Logo Polskiego Radia
Print

Як фальсыфікуюць выбары ў Беларусі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.10.2015 18:36
  • Як фальсыфікуюць выбары ў Беларусі.mp3
Назіральнікі на прыкладах паказваюць, што галасы беларусаў ня лічаць нават участковыя камісіі.
Фота: БЕЛТАФота: БЕЛТА

Маніпуляцыя з бюлетэнямі ў скрыні для датэрміновага галасаваньня, фальсыфікацыя галасаваньня на даму, падробка сьпісаў выбаршчыкаў і нарэшце, абвяшчэньне загадзя падрыхтаваных пратаколаў галасаваньня. Усё гэта мэханізмы фальсыфікацыяў, якія ўбачылі незалежныя назіральнікі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 года. Якім чынам выбарчыя камісіі крадуць галасы грамадзянаў і даводзяць рэйтынг Лукашэнкі да запаветных 83%? Пра гэта расказваюць сябры ініцыятываў «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і кампаніі «Права выбару».

Кампанія «Права выбару» аб’яднноўвае 8 грамадзянскіх і палітычных структураў. Яны вялі назіраньне на некалькіх сотнях участкаў па ўсёй краіне. За час выбараў назіральнікі склалі больш за 600 скаргаў, у тым ліку 400 – на вынікі выбараў.

Вельмі папулярным мэханізмам фальсыфікацыі было завышэньне яўкі – кажа каардынатар кампаніі Алесь Сілкоў. Калі на ўчастку прысутнічалі незалежныя назіральнікі, то мясцовыя ўлады стараліся забясьпечыць яўку за кошт датэрміновага галасаваньня. Калі не ўдавалася – рабілі прыпіскі. Там жа, дзе незалежных назіральнікаў не было, сябры камісіі яўку пісалі проста з галавы – кажа Алесь Сілкоў.

А. Сілкоў: Чалец менскай гарадзкой выбарчай камісіі ад партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч раскрыў, як завышаецца яўка. Калі ён прыйшоў на ўчастак і запытаў, колькі людзей прагаласавала, то старшыня камісіі заявіла, што прагаласавала 306 чалавек. Тады ён папрасіў паказаць, колькі людзей расьпісаліся за атрыманьне бюлетэняў. Такіх у сьпісе аказалася 170. Там, дзе не было назіральнікаў, камісіі проста выдумлялі колькасьць людзей, якія прагаласавалі.

У рэгіянальных гарадах, напрыклад Віцебску і Оршы, высокую яўку забясьпечвалі за кошт маніпуляцыяў з галасаваньнем на даму – кажа назіральнік.

А. Сілкоў: Былі выпадкі, калі нашыя назіральнікі ехалі разам з групай, якая вазіла скрыню для галасаваньня на даму, і аказвалася, што выбарцы, да якіх яны едуць, даўно памерлі. А камісія сьцьвярджала, што да іх патэлефанавалі й папрасілі прывезьці скрыню!

Беларускі Хэльсінскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» стварылі ініцыятыву «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Яны выслалі на ўчасткі больш за 200 назіральнікаў.

Праваабаронцы адзначылі іншы папулярны мэханізм фальсыфікацыяў – заніжэньне колькасьці выбаршчыкаў на ўчастку. Напрыклад, на працягу дзесяці гадоў колькасьць выбаршчыкаў у менскім мікрараёне Сухарава амаль не зьмянілася, хаця колькасьць жыхароў там павялічылася на дзесяткі тысяч. У такіх раёнах назіральнікам адмаўляюць выдаваць сьпісы выбарцаў – кажа праваабаронца Алег Гулак.

А. Гулак: Калі мы кажам пра яўку на ўчастку альбо працэнт падтрымкі таго ці іншага кандыдата – гэта ўсё непасрэдна зьвязана са сьпісам выбаршчыкаў. А яны застаюцца для нас цалкам закрытымі.

Назіральніка па-ранейшаму не дазваляюць сачыць, што адбываецца ўначы са скрынямі для датэрміновага галасаваньня. На ўчастку № 68 Савецкага раёну Віцебска назіральнікі ўбачылі, што бюлетэні ў празрыстай скрыні для галасаваньня раніцай ляжалі абсалютна ня так, як напярэдадні й верагодна былі замененыя.

А. Гулак: Замена таго, што знаходзіцца ў скрынях для датэрміновага галасаваньня, альбо ўкід бюлетэняў вельмі магчымыя. Такія магчымасьці цяперашняе заканадаўства дае.

У Ленінскім раён Менска мясцовыя ўлады выкарысталі арыгінальны спосаб падняць яўку і колькасьць галасоў за Лукашэнку – кажа ўдзельнік назіраньня ад кампаніі «Права выбару» Алесь Таўстыка. Улады выкарысталі карусэль – прымусілі групу людзей галасаваць некалькі разоў на розных участках.

А. Таўстыка: Гэта была група дзяўчатаў і жанчынаў сталага ўзросту. Яны ведалі, куды падыйсьці – да аднаго й таго ж чалавека ў камісіі. Яны проста давалі пашпарт, атрымлівалі бюлетэнь, ішлі галасаваць. Выходзячы на вуліцу, яны станавіліся групамі, чакалі адна адну й пад кіраўніцтвам старэйшай разам пераходзілі на новы выбарчы ўчастак.

Аднак асноўныя фальсыфікацыі адбываюцца непасрэдна падчас падліку галасоў. Звычайна кожны чалец камісіі лічыць толькі свой невялікі стос бюлетэняў, а вынікі запісвае на паперцы, якую моўчкі перадае старшыні камісіі. Назіральнікі сядзяць за некалькі мэтраў і ня могуць бачыць падліку. Таму старшыня можа агучыць вынікі, ўзятыя «са столі».

Самы распаўсюджаны мэтад фальсыфікацыяў на цяперашніх выбарах – гэта агучваньне загадзя падрыхтаваных пратаколаў, якія ніяк не зьвязаныя з вынікамі падліку – кажа назіральнік Алесь Сілкоў.

А. Сілкоў: Мы сьмяяліся, калі ўбачылі, як на адным з участкаў горада Рэчыцы ўжо быў гатовы пратакол, а сябры камісіі ўсё яшчэ нібыта вялі падлік. Пратакол ужо быў гатовы – з усімі лічбамі! А яны рабілі выгляд, што падлічваюць – таму, што да іх прыйшлі назіральнікі! Калі няма празрыстага падліку галасоў, старшыня камісіі можа агучыць любую лічбу. Нам праверыць яе немагчыма.

На некаторых участках, такіх як 65-ы ў Савецкім раёне Менска, чальцы выбарчай камісіі нават не намагаліся імітаваць працэдуру падліку, кажа назіральнік кампаніі «Права выбару» Юрась Меляшкевіч.

Ю. Меляшкевіч: Чальцы камісіі проста раскладалі стосы за кандыдатаў. Яны нават не пісалі на паперках лічбы. Яны проста перадавалі стосы старшыні камісіі, якая складала іх у агульную горку, не даючы ніякіх зьвестак пра колькасьць прагаласаваўшых людзей, не запісваючы, колькі ў якім стосе галасоў.

Калі старшыні частковых камісіяў у большасьці выпадкаў агучваюць пратаколы, якія ім «спусьцілі зьверху», то навошта траціць велізарныя сродкі на імітацыю выбараў, гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне?

Па-першае, уладам важна пераканаць беларусаў, што прэзыдэнт мае народную падтрымку – кажа палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі. Па-другое, выбары – гэта экзамэн на ляяльнасьць для намэнклятуры. Той раённы начальнік, які «дае яўку і працэнт» і пры гэтым не выклікае абурэньня людзей, мае ўсе шанцы пайсьці на павышэньне.

П. Быкоўскі: Аляксандар Лукашэнка сам сказаў, што будзе вельмі кепска, калі прэзыдэнта падтрымае менш людзей, чым на мінулых выбарах. Ён сам усталяваў плянку, ніжэй за якую нельга скокнуць.

Нарэшце, выбары патрэбныя самой раённай намэнклятуры, каб паказаць сябе й дабіцца павышэньня. «Гэта двухбаковы працэс»,– падсумоўвае Паўлюк Быкоўскі.

Такім чынам, беларусам трэба пазбавіцца ад ілюзіі, што іх галасы лічаць хаця б ва ўчастковых камісіях. Выбары ў Беларусі – гэта «парадны агляд» уладнай вэртыкалі, а не волевыяўленьне народу.


Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт