Logo Polskiego Radia
Print

Бірма пачынае працэс зьмены ўлады

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.11.2015 10:30
  • Бірма пачынае працэс.mp3
Нацыянальная ліга за дэмакратыю, наймацнейшая апазыцыйная партыя ў Бірме, перамагла на парлямэнцкіх выбарах.
Ratusz w dawnej stolicy Birmy - RangunieRatusz w dawnej stolicy Birmy - Ranguniefot. Wikipedia/CC/Sky89

Партыя здабыла 348 мандатаў, што азначае здольнасьць самастойна сфармаваць урад. Вынікі падала бірманская выбарчая камісія.

Нацыянальная ліга за дэмакратыю здабыла абсалютную большасьць месцаў у бірманскім парлямэнце на нядзельных выбарах у гэтай краіне. Паводле апошняга паведамленьня з тамтэйшай ЦВК , Ліга атрымала дастатковую колькасьць дэпутацкіх месцаў, каб магчы самастойна сфармаваць урад, а таксама абраць новага прэзыдэнта краіны. З Бірмы перадае журналіст Польскага Радыё Кшыштаф Рэнік.

Кшыштаф Рэнік: Пасьля выбарчыя працэдуры ў Бірме зацягнуцца на некалькі месяцаў. Цяперашні парлямэнт, дзе дамінуе войска і прыхільнікі з Партыі салідарнасьці й разьвіцьця, будзе працаваць да 30-га студзеня будучага году. Пасьля яго роспуску пачнуць працу дэпутаты, абраныя ў нядзельных выбарах. Іх першай задачай стане выбар прэзыдэнта. Перад гэтым адбудзецца вылучэньне кандыдатаў з боку парлямэнту ды войска. Выбар прэзыдэнта можа адбыцца ў лютым альбо сакавіку. Новы ўрад, якім верагодна будзе кіраваць Аўн Сан Су Чжы, старшыня Нацыянальнай дэмакратычнай лігі, пачне працу 1-га красавіка будучага году. Бірма ня мае досьведу ў мірнай перадачы ўлады. У зьвязку з гэтым важныя дэклярацыі войска, што ўшануюць вынікі народнага галасаваньня. У сваю чаргу Аўн Сан Су Чжы неаднаразова казала, што для яе важна весьці палітыку нацыянальнага адзінства.

Легендарная лідарка бірманскай апазыцыі Аўн Сан Су Чжы не магла марыць пра лепшы падарунак на дзень 5-ай гадавіны свайго вызваленьня. Гэта адбылося 13 лістапада 2010-га году, - гаворыць польскі журналіст Кшыштаф Рэнік.

Кшыштаф Рэнік: Яна правяла пад хатнім арыштам амаль 20 гадоў у выніку рашэньня вайсковай хунты, што кіравала краінай апошнія 50 гадоў. Вайсковыя разумелі, што дачка аднаго з заснавальнікаў бірманскай дзяржавы генэрала Аўн Сана зьяўляецца пагрозай для іх дыктатарскай улады. У 1991 годзе яна атрымала Нобэлеўскую прэмію міра. У сваёй барацьбе за правы чалавека адрынула гвалт і ставіла на нацыянальнае адзінства. Для жыхароў Бірмы стала сымбалем мірнага палітычнага пераўтварэньня.

Пры гэтым частка аналітыкаў зьвяртае ўвагу на тое, што выбарчы посьпех стаў нечаканасьцю для апазыцыі. У іх шэрагах бракуе вопытных палітыкаў. Тут рэцэпт посьпеху палягае на тым, ці змогуць дамовіцца генэралы й войска, якое кантралюе эканоміку Бірмы ды апазыцыя, перакананы экспэрт Аналітычнага цэнтру Польшча-Азія Міхал Любіна.

Міхал Любіна: Выбары часта азначаюць нестабільнасьць, у Бірме цяпер адваротная сытуацыя. Гэта вынікае з таго, што краіна мае сувэрэннасьць, і яе чакае вялікі наплыў замежнага капіталу, што азначае больш грошай, даступных ураду, і лягчэйшыя ўмовы кіраваньня. Напрыклад, хаця б вырашэньне этнічных канфліктаў праз інвэстыцыі ды даплаты ў рэгіёнах нацыянальных меншасьцяў. Найбольшы шанец для Бірмы цяпер палягае ў ейнай папулярнасьці ў сьвеце. Су Чжы – гэта ідэальная асоба, каб прадстаўляць дзяржаву. Яна сапраўдны лідар, які мае высокую культуру, свае ідэалы, за якія заплаціла высокую цану. Яна найлепшы прадстаўнік цяпер для краіны. Аднак посьпех Бірмы будзе залежыць ад кампрамісу паміж Су Чжы ды войскам.

Вынік апошніх выбараў у Бірме – гэта наступства рэформаў, якія пачаліся ў гэтай краіне ў 2010-11 гг. У краіне ідуць эканамічныя ды палітычныя пераўтварэньні. Упершыню ў Бірме можа адбыцца мірная зьмена ўлады. На выбарах 8-га лістапада перамагла апазыцыйная Нацыянальная ліга за дэмакратыю на чале з легендарнай Аўн Сан Су Чжы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт