Logo Polskiego Radia
Print

Ланцуговая перасадка нырак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.06.2015 17:57
Здаровы чалавек аддае нырку хвораму, а сваяк хворага аддае сваю нырку іншаму хвораму, які зьяўляецца сваяком першага донара.

/

Польскія лекары правялі першую ў краіне ланцуговую перасадку органаў. У апэрацыях удзельнічалі тры пары хворых і донараў, не зьвязаных кроўнымі сувязямі. Трое людзей атрымалі здаровыя ныркі дзякуючы сваім блізкім, але не ад іх.

У Польшчы забаронена трансплянтацыя органаў ад донараў, якія не зьяўляюцца сваякамі пацыента. Тым часам не заўсёды магчымая перасадка ў маштабе адной сям’і, паколькі нават у кроўных сваякоў можа назірацца нязгоднасьць тканей. Таму дактары прыдумалі гэтак званую крыжавую перасадку – здаровы чалавек аддае сваю нырку хвораму, а сваяк таго хворага аддае сваю нырку іншаму хвораму, які зьяўляецца сваяком першага донара. Такім чынам тры асобы з крайняй нырачнай недастатковасьцю, якія былі ўжо на дыялізах, атрымалі здаровыя ныркі.

Спадарыня Яланта хацела аддаць нырку свайму хвораму брату, але аказалася, што гэта немагчыма ў выніку геннага несупадзеньня.

Сп. Яланта: Мне было вельмі сумна, што не магу дапамагчы брату. А прапанова, якую мы атрымалі, дала нам надзею, новы шанец. Калі б хтосьці быў у сытуацыі, падобнай да нашай, я раю не чакаць, хутка зьвярнуцца ў праграму. Гэта не каштуе шмат, я праз тры дні пасьля апэрацыі выходжу дадому, а можна падарыць свайму блізкаму новае жыцьцё.

Брат спадарыні Яланты – Яцэк – атрымаў разам са здаровай ныркай шанец жыць практычна нармальна, адмовіцца ад вельмі цяжкіх дыялізаў некалькі разоў у тыдзень. Яму нават складана выразіць эмоцыі і ўдзячнасьць да донараў і лекараў.

Сп. Яцэк: Гэта напэўна палёгка, радасьць, шчасьце. Я ганаруся тым, што мы маглі ўдзельнічаць у гэтым праекце. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто прымаў у гэтым удзел. Акрамя таго, адчуваю крыху боль, стомленасьць. Гэта вельмі цікавы кактэйль розных эмоцый.

Апэрацыі працягваліся 12 гадзін. Адбылося агулам шэсьць апэрацый – тры перанесьлі донары, якія аддалі свае органы, і таксама было тры перасадкі гэтых нырак хворым. Прафэсар Анджэй Хмура, які кіраваў камандай хірургаў, гаворыць, што ў Польшчы гэты ланцуг складваўся з трох пар, але па ідэі ён можа быць бясконцым.

А. Хмура: Ідэя гэтага ланцужку заключаецца ў тым, што ніколі не закрываецца і не заканчваецца. Мы абмежаваліся трыма парамі па тэхнічных прычынах. Агулам у апэрацыях удзельнічала каля 20 чалавек мэдычнага пэрсаналу. Усе трое хворых былі ўжо на дыялізах. Асобы, якія атрымалі здаровую нырку, кажуць, што гэта параўнальна з новым жыцьцём, хаця і на дыялізах можна выжыць. Але гэта непараўнальна іншая якасьць жыцьця. Цудоўна выразіў гэта наш баксёр Пшэмыслаў Салета, які аддаў калісьці сваю нырку дачцэ: усе ў сям’і нешчасьлівыя, немагчыма рабіць пляны, нікуды паехаць. Уся сям’я прывязана да хворага і хварэе разам з ім.

У Польшчы толькі невялікі адсотак усіх перасадак нырак адбываецца ад жывога донара. Па словах лекараў, людзі баяцца аддаваць свае ныркі блізкім, нават калі назіраецца згоднасьць тканей. Вакол трансплянтацыі нарасло шмат мітаў, у тым ліку аб тым, што апэрацыя выйманьня ныркі зьяўляецца небясьпечнай, хаця гэта ня так, яна параўнальная да іншых хірургічных умяшальніцтваў. Перасадка ад жывога донара намнога лепшая, чым органа, узятага ад памерлай асобы. Такая перасадка па статыстыцы дае нашмат лепшыя шанцы выжываньня хворага, дае яму лепшую якасьць жыцьця з новым органам.

Першая гэтак званая крыжовая перасадка паміж двума някроўнымі парамі адбылася ў Польшчы ў лютым гэтага году, цяпер у працэсе ўдзельнічала тры пары. Спачатку лекары прабавалі падабраць іх уручную, але гэта не ўдалося. Тады памагла матэматычная тэхналёгія, гаворыць праф. Анджэй Хмура.

А. Хмура: Зьвярнуліся да нас два выпускнікі нашых ВНУ, якія праходзілі стажыроўку ў Амэрыцы, у таго навукоўца, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію за падборку параў для ланцуговай перасадкі нырак. Мы скарысталіся гэтай матэматычнай формулай, і з 20 параў падабралі 14, у якіх была магчымасьць правесьці перасадку. Пакуль што па тэхнічных праблемах такі ланцуг у нас немагчымы, хаця ў ЗША былі ўжо перасадкі ў 10 пар. Але гэтая мадэль дазволіла нам падабраць тры пары.

Як я казала, у Польшчы забаронена перасадка органаў паміж някроўнымі асобамі, таму дзеля правядзеньня ланцуговай трансплянтацыі неабходна было атрымаць адмысловы дазвол суду, але гэта было толькі фармальнае патрабаваньне. Суд выдаў згоду без пратэстаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт