Logo Polskiego Radia
Print

Пажылыя ў акцыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.03.2015 14:39
  • seniorzy.mp3
Мэта конкурсу – выбраць такія ініцыятывы, якія дазволяць бліжэй пазнаёміцца розным пакаленьням.

Сёньня апошні тэрмін падачы заявак на конкурс “Пажылыя ў акцыі”, які ладзіцца па ўсёй Польшчы. Мэта конкурсу – выбраць такія ініцыятывы, якія дазволяць бліжэй пазнаёміцца розным пакаленьням.

Сэнс конкурсу ў тым, каб пажылыя і маладыя асобы дзяліліся сваімі ўменьнямі і ведамі. Конкурс прызначаны перш за ўсё для тых людзей, у якіх няма маюць досьведу ў арганізацыі розных грамадзкіх ініцыятываў – распавядае Бэата Токаж-Каміньска з Таварыства творчых ініцыятываў „ę”, якое ладзіць конкурс “Seniorzy w akcji” (Пажылыя ў акцыі).

Б. Токаж-Каміньска: Гэта конкурс, які мы ладзім ужо восьмы год за сродкі Польска-амэрыканскай фундацыі свабоды. Мы падтрымалі ў фінансавым пляне ўжо больш за 230 праектаў па ўсёй Польшчы. Усе праекты рэалізуюць людзі, якім больш за 60, разам з маладымі асобамі да 30-га году жыцьця. Важна, каб лідарам такой акцыі была старэйшая асоба, каб яна была арганізатарaм. Адна з мэтаў – падтрымка прадпрымальнасьці пажылых людзей, паказаньне, што яны могуць значным чынам зьмяніць жыхароў дадзенай мясцовасьці. Падштурхнуць іх да такой дзейнасьці, якая прынясе нейкія зьмены.

Мэханізм адбору ўдзельнікаў конкурсу даволі просты – спачатку тыя, хто хацеў бы прыняць у ім удзел, пішуць кароткі ліст, апісваюць сваю прапанову – сваё хобі, уменьні, як можна было б выкарыстаць іх у інтэграцыі з маладымі людзьмі. Камісія выбірае 30-35 самых цікавых ідэяў і запрашае іх аўтараў на майстар-клясы ў Варшаву.

Б. Токаж-Каміньска: У Варшаву прыяжджаюць такія асобы з усяе Польшчы. Тут яны разам з экспэртамі дапрацоўваюць свае прапановы. Гэтыя курсы асабліва важныя, паколькі наш праект скіраваны да асобаў, у якіх няма практыкі грамадзкай дзейнасьці. Часта яны ўпершыню робяць нешта для сваіх суседзяў. Ім патрэбныя веды, як гэта зрабіць. Гэтым мы адрозьніваемся ад іншых конкурсаў, поўных бюракратычных працэдур, у якіх цяжка разабрацца, ня маючы досьведу. Пасьля падрыхтоўкі такія асобы, якія выігралі ў нашым конкурсе, могуць атрымаць датацыю – ад 6 да 12 тыс. злотых. Гэта даволі высокая сума, за якую можна шмат зрабіць.

Анна Варвас у рамках конкурсу падрыхтавала праект пад назваю “Цэлая Прага сьпявае”. Нашым слухачам патлумачым, што Прага – гэта раён Варшавы.

А. Варвас: Я рэалізую свой першы праект у рамках “Пажылых у акцыі”, а каманда, з якой я працую, не была б створана, калі б не гэтая акцыя. Дзякуючы дапамозе экспэртаў, падрыхтоўцы нас ведаюць цяпер ня толькі ў Варшаве. На пачаткуу ў нас было туманнае ўяўленьне, што мы хацелі б зрабіць. Нашымі натхняльнікамі былі дзьве старэйшыя асобы. Спачатку гаворка ішла пра тое, каб ладзіць канцэрты ў кавярнях, клюбах, модных месцах. Мы хацелі паказаць моладзі лякальны фальклёр Прагі, які ўжо быў падзабыты. І гэта ўдалося.

Камісія выбірае такія праекты, у якіх і маладыя, і старэйшыя ўдзельнікі маюць магчымасьць паказаць свае ўменьні і атрымаць нейкую карысьць. І вельмі важна, каб гэта ня быў кантакт майстар-вучань, каб ведамі дзяліліся ня толькі старэйшыя асобы – гаворыць Бэата Токаж-Каміньска.

Б. Токаж-Каміньска: Мы не прымаем такіх ініцыятываў, у якіх маладыя зьяўляюцца толькі гледачамі, публікай падчас выступленьняў старэйшых асобаў, і наадварот. Важна, каб ідэі на разьвіцьцё дадзенай ініцыятывы ўносілі і маладыя, і пажылыя. Існуе вельмі шмат стэрэатыпаў і бар’ераў, нават больш іх з боку старэйшых асобаў. Вельмі хутка пажылыя людзі пачынаюць патрабаваць ад маладых, каб тыя іх слухалі - маўляў, мы шмат убачылі, шмат пражылі, вы нас паслухайце, як жыць. Падчас майстар-клясаў мы паказваем, што ў маладых ёсьць свае веды, свой досьвед, іншыя, чым у пажылых. І стараемся заахвоціць, каб кантакты будаваліся па прынцыпе “майстар-вучань”, але каб удзельнікі час ад часу мяняліся ролямі. І самае галоўнае – ці ідэя добра прадумана, ці яна прынясе пазытыўныя зьмены.

Паводле словаў гасьцей Польскага радыё Бэаты Токаж-Каміньскай і Анны Варвас, важна, каб маладыя і пажылыя асобы знайшлі супольную мову, каб знайшлі такую галіну дзейнасьці, якая цікавая для ўсіх. Тады ўзрост не адыгрывае вялікай ролі. І менавіта такія хобі, якія яднаюць пакаленьні, атрымліваюць узнагароды ў конкурсе “Пажылыя ў акцыі”.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт