Logo Polskiego Radia
Print

Расея пачынае супраць Балгарыі гібрыдную вайну?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.11.2015 15:12
  • fiodarau-ok.mp3
На думку прэзыдэнта Балгарыі, мэта Пуціна - дэстабілізацыя Балканаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Балгарскі прэзыдэнт выказаў боязі, што Расея пачынае супраць Балгарыі гібрыдную вайну, а мэта Ў. Пуціна – дэстабілізацыя ўсіх Балканаў. Адзіная магчымасьць стрымаць Расею – пашырэньне прысутнасьці NATO ў Эўропе. Падобныя погляды выказваюць іншыя лідары дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Здаецца, беларускі кіраўнік таксама бачыць пагрозу з Усходу, хаця залежнасьць ад Расеі не дазваляе яму сказаць гэта наўпрост.

Росэн Плеўнеліеў заявіў у інтэрвію брытанскаму выданьню «Independent», што Расея пачала супраць яго краіны дзеяньні, якія можна назваць гібрыднай вайной. Гэта, па словах прэзыдэнта, масавыя хакерскія атакі на дзяржаўныя сайты Балгарыі. Няшмат краін змагло б зладзіць такія атакі. Да гэтага здольная Расея, – заявіў Плеўнеліеў. І дадаў, што пасьля анэксіі Крыму ў шмат разоў павялічылася таксама колькасьць парушэньняў балгарскай паветранай прасторы расейскімі самалётамі.

Раней Эстонія ды Латвія выказвалі боязі, што яны могуць стаць ахвярамі расейскай гібрыднай вайны. Такі варыянт падзей вельмі верагодны, – палітычны экспэрт Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Фёдараў.

«Расейскае кіраўніцтва не зусім адэкватнае. Яно ўспрыме сьвет праз прызму «чорнае-белае», што гэта гульня з нулявой сумай – калі не выйграеш, то прайграеш. І дзеля аднаўленьня велічы Расеі на сусьветнай арэне яны здольныя на многае».

Усё больш краін апасаецца Расеі, яе агрэсіўнай палітыкі. Ці Беларусь можа паўтарыць лёс Крыму, ці беларускі кіраўнік бачыць небясьпеку з Усходу? Такія словы не гучаць наўпрост з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, але некалькі тыдняў таму была прадстаўлена беларуская ваенная дактрына. Такі дакумэнт распрацоўваецца як правіла тады, калі паяўляюцца новыя пагрозы або могуць паявіцца неўзабаве. Самая імаверная прычына – рызыка гібрыднай вайны ў Беларусі. Адно са сьведчаньняў, што Лукашэнка адчувае пагрозу з Усходу – гэта яго адмова ад расейскай авіябазы, хаця цяжка сказаць, што дакладна мяркуе беларускі кіраўнік., – адзначае А. Фёдараў:

«Некаторыя выказваньні Лукашэнкі сьведчаць аб тым, што ён такой магчымасьці не выключае. На мой погляд небясьпека вельмі вялікая. Уявіце, што санкцыі Захаду супраць Расеі працягнуцца або ўзмацняцца, узровень жыцьця яшчэ болей упадзе, тады лядоўня можа пачаць перамагаць, і будзе патрэбная маленькая пераможная вайна, а хаця б анэксія тэрыторыі, паколькі Расея веліч атаясамлівае з тэрыторыяй. У гэтым сэнсе Беларусь – ідэальная мэта. Яна супраціўляцца ня будзе, бо афіцэрскі корпус або вучыўся з расейскімі калегамі, або служыў з імі, там шмат прадстаўнікоў «расейскага сьвета». Так што небясьпека вялікая».

Ці магчыма, каб NATO адмаўлялася ад разьмяшчэньня сваіх базаў на тэрыторыі краін-сябраў, каб не раздражняць Расею? Пуцін заяўляе, што вядзе апэрацыю супраць тэрарыстаў у Сырыі, такім чынам ён амаль што саюзьнік кааліцыі, якая змагаецца з Ісламскай дзяржавай. Аднак, на думку А. Фёдарава, малаверагодна, каб Пуцін стаў сапраўдным хаўрусьнікам Захаду, паколькі разыходжаньні значна большыя, чым аб’ядноўваючыя фактары. Нават у Сырыі мэты розныя, для Расеі важная падтрымка сырыйскага лідара Башара аль-Асада.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт