2014 12:00
  • Хто прыносіць падарункі.mp3
Традыцыя дарыць падарункі жывая ва ўсіх краінах, сярод вернікаў розных канфэсіяў.
wprost.pl

Каляды - гэта час, які мы праводзім у кампаніі сям’і й блізкіх нам людзей. Падарункі зьяўляюцца неад'емнай часткай гэтага пэрыяду. Гэта старая традыцыя, жывая ва ўсіх краінах, сярод вернікаў розных канфэсіяў.

Пра традыцыю дарыць адзін аднаму падарункі можна гаварыць з самага пачатку чалавецтва. Гэта адзін з асноўных кампанэнтаў культуры, тлумачаць этнолягі, дадаючы, што ўжо племянная культура народаў была заснавана на абмене таварамі.

Тым ня менш, абмен таварамі - гэта нешта іншае, чым проста дарыць падарунак. Падарунак мы даем самааддана, не патрабуючы нічога ўзамен. Менавіта такой зьяўляецца традыцыя калядных падарункаў.

Як кажуць гісторыкі, звычка даваць адзін аднаму падарункі ў Польшчы ўпершыню ўзгадваецца ў тэкстах XVIII-га стагодзьдзя. Тады ў дамы шляхты прыходзіў, апрануты ў чырвоную вопратку біскуп у суправаджэньні альбо анёла, альбо д'ябла.

Менавіта тады нарадзілася традыцыя дарыць дзецям падарункі. На пачатку дзеці атрымоўвалі яблыкі, пазалочаныя арэхі, пернікі й драўляныя крыжыкі.

Сучасных дзяцей яблык асабліва б ня ўзрадаваў – яны маюць большыя патрабаваньні.

Дзеці: Я прасіў у Санта-Кляўса новую майку польскай зборнай па футболе, новыя буцы…

Дзеці: Гітару.

Дзеці: Скутэр, карты.

Юнак: Я хацеў бы атрымаць грошы.

Дзяўчына: Сотавы тэлефон.

Дзеці ня маюць ніякіх сумневаў адносна таго, хто прыносіць сьвяточныя падарункі й каму па гэтай справе трэба адправіць ліст зь пералікам рэчаў, пра якія яны мараць.

Дзеці: Гэта Санта-Кляўс прыносіць падарункі. Ніхто іншы ня змог бы гэтага зрабіць. Я сплю праз сьценку з бацькамі й ноччу вельмі часта прачынаюся, то я б ведаў... Апрача таго, гэта мая мама кінула ліст у паштовую скрынку, тады адкуль яна ведала б, пра што я прасіў.

Дзеці вераць у тое, што Санта-Кляўс не забывае пра нікога, як пра дзяцей, так і пра дарослых. Ёсьць толькі адна ўмова – цягам году трэба быць паслухмяным.

Таму, калі нехта сьвяточнага падарунка не атрымаў, то, відаць, дастаткова паслухмяным ня быў. Аднак, на думку дзяцей, так здараецца вельмі рэдка.

Дзеці: Санта-Кляўс лічыць, што дзеці вельмі паслухмяныя, і дае ім падарункі.

Паводле розных крыніцаў, звычай дарыць падарункі адносіцца да традыцыі рымскіх Сатурналіяў - сьвята ў гонар Сонца.

Зь сярэдзіны сьнежня да студзеня тагачасныя жыхары Рыму наведвалі адзін аднаго, давалі адзін аднаму падарункі, супольна гулялі. Хоць сьвяткаваць Сатурналіі ў хрысьціянскай Рымскай імпэрыі было забаронена, то велізарны адсотак людзей надалей урачыста адзначаў гэты пэрыяд.

Пра сучасных дзяцей Санта-Кляўс у перадкалядным пэрыядзе памятае, як мінімум, двойчы: 6 сьнежня й 24 сьнежня.

Паводле сучаснай традыцыі, Санта-Кляўс пражывае ў Ляпляндыi, на Паўночным полюсе. Адтуль штогод зьбіраецца ў сьвет на сваіх санях, якія цягнуць алені.

У ноч пасьля Каляднай вячэры ён падкрадаецца ў дамы й пакідае дзецям падарункі. Іх можна знайсьці пад елкай, пад падушкай, у ботах або ў адмысловай сьвяточнай шкарпэтцы.

Звычайна сьвяты робіць гэта такім чынам, каб быць незаўважаным. Аднак, калі ўжо да сустрэчы зь ім даходзіць - тады абавязкова гучыць адно асноўнае пытаньне.

Санта-Кляўс: Ці ты быў паслухмяным? Вельмі добра. З Калядамі!

Хоць сьпіс калядных жаданьняў дзяцей можа складаць нават некалькі старонак, то спэцыялісты раяць напалоханым бацькам захаваць спакой і ўмеранасьць, кажа псыхоляг Тэрэса Войтас-Кельян:

Тэрэса Войтас-Кельян: Тут гаворка не ідзе пра колькасьць падарункаў, ці цану цацак. Важна, каб падарункі былі адказам на тое, што для дзіцяці істотнае. Магчыма, напрыклад, галаваломка будзе незвычайнай таму, што бацька, які пастаянна заняты й ня мае часу на гульню, урэшце сядзе з сынам, каб скласьці карцінку. Магчыма, што гэта будзе мець большае значэньне для дзіцяці, чым дарагі падарунак.

Правобразам сучаснага Санта-Кляўса ці Дзеда Мароза – то бок тоўстага, апранутага ў чырвоную вопратку гнома зь белай барадой - у эўрапейскай папулярнай культуры зьяўляецца сьвяты Мікалай.

Сьвяты Мікалай зь Міры, вядомы таксама, як Мікалай Цудатворац – гэта адзін з самых папулярных сьвятых. Яму пакланяюцца як каталікі, так і праваслаўныя.

Сьвяты Мікалай жыў напрыканцы трэцяга й пачатку чацьвёртага стагодзьдзяў на тэрыторыі цяперашняй Турцыі.

Сьвяты Мікалай быў біскупам Мір Лікійскіх (Бізантыя). Па сёньняшні дзень ён ушаноўваецца як заступнік маракоў, купцоў, падарожнікаў і дзяцей. Ён таксама вядомы, як абаронца абгавораных, які часта выратоўвае іх ад лёсу нявінна асуджаных.

Лічыцца, што Мікалай нарадзіўся ў сям'і заможных бацькоў-хрысьціян Патары, дзе й атрымаў пачатковую адукацыю. Ён дапамагаў людзям, якія жылі ў нястачы і, такім чынам, раздаў усю сваю маёмасьць, якую атрымаў пасьля сьмерці бацькоў, кажа праваслаўны сьвятар Дарафей Савіцкі.

Дарафей Савіцкі: Мы наогул прывыклі, што біскупы, гэта перш за ўсё людзі навукі. Аднак пра сьвятога Мікалая мы можам сказаць, што гэта быў біскуп практыкі, то бок хрысьціянскага жыцьця, поўнага міласэрнасьці й ахвярнасьці. Зразумела, каб стаць такім біскупам, трэба спачатку быць такім чалавекам, якім быў Мікалай. Яго набожна выхоўвалі багатыя бацькі. Калі ён атрымаў у спадчыну іхную маёмасьць, то ўсё раздаў бедным, каб жыць так, як Хрыстос – з працы ўласных рук.

Сьвяты Мікалай набыў папулярнасьць з-за сусьветнавядомых аповедаў пра яго жыцьцё. Адна з такіх гісторыяў кажа пра трох дачок беднага суседа Мікалая.

Мабыць, сьвяты дапамог выйсьці замуж тром дочкам зьбяднелага двараніна, які ня меў пасагу для сваіх дзяцей. Мікаляй кідаў у комін кашалькі з грашыма, якія падалі наўпрост у абутак дзяўчын, што сушыўся ля печкі.

Так Мікалай забясьпечыў сваіх маладых суседак у пасаг, нагадае бацька Дарафей Савіцкі.

Дарафей Савіцкі: Паколькі ў яго былі тры дaчкі, ён вырашыў іх прадаць. Пра гэта пачуў сьвяты Мікалай. Паколькі ён ведаў, што дзяўчыны ня знойдуць годнага мужа, калі ня будуць мець пасагу, ён стаў у таямніцы падкідваць суседу грошы. Калі бацька даведаўся, хто зьяўляецца яго дабрачынцам – стараўся памяняць сваё жыцьцё, каб такім чынам адудзячыць Мікалаю. Менавіта адтуль узялася традыцыя, што ў Дзень сьвятога Мікалая мы дорым адзін аднаму дробныя падарункі.

Сьвяты Мікалай быў вельмі сьціплым чалавекам. Ён плянаваў стаць манахам, але быў абраны біскупам Мір Лікійскіх. Сьвяты памёр у сярэдзіне чацьвёртага стагодзьдзя.

Людзі могуць жыць па яго прыкладзе таксама й сёньня. Гэта вельмі проста, кажа Дарафей Савіцкі.

Дарафей Савіцкі: Нават звычайныя пакупкі, якія мы зробім для хворай асобы, або паўгадзіны, якую мы прысьвецім на размову з чалавекам, які страціў блізкага, ці проста апынуўся ў цяжкой сытуацыі – гэта падарунак па ўзоры сьвятога Мікалая. Ня трэба імкнуцца да вялікіх справаў. Па прыкладзе сьвятога Мікалая мы павінны вучыцца рабіць дробязі, якія выклікаюць радасьць тых, якіх мы любім.

Каталіцкі касьцёл успамінае сьвятога Мікалая 6 сьнежня. Праваслаўныя ўшаноўваюць яго 6 або 19 сьнежня – у залежнасьці ад календара, паводле якога яны жывуць.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт