Logo Polskiego Radia
Print

«Памятайце: ультраправыя не ўратуюць Эўропу!»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.11.2015 14:30
Выбухі, якія скалыхнулі Парыж, могуць моцна адбіцца на Менску, Кіеве ці Рызе.

128 чалавек былі расстраляныя тэрарыстамі на вуліцах Парыжа й загінулі ад выбухаў. Сотні знаходзяцца ў шпіталях. У сталіцы Францыі ўведзена надзвычайнае становішча, на межах краіны адноўлены пашпартны кантроль. Прэзыдэнт Франсуа Алянд аб’явіў трохдзённую жалобу. Несумненна, самы жахлівы тэракт за апошнія дзесяцігодзьдзі моцна адаб’ецца і на жыцьці Францыі, і на палітыцы ўсёй Эўропы.

Ня хочацца разважаць пра прычыны трагедыі й даваць парады палітыкам і вайскоўцам, як гэта цяпер робяць тысячы «экспэртаў» з сацсетак. Хацеў бы найперш выказаць спачуваньні родным ахвяраў і выказаць некалькі асьцярожных меркаваньняў наконт таго, у які бок пойдзе палітыка Францыі, і як выбухі ў Парыжы могуць закрануць жыхароў Усходняй Эўропы.

Перш за ўсё, тэракты прывядуць да росту папулярнасьці крайне правых. Для беларускіх кансэрватараў хачу патлумачыць, што крайне правыя, што ў Францыі, што ў Вугоршчыне, ці Польшчы – гэта не прыхільнікі хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, рынкавай эканомікі ды зьнешняй палітыкі, заснаванай на ідэалах. Ультраправыя – гэта пераважна антымэйнстрым. Гэта людзі, якія будуюць сваю папулярнасьць на крытыцы поглядаў эліты. Калі ранішнія газэты крытыкуюць агрэсіўную палітыку Расеі, хваляць эўраінтэграцыю й кажуць пра неабходнасьць узмацніць вайсковае супрацоўніцтва ў Эўропе – гэтыя людзі будуць патрабаваць разбурыць адзіны рынак ЭЗ, выйсьці з NATO й аддаць Усходнюю Эўропу ў вотчыну Пуціну.

Францыя больш актыўна пачне змагацца зь ісламскім тэрарызмам. Напэўна вайскоўцы ўзмацняць бамбардаваньні пазыцыяў баевікоў у Сырыі, можа нават пачнуць абмяркоўваць разам з калегамі зь іншых краінаў наземныя апэрацыі. Важнасьць Расеі як саюзьніка ўзрасьце. Зьявіцца больш аргумэнтаў для адмены санкцыяў. Украіна, Грузія, краіны Балтыі, Малдова й Беларусь адкоцяцца яшчэ далей на пэрыфэрыю прыярытэтаў зьнешняй палітыкі Францыі.

Аляксандр
Аляксандар Папко

Француская міграцыйная палітыка становіцца ўсё больш строгай зь сярэдзіны 2000-х. Так што ня будзе дзіўным, калі ўрад увядзе больш жорсткія правілы для мігрантаў. Напрыклад, асобам, якія маюць від на жыхарства, стане складаней пасяліць у Францыі сваіх родных. Аб’яднаньне сям’і – гэта падстава для выдачы кожнай чацьвёртай доўгатэрміновай візы. Для параўнаньня, у Польшчы сама наяўнасьць віду на жыхарства не дае вам права прывезьці ў краіну жонку й дзяцей і папрасіць для іх дзяржаўную сацыяльную дапамогу.

Магчыма, вы будзеце зьдзіўленыя, але амаль палову доўгатэрміновых візаў Францыя выдае ня чорнарабочым з арабскіх краінаў ці шматдзетным маці, а студэнтам – у тым ліку з Усходняй Эўропы. Так што ня выключана, што сотням беларусаў, якія вучацца ў Францыі, будзе цяжэй застацца там працаваць – такія перашкоды ўжо на некаторы час уводзіліся ў 2011 годзе.

Напэўна, тэракты прывядуць да павелічэньня выдаткаў на апарат бясьпекі. Гэта наўрад ці палепшыць бізнэс-клімат у краіне, дзе падаткі для фірмаў зьяўляюцца аднымі з самых высокіх у Эўразьвязе. Ня выключана, што будзе расьці папулярнасьць палітыкаў, якія будуць заклікаць «абараніць» францускія фірмы ад канкурэнцыі на эўрапейскім вольным рынку. Верагоднасьць таго, што да іх прыслухаюцца, мінімальная. Але галасы папулістаў стануць гучаць часьцей.

Такім чынам, у выніку трагічных падзей Францыя можа стаць больш закрытай і эгаістычнай, згубіць эканамічны дынамізм. Гэта самы чорны сцэнар, для якога ёсьць падставы. Аднак чорныя сцэнары спраўджваюцца крайне рэдка. Справа ў тым, што нікому ня хочацца жыць у краіне, якая паволі спаўзае ў эканамічны маразм і папулізм.

Ня хочацца думаць, што жахлівыя тэракты прымусяць французаў ізалявацца й дзяліць Эўропу на «сфэры ўплываў». Наадварот, хочацца спадзявацца, што бяда прымусіць Францыю аб’яднацца з суседзямі па эўрапейскім доме. Хочацца нарэшце ўбачыць салідарную, палітычна й вайскова моцную Эўропу, здольную забясьпечыць мір на ўсіх сваіх межах – ад Данбасу й Грузіі па Сырыю.

Хочацца верыць, што знойдуцца людзі, здольныя запэўніць Францыі эканамічнае разьвіцьцё, каб суседзі за морам хацелі пераймаць эўрапейскія ідэі прагрэсу, а не сярэднявечнага варварства. Хочацца верыць, што ў палітыцы будуць дамінаваць тыя, хто ведае, што перад тым, як раздаваць грошы, іх трэба зарабіць. А зарабляць і самаўдасканальвацца прымушае менавіта эканамічная адкрытасьць і канкурэнцыя…

Ня мне, грамадзяніну Беларусі, вучыць французаў. У мяне ёсьць свой дом – у іх свой. У Францыі хапае выдатных эканамістаў, сацыёлягаў, палітыкаў, вайскоўцаў, каб вырашыць уласныя праблемы. Хочацца проста падтрымаць Францыю ў гэты цяжкі момант. Ад пазытыўных пераменаў у іх доме залежыць і наша бясьпека ды дабрабыт. Усе мы жывем у адной Эўропе – даволі невялікім у глябальных маштабах кантынэнце. І выбухі, якія скалыхнулі Парыж, могуць непасрэдна адгукнуцца ў Менску, Кіеве ці Рызе.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт