Logo Polskiego Radia
Print

Што жанчыны мяркуюць пра гендэрную роўнасьць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.03.2015 12:04
  • 8 marca.mp3
8 сакавіка - нагода паразмаўляць пра тое, што зроблена і што неабходна яшчэ зрабіць.

/

Як звычайна 8 сакавіка мужчыны бегалі ў пошуках кветак, жанчыны прымалі ад сваіх калег і блізкіх дробныя падарункі, але і так гэта як правіла яны стаялі на кухні, каб прыгатаваць штодзённы абед або сьвяточны пачастунак. Як жанчыны ставяцца да гендэрнай роўнасьці? Ці яна насамрэч існуе, ці гэта толькі пустая фраза?

Міжнародны дзень жанчын 8 сакавіка быў устаноўлены ў памяць аб ахвярах барацьбы за роўнасьць мужчын і жанчын. Сёньня жанчынам цяжка сабе ўявіць, што яшчэ каля 100 гадоў таму ў іх не было выбарчага права, жанчыны не маглі вучыцца ў ВНУ, іх месца было дома – пры каструлях і дзецях. Цяпер жанчыны маюць выбар – могуць вучыцца, могуць рабіць кар’еру, але могуць таксама выбраць занятак хатняй гаспадыні, калі, зразумела, дазваляе на гэта даход мужа. А пераважна не дазваляе. Тым ня менш, цяжка казаць пра роўнасьць правоў жанчын і мужчын. Надалей як правіла жанчыны гатуюць ежу, прыбіраюць дом, мыюць вопратку і ходзяць на школьныя сходы. Пры гэтым яны часьцей за ўсё працуюць на поўную стаўку, таксама, як мужчыны.

У Польшчы пры нагодзе Дня жанчын шмат гаворыцца пра няроўнасьці ў заробках жанчын і мужчын, а таксама аб гэтак званай шклянай столі – гэта значыць, цяжкасьцях у дасяганьні высокапастаўленых пасад жанчынамі.

У нядзелю ў Варшаве прайшла традыцыйная маніфэстацыя Маніфа. У шэсьці ўдзельнічала некалькі тысяч асобаў, ня толькі жанчыны, таксама мужчыны. А што прывяло ўдзельнікаў на маніфэстацыю?

Удзельніца: Мы хацелі б роўных правоў і абавязкаў, сацыяльнай дзяржавы, бясьпекі, упэўненасьці, што можам спакойна ісьці туды, куды захочам, не баяцца хадзіць па вуліцах вечарам. Мы хочам, каб нашыя правы на працы не парушаліся, каб мы сябе адчувалі бясьпечна таксама ў нашых партнэрскіх саюзах. Мы хацелі б мець упэўненасьць, што нашыя былыя мужы заплоцяць нам алімэнты на дзяцей, калі сям’я распадзецца.

Таксама ў Гданьску, Гдыні і Сопаце жанчыны ў свой дзень нагадвалі пра набалелае. Акцыя называлася “Так, я адважуся”.

Удзельніца акцыі: Мы хочам, каб у Польшчы было таксама, як у іншых эўрапейскіх краінах. Там больш жанчын ва ўладзе, у іх роўныя заробкі з мужчынамі, дзяржава дапамагае ў апецы над дзецьмі. Толькі тады, калі мужчыны і жанчыны разам будуць апекавацца дзецьмі, ёсьць шанец нешта зьмяніць.

На беларускіх сайтах я знайшла інфармацыю, што жанчыны хочуць перш за ўсё кветак і каханьня, а таксама менш рамантычныя зьвесткі пра тое, што кветкі на Дзень жанчын падаражэлі на адну трэцюю. Пра тое, як успрымаецца 8 сакавіка ў Беларусі, я запытала старшыню грамадзкага аб’яднаньня “Гендэрныя пэрспэктывы” Ірыну Альхоўку.

І. Альхоўка: Людзі па-рознаму адносяцца да гэтага сьвята. Частка традыцыйна разглядае яго як выходны дзень. Жанчыны хочуць увагі, хочуць атрымліваць кветкі, падарункі. Мне не падабаюцца ўсе гэтыя цукеркава-букетныя разважаньні, што жанчына ўпрыгожвае наша жыцьцё. Для мяне гэтае сьвята зьяўляецца нагодай паразмаўляць пра правы і праблемы жанчын. У нас дагэтуль не выпрацаваныя мэханізмы гендэрнай роўнасьці. Самае балючае для жанчын – сумяшчэньне сямейнага і прафэсійнага. Некаторыя дэмагогі кажуць, што трэба вярнуць жанчын дадому, каб яны нараджалі дзяцей. Але наша эканоміка ня вытрымала б масавага адыходу жанчын з працы. Акрамя таго, неабходна было б забараніць жанчынам атрымліваць адукацыю. На шчасьце, гэты працэс ужо незваротны. Досьледы паказваюць, што жанчыны маюць намнога большы ўклад у хатнюю гаспадарку. Калі казаць пра сапраўдную роўнасьць, то мужчыны павінны больш дапамагаць жанчынам дома.

Распавяла нам Ірына Альхоўка. Так што жанчыны за апошнія 100 гадоў змаганьня за свае правы дасягнулі шмат, яны маюць намнога большыя магчымасьці, чым калісьці, самой выбіраць свой шлях у жыцьці, але ня ўсё так добра, як хацелася б.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт