Logo Polskiego Radia
Print

“Швэдзкія дзіцячыя аўтары глядзяць на сьвет вачыма дзяцей і не баяцца табу”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 18.05.2015 13:18
Карэспандэнт “Польскага радыё” сустрэўся на Варшаўскім кніжным кірмашы з перакладчыцай Надзеяй Шыдлоўскай-Кандрусевіч.

У нядзелю на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве завершыўся чатырохдзённы кніжны кірмаш. Гэта адна з буйнейшых кніжных імпрэз ва Ўсходняй Эўропе. Сёлета ў ёй прыняло ўдзел ажно 800 выстаўцоў, што ледзь не ў тры разы больш, чым летась. Традыцыйна сваю прадукцыю прадстаўлялі й беларускія выдавецтвы.

Вялікую ўвагу варшавякаў-беларусаў прыцягнулі дзіцячыя кнігі са швэдзка-беларускага літаратурнага стэнда. Набыць кнігі пашанцавала нямногім, бо ўвесь наклад практычна прададзены. Шчасьліцаўцам удалося набыць аўтарскія асобнікі з рук перакладчыцы швэдзкіх дзіцячых пісьменьнікаў на беларускую мову Надзеі Шыдлоўскай-Кандрусевіч. Пра сваё захапленьне швэдзкай дзіцячай літаратурай яна распавяла Дзьмітрыю Гурневічу.

/

Н. Шыдлоўская-Кандрусевіч: Зацікаўленасьць Швэцыяй можа ўзьнікнуць яшчэ ў дзяцінстве амаль ва ўсіх. Я думаю, што ўсе чытаюць кніжкі Астрыд Ліндгрэн. У мяне так і здарылася. Я вырасла ў беларускамоўнай сям’і. Калі я была маленькая, гэтыя кніжкі яшчэ не былі перакладзеныя на беларускую. Найбольш папулярныя былі “Карлсан” і “Піпі”. Бацька мне перакладаў проста зь ліста і казаў: “- Вось вырасьцеш і перакладзеш”. Так склалася, што ва ўнівэрсытэце я пачала вывучаць замежныя мовы. У той год акурат прапаноўвалі швэдзкую мову й я пачала яе вывучаць. Але калі я скончыла, то й “Піпі” і “Карлсан” ужо былі перакладзеныя на беларускую мову. “Піпі” пераклаў Дзьмітрый Плакс, А “Карлсана” Юры Жалезка. Але цікавасьць да перакладаў у мяне была заўсёды й я перакладала некаторыя вершы са швэдзкай. Калі амбасадарам Швэцыі ў Беларусі быў Стэфан Эрыксан, ён прапанаваў мне перакласьці на беларускую кніжку дзіцячай швэдзкай пісьменьніцы Юі Вісьляндэр. Яна вельмі папулярная пісьменьніца ў Швэцыі й піша больш за 30 гадоў. Сёлета акурат спаўняецца 30 гадоў аднаму зь яе самых вядомых пэрсанажаў “Маме Му”.

Юя Вісьляндэр некалькі разоў прыязджала ў Беларусь. Там яна прапанавала Надзеі перакладаць сэрыю пра “Маму Му”. Ужо выйшлі 4 зь 9 кніжак. На беларускую Надзея пераклала кніжкі “Малы й мядзьведзік”, а таксама “Малы й Білан”. Дзякуючы амбасадзе Швэцыі быў выдадзены аўдыёдыск гэтых двух кніжак з 10 песьнямі, якія Надзея пераклала разам з Андрэем Хадановічам. Іх прасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч разам са сваёй жонкай Галяй Казіміроўскай. На беларускую Надзея пераклала й дзьве кніжкі Сары Лундбэрг пра Віту Белую Крэску.

Кнігі мелі неверагодны посьпех. Наклад пра Маму Му цалкам прададзены, рэшта імкліва збліжаецца да канца. І гэта пры тым, што наклад у тысячу асобнікаў і так немалы для Беларусі. Надзея Шыдлоўская-Кандрусевіч патлумачыла нам, у чым, на яе думку, сакрэт папулярнасьці швэдзкай дзіцячай літатаратуры.

/

Н. Шыдлоўская-Кандрусевіч: Пачынальніца “залатога веку” дзіцячай літаратуры ў сьвеце – Астрыд Ліндгрэн. Можна груба падзяліць дзіцячую літаратуру – “да яе” й “пасьля яе”. Да яе была больш пэдагагічная літаратура, там было шмат маралі. Там дарослы вучыў, як трэба жыць дзіцёнку. Калі Астрыд Ліндгрэн пачала пісаць свае кнігі, то яна зьмяніла гэты падыход. Яна стала на месца дзіцёнка й пачала глядзець на сьвет вачыма дзіцяці. Яна пачала распавядаць пра тое, што цікава дзецям, а не дарослым. І да гэтай пары швэдзкія пісьменьнікі прытрымліваюцца гэтай традыцыі. Мне гэта вельмі падабаецца. Але на жаль у Беларусі я гэтага яшчэ не назіраю. У нас кніжкі з большага пэдагагічныя, вельмі маралізатарскія. Абавязкова нехта павінен быць добры, а нехта кепскі. І абавязкова трэба нечаму навучыць дзіця. Дзеці, магчыма, не зусім з задавальненьнем гэта чытаюць. Ім не трэба, каб хтосьці іх навучыў, яны хочуць знайсьці ў гэтай кніжцы для сябе нешта самі. Добрая кніжка распавядае пра рэчы, якія дзецям цікавыя. Але ў той жа час ненавязьліва паказвае, што могуць быць розныя рэчы. Што можна рабіць так, вось так альбо інакш. І дзіцёнак сам павінен інтуітыўна арыентавацца ў гэтым сьвеце. У Швэцыі дзіцячыя пісьменьнікі не баяцца табу, то бок такіх тэмаў, як сьмерць, сэксуальная арыентацыя, страх. У Беларусі гэта ўсё яшчэ табу, а дзецям вельмі важна зразумець гэтыя рэчы. Яны ўжо ў дзяцінстве пачынаюць задаваць самыя розныя пытаньні: што такое сьмерць, чаму я баюся? У такіх выпадках дзіцячая кніжка можа вельмі дапамагчы. Таму я вельмі радая, што Алеся Башарымава пераклала кніжку “Найлепшы сьпявак у сьвеце”. Яна сапраўды можа дапамагчы, калі дзіця нечага баіцца. З дапамогай кніжкі можна паспрабаваць патлумачыць: што адбываецца, калі ты баішся. У Ульфа Нільсана ёсьць кніжка пра сьмерць. Я яе ўжо пераклала, але яна пакуль не выйшла. Там распавядаеецца, як памёр маленькі хамячок і ўся яго гісторыя. Такая кніжка можа быць дапамогай для бацькоў знайсьці адказы на цяжкія пытаньні.

Ужо перакладзеныя на беларускую чарговыя кнігі швэдзкіх дзіцячых аўтараў, якія чакаюць выданьня. Сэрцы малых беларусаў, несумненна, заваюе сэрыя пра Пэтсана й Фіндуса. Гэта гісторыя пра пару сяброў са скандынаўскай правінцыі – спадара Пэтсана й яго ката Фіндуса – зь якімі здараюцца самыя неверагодныя гісторыі. Дзевяць кніг з гэтай сэрыі былі выдадзеныя накладам у 9 мільёнаў асобнікаў.

ДГ

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт