Logo Polskiego Radia
Print

Апэрацыя КДБ пад назваю "выбары Прэзыдэнта"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.10.2015 11:51
С. Шушкевіч: Лукашэнка столькі будзе кіраваць Беларусьсю, колькі будзе яго ўтрымліваць Крэмль, або калі сам адыдзе на той сьвет.

/

У выданьні Rzeczpospolita вялікае інтэрвію з былым сьпікерам беларускага парлямэнту і першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. У краіне нічога не зьмянілася. Толькі наіўны Захад можа думаць, што сытуацыя палепшылася – кажа Шушкевіч. Лукашэнка, праўда, выпусьціў палітвязьняў, але гэта людзі, пазбаўленыя ўсіх правоў, а іх пакараньне толькі прыпынена. Нельга казаць пра рэабілітацыю або словы прабачэньня, якіх яны не дачакаюцца. Няма гарантыі, што яны зноў не трапяць у турму.

Чаму беларускі прэзыдэнт так моцна трымаецца за ўладу? Таму што нічога іншага ён не ўмее. Лукашэнка не ўмее кіраваць, ён можа толькі панаваць як цар. Сапраўды, ён калісьці быў старшынёй саўгасу, але гэта была страшна занядбаная гаспадарка. Калісьці Васіль Лявонаў, старшыня кампартыі ў Магілёўскай вобласьці, расказваў, што ён прызначыў Лукашэнку на гэтую пасаду, паколькі не знайшоў нікога іншага.

Раз у пяць гадоў КДБ праводзіць апэрацыю пад назваю «выбары Прэзыдэнта». У Беларусі ніхто ня лічыць галасоў. КДБ перадае кіраўнікам выбарчых камісій лічбы, якія неабходна ўпісаць у пратаколы галасаваньня. Пра якія выбары можна казаць, калі сярод тысяч сябраў выбарчых камісій толькі некалькі чалавек былі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў?!

Апазыцыі ў Беларусі няма і быць ня можа. У парлямэнце няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі, а ўсіх дэпутатаў прызначае асабіста прэзыдэнт. Апазыцыі няма, ёсьць толькі дысыдэнцкі рух, як у камуністычныя часы ў Польшчы быў Лех Валэнса, а ў Чэхіі Вацлаў Гавел.

Беларусь дэ факта стала ўжо другім Крымам – мяркуе Шушкевіч. Расея не трактуе яе як незалежную дзяржаву. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе бараніць Расею. Лідар незалежнай дзяржавы не павінен казаць такія рэчы.

Ці Лукашэнка доўга яшчэ будзе кіраваць Беларусяй? Столькі, колькі будзе яго ўтрымліваць Крэмль, або калі сам адыдзе на той сьвет.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт