Logo Polskiego Radia
Print

Польская фірма Com40 паставіць у Беларусі завод

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.05.2015 15:25
Com40 займаецца вытворчасьцю мэблі.
http://comforty.pl/produkty-kolekcja-2000-2010-milan.htmlhttp://comforty.pl/produkty-kolekcja-2000-2010-milan.html

Польская фірма ў ЗША, у штаце Вірджынія займаецца масавай вытворчасьцю канап і матрацаў. Аднак глябалізацыя вядзе ўладальніка фірмы Богдана Качмарэка на ўсход Эўропы. У беларускай спэцыяльнай эканамічнай зоне Гомель-Ратон польскі бізнэсовец заінвэстуе спачатку 18 млн эўра (66 млн злотых) і створыць 500 працоўных месцаў.

Паводле БелТА, польская суполка ўжо купіла тэрыторыю пасьля закрытага гомельскага заводу рухавікоў. Плянуе таксама інвэставаць у гандлёвыя аб’екты. Фірма Com40 будзе вырабляць у Беларусі матрацы і абіўку. Верагодна, стане адным з пастаўшчыкоў швэдзкай гандлёвай сеткі ІКЭА.

Паводле падпісанага зь беларусамі дагавору, 99% вытворчасьці будзе экспартавацца, што азначае, што завод ня будзе спаборнічаць з падобнымі беларускімі прадпрыемствамі.

Богдан Качмарэк, уладальнік Com40, зьяўляецца адным з самых багатых людзей у Польшчы. Ён дзейнічае таксама ў швейнай прамысловасьці і зьяўляецца суўладальнікам брэнду «Big Star».

Беларусь прыцягвае польскага інвэстара тым, што яна зьяўляецца варотамі ў Эўраазіяцкі зьвяз, у Беларусі меншыя чым у Польшчы кошты працы, акрамя гэтага, краіна багатая ляснымі рэсурсамі.

У Беларусі вядзе вытворчасьць некалькі буйных польскіх інвэстараў, напрыклад, «Atlas», вытворца будматэрыялаў і будаўнічай хіміі, «Aplisens», які вырабляе прамысловую апаратуру. Свае заводы ў Беларусі маюць таксама польскія гіганты мэблевай галіны як «Black Red White» і «Vox».

Польскія бізнэсоўцы адзначаюць карысныя бакі Беларусі, як напрыклад, эканамічныя зоны, якія на пэўны час звальняюць з падаходнага падатку, зь Беларусі проста экспартаваць тавары на ёмісты расейскі рынак, а палякі, вопытныя часамі ПНР, выдатна і хутка вучацца дзейнічаць у беларускай бюракратычнай сыстэме, – зазначае заснавальнік Групы «Vox» Пётр Волькэль. Аднак гэты прадпрымальнік адначасова зьвяртае ўвагу на вялікія кошты фінансаваньня ў Беларусі, адсутнасьць стабільнасьці беларускай эканомікі, напрыклад, дэвальвацыю беларускага рубля.

Пётр Волькэль, які ў Беларусі вядзе бізнэс ужо некалькі год, сыходзячы з сёньняшняй сытуацыі і адносін Захаду і Расеі, кажа, што ён цяпер выбраў бы хутчэй укладаньне капіталу на рынках Паўночнай Амэрыкі, якая дае лепшыя магчымасьці заробку чым Беларусь.

яс/Puls Biznesu

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт