Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўльтраправыя абвінавачваюць беларускую журналістку ў ачарненьні герояў

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 18.11.2015 13:17
З адкрытым лістом у абарону Валянціны Лаеўскай з Радыё Рацыя выступіў сёньня Алег Латышонак зь Беластока.
Жаўнеры Віленскай брыгады АК. У плашчы камандзір роты Рамуальд Райс "Буры". Фота NAC. Жаўнеры Віленскай брыгады АК. У плашчы камандзір роты Рамуальд Райс "Буры". Фота NAC.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак выступіў з заявай у абарону журналісткі Беларускага Радыё Рацыя Валянціны Лаеўскай. Яе рэпартаж пра забойствы беларусаў Падляшша польскімі антыкамуністычнымі партызанамі ў пасьляваенныя гады, намінаваны на прэмію Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

Радыёрэпартаж Лаеўскай “Я іх бачу” прысьвечаны трагедыі 29-га студзеня 1946 года ў Заляшанах, што на Беласточчыне. Вёска была зьнішчана аддзелам польскага ўзброеннага падпольля „Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego” пад камандваньнем капітана Рамуальда Райса, псэўданім „Буры”.

Рэпартаж выклікаў нямала галасоў крытыкі з боку скрайнеправых СМІ. Парталы kresy.pl, prawy.pl напісалі, што “ІНП намінаваў на прэмію беларускую прапагандыстку”. Кансэрватыўная тэлевізія „Republika” паведаміла, што Лаеўская наўмысна зьбірае факты пра “злачынствы” польскіх партызан, узяўшы слова злачынства ў двухкосьсе. Газэта “Nasz Dziennik” апублікавала інтэрвію з выкладчыкам Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэта прафэсарам Мечыславам Рыбай, які зьвязаў забойствы на Беласточчыне з “калябарацыяй беларусаў з камуністамі”. Вылучэньне рэпартажу Лаеўскай на прэмію ІНП выданьне назвала скандалам.

Алег Латышонак: Можна некаторыя злачынствы апраўдваць ці нават хваліць, але з-за гэтага яны не перастаюць быць злачынствамі. У сем’яў ёсьць права любіць і шанаваць сваіх бацькоў і дзядоў. Зьбіраньне сьведчаньняў пра злачынствы – гэта права й абавязак кожнага гісторыка й журналіста.

“Мы перакананыя, барацьба за свабоду Польшчы не апраўдвае забойстваў і спаленьня жыўцам нявінных мужчын, жанчын і дзяцей, гвалту, рабункаў і выгнаньня людзей з іх уласных дамоў. Вашу публікацыю мы лічым спробай закрыць рот усім, для каго гістарычная праўда зьяўляецца каштоўнасьцю” –гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Сама Валянціна Лаеўская кажа, што яе рэпартаж – гэта сьведчаньні людзей, якія сталі ахвярамі злачынстваў, што адбывалася на гэтай тэрыторыі ў 1944-1946.

В. Лаеўская: Гэта тэма вельмі складаная. Бо ніхто з уладаў камуністычнай Польшчы, ані ўлады ўжо незалежнай Польшчы, ніхто не спрабаваў зразумець трагедыю гэтых людзей. Вёскі, якія былі спаленыя, як Залешаны, Шпакі, Вулька Выганоўская, расправа ў вёсцы Патокі, гэтыя людзі ніколі не атрымалі ніякай дапамогі з боку дзяржавы. На жаль, з гадамі сытуацыя не мяняецца. Людзі баяліся пра гэта гаварыць. Уявіце сабе, што толькі пасьля амаль 50 гадоў блізкія вазакоў даведаліся, дзе ляжаць іх родныя. Але ўлады ПНР ведалі, што з гэтымі людзьмі сталася. І ніхто не паведаміў блізкім, што адбылося, што недзе на могілках у Кліках спачываюць косьці іх сваякоў. А яны чакалі й ня ведалі. Яны выехалі 28 студзеня 1946 года па дровы. Толькі ў 1990-я гады сваякі даведаліся, што іх забілі і што парэшткі знаходзяцца ў Кліхах. Цяпер забітых вінавацяць у тым, што яны былі памагатымі камуністаў. А гэта былі звычайныя сяляне, які ўмелі араць зямлю, сеяць і ня ўмелі ніколі змагацца за свае правы.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы яшчэ ў 2005 годзе рабіў расьсьледаваньне наконт забойства каля 80 беларусаў на Падляшшы ў пасьляваенны гады. У выснове сьледзтва было сказана, што забойствы беларусаў былі злачынствам з прыкметамі генацыду.

Ляўрэатаў прэміі Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назаве напрыканцы лістапада.

дг

Рэпартаж Валянціны Лаеўскай можна паслухаць тут -
http://www.racyja.com/repartaz-rr/ya-ikh-bachu-repartazh-valyantsiny-laeus

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт