Logo Polskiego Radia
Print

Чаму Лукашэнка ўзбройвае Ўкраіну?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.04.2015 20:48
  • Чаму Лукашэнка ўзбройвае Ўкраіну.mp3
Пакуль заходнія краіны баяцца раззлаваць Расею, вайсковае абсталяваньне ва Ўкраіну масава пастаўляе Беларусь.
Украінскія верталёты МІ-24, якія, паводле зьвестак украінскіх СМІ, могуць рамантавацца ў Беларусі. Фота: unian.netУкраінскія верталёты МІ-24, якія, паводле зьвестак украінскіх СМІ, могуць рамантавацца ў Беларусі. Фота: unian.net

Пакуль заходнія саюзьнікі Ўкраіны думалі, ці ўзбройваць Кіеў у вайне з Расеяй, рэальную вайсковую дапамогу Ўкраіне аказала Беларусь. «Прычым сумы гэтай дапамогі вымяраюцца дзесяткамі (калі не сотнямі) мільёнаў даляраў». Такую сэнсацыйную выснову зрабіў аналітык украінскага парталу hvyla.net Ігар Тышкевіч. Наколькі значную падтрымку аказаў Кіеву Менск, і чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў узбройваць Украіну? На гэтыя пытаньні адказваюць украінскія, беларускія й Расейскія вайсковыя экспэрты.

Красавік 2014 году. Расея анэксуе Крым. Славянск і Краматорск захопліваюць прарасейскія дывэрсанты. На Ўсход трэба сьцягваць войскі, а Ўкраіне няма чым і няма за што заправіць бакі баявых машынаў. 60% рынку дызэльнага паліва складаюць пастаўкі зь Беларусі. Замест таго, каб задушыць Украіну ў энэргетычнай блякадзе, саюзны Расеі Менск павялічвае пастаўкі паліва і дае адтэрміноўку ў плацяжы.

Ваенна-прамысловае супрацоўніцтва паміж Кіевам і Масквой спыняецца. Ролю пасярэднікаў хочуць узяць на сябе беларусы. Прадстаўнікі беларускіх абаронных заводаў наведваюць Днепрапятроўск, Чарнігаў, Кіеў Львоў.

Цягачы
Цягачы для ракетных комплексаў "Точка-У" вырабляюцца ў Менску. Фота: telegraf.com.ua

Зь лета 2014 году МАЗ пачынае пастаўляць грузавікі для ўкраінскай арміі і Нацгвардыі – прычым у аб’ёмах, якія перавышаюць пастаўкі з украінскага КРАЗа. МЗКЦ рамантуе шасі для ракетных установак «Точка-У». Баранавіцкі авіярамонтны завод аднаўляе ўкраінскія самалёты МіГ-29. Аршанскі авіярамонтны завод рамантуе пашкоджаныя ўкраінскія верталёты. Самае галоўнае, Беларусь у разы павялічыла пастаўкі ва Ўкраіну рухавікоў, якіх паўднёвая суседка ўвогуле не вырабляе. Акрамя таго, Беларусь актывізавала выпуск супрацьтанкавых комплексаў павялічыла экспарт оптыкі.

Яшчэ
Яшчэ адзін прыклад вайсковага супрацоўніцтва - беларуска-ўкраінскі супрацьтанкавы комплекс "Скіф". Фота: bm-oplot.livejournal.com

Пастаўкі беларускага паліва ды абсталяваньня адыгрывалі й адыгрываюць важную ролю ў падтрыманьні баяздольнасьці ўкраінскай арміі – кажа экспэрт кіеўскага цэнтра Разумкова Аляксей Мельнік.

А. Мельнік: Расея зьяўлялася асноўным партнэрам, які пастаўляў запчасткі і ажыцьцяўляў рэмонт вайсковай тэхнікі. Паколькі гэты канал супрацоўніцтва быў поўнасьцю перакрыты, Беларусь засталася адной з нешматлікіх альтэрнатываў. Мы купляем там ад верталётных лопасьцяў да дызэльнага паліва.

Пакуль заходнія краіны разважалі, ці не разгневае пастаўка абсталяваньня Маскву, пастаўляць неабходныя ўкраінскаму войску рэчы пачаў Менск – падкрэсьлівае Ігар Тышкевіч. На думку аналітыка, Лукашэнка дапамагае Кіеву, бо разумее, што калі Крэмль падпарадкуе Ўкраіну, наступным у чарзе апынецца ён. Такое ж меркаваньне мае Аляксаей Мельнік.

А. Мельнік: Лукашэнка добра разумее, што, вобразна кажучы, поўнасьцю класьціся пад Расею нашмат больш небясьпечна, чым зарабіць папрокі ад Пуціна ў пагаршэньні расейска-беларускіх стасункаў. Такі падыход шмат хто лічыць хітрасьцю, але я б назваў яго мудрым – не адмаўляючы ўсіх недахопаў Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускі вайсковы аналітык Андрэй Паратнікаў мае больш празаічнае вытлумачэньне паводзінаў Менска. Лукашэнка разьвівае вайсковае супрацоўніцтва з Украінай не таму, што хоча аслабіць Расею, а таму што баіцца страціць украінскі рынак.

А. Паратнікаў: Тры мільярды даляраў, якія Беларусь зарабляе штогод на ўкраінскім рынку – гэта сур’ёзныя грошы. Менск знаходзіцца ў бязвыхадным становішчы. Мы ня можам сабе дазволіць сварыцца ані з Кіевам, ані з Масквой.

Рост паставак вайсковага абсталяваньня з Беларусі ва Ўкраіну ня мог застацца незаўважаным Расеяй. Аднак ніякай рэакцыі Масквы дзейнасьць Беларусі ня выклікала. Калі крэмль не выказвае сваёй незадаволенасьці, гэта ня значыць, што яе няма – кажа Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: Расея не выказвае сваёй незадаволенасьці публічна. Аднак, хацеў бы заўважыць, апошняе паседжаньне саюзнага Саўміна закончылася ня надта добра для Беларусі. Нам на гэты год патрэбна 2-3 мільярды даляраў, а Расея пагадзілася даць толькі 110 мільёнаў. Гэта таксама своеасаблівы адказ Масквы.

Расея не абураецца дзеяньнямі Менска, бо Беларусь дапамагае ёй атрымаць жыцьцёва неабходнае вайсковае абсталяваньне з Украіны – кажа расейскі вайсковы экспэрт Павал Фельгенгаўэр. Праз Беларусь у Расею могуць трапляць ня толькі польскія яблыкі і нарвэскі ласось, але й украінскія рухавікі для ракетаў.

П. Фельгенгаўэр: Расея мае неабходнасьць купляць ва Ўкраіне матэрыялы і камплектуючыя, якія зьяўляюцца стратэгічна важнымі для расейскага ВПК. Шмат што, хутчэй за ўсё, ідзе праз Беларусь. Я думаю, Беларусь працуе з абодвума бакамі. Была інфармацыя, што праз Беларусь пэўныя вырабы ў Расею пастаўляла кампанія «Мотор Січ». Была нават інфармацыя пра тое, што ў Беларусі гэта кампанія хоча наладзіць выпуск газатурбінных рухавікоў для крылатых ракетаў. Так што існаваньне такой пасярэдніцкай пляцоўкі, як Беларусь, можа быць выгадней менавіта Расеі. Таму яна й зачыняе на гэта вочы.

У вайсковай супрацы з Украінай зацікаўлены й сам Менск. Яна дае шанец зарабіць грошы ў няпростыя крызысныя часы а таксама падцягнуць уласную абаронную вытворчасьць – кажа Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: Нас найбольш цікавіць супрацоўніцтва ў галіне распрацоўкі ракетнага ўзбраеньня, вытворчасьць і мадэрнізацыя верталётнай тэхнікі, вытворчасьць бронетэхнікі, а таксама сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Беларусь адыграла важную ролю ў аднаўленьні баяздольнасьці ўкраінскай арміі. Аднак экспэрты па-рознаму тлумачаць прычыны рашэньня беларускага кіраўніцтва аказаць вайсковую дапамогу Ўкраіне. Калі ўкраінцы бачаць у паводзінах Лукашэнкі мудры палітычны разьлік і жаданьне захаваць самастойнасьць, беларускія й расейскія аналітыкі на першы плян высоўваюць эканамічны прагматызм.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт