Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь шукае замежных партнэраў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.11.2015 13:44
  • І. Губарэвіч.mp3
Беларускія ўлады актывізаваліся ў пошуку новых напрамкаў эканамічнага супрацоўніцтва.
Foto: Pixabay.com/CC0

Апошнім часам беларускія чыноўнікі й дыпляматы праводзяць шэраг сустрэч, мэта якіх – эканамічная супраца. Тым ня менш, Эўропа настойвае на неабходнасьці далейшага прагрэсу ў галіне правоў чалавека й дэмакратыі ў Беларусі.

Пра спробы наладжваньня замежных кантактаў у апошнім часе й новыя напрамкі эканамічнай супрацы мы размаўляем зь беларускім дыпляматам, старэйшым аналітыкам Цэнтра Астрагорскага ў Менску Ігарам Губарэвічам.

Ці прыпыненьне санкцый уплывае на пошук новых напрамкаў у зьнешняй палітыцы Беларусі?

І. Губарэвіч: Беларусь шукае спосабы, як выкарыстаць адмену санкцый, як прасунуць найперш эканамічнае супрацоўніцтва з эўрапейскімі, амэрыканскімі партнэрамі. Амэрыканцы, прыпыняючы санкцыі, падкрэсьлілі, што робяць гэта, каб падняць беларускую эканоміку. Ня менш важнай зьяўляецца падтрымка заходніх краін для атрыманьня крэдыту ад МВФ ды гандаль з традыцыйнымі партнэрамі – Летувой, Польшчай, іншымі эўрапейскімі краінамі. Таксама беларускія ўлады шукаюць новыя рынкі, не забываючыся пра старыя.

Эканамічная матывацыя застаецца галоўнай. Перамовы будуць працягвацца. Заходнія краіны будуць чакаць ад Беларусі чарговых крокаў па дэмакратызацыі, палітычных рэформ. А Беларусь будзе пазьбягаць такіх крокаў і рабіць націск на супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі, міграцыі, супрацьдзеяньня гандлю людзьмі. Будзе працягвацца такі дыпляматычны двубой.

Вяртаючыся да пошуку новых эканамічных напрамкаў, якія гэта краіны?

І. Губарэвіч: Тут вельмі шырокі спэктар. Апошнім часам Беларусь спрабуе паўсюль. Нядаўна быў візыт прэм’ера ў Пакістан. Ёсьць амбітная мэта нарасьціць беларускі экспарт з 60 млн да 1 млрд. Быў візыт у Турцыю. Там плянуецца рост з 600 млн да 1 млрд. Шэйман нядаўна быў у Зімбабвэ й дамовіўся пра ўдзел Беларусі ў шэрагу эканамічных праектаў. Рух ідзе паўсюль. Гэта й Лацінская Амэрыка, Эквадор, азіяцкія краіны, арабскі сьвет.

Беларусь разумее, што нельга класьці яйкі ў адзін кошык. Беларускі ўрад прыняў цэлую праграму пашырэньня экспарту на новыя рынкі. І будзе яе настойліва выконваць.

Ці амбітныя пляны беларускага кіраўніцтва маюць шанцы быць рэалізаванымі?

І. Губарэвіч: Тут ёсьць сумневы. Беларускія ўлады шмат чаго спрабуюць зрабіць адміністрацыйным шляхам. Наколькі гэта будзе пасьпяхова й хутка – ёсьць сумневы, паколькі прасоўваецца найперш прадукцыя гігантаў прамысловасьці – МАЗ, Атлант, БелАЗ. Тут бы шукаць новых тэхналёгій. І шукаць у супрацы з Эўропай. Я не чакаю хуткіх вынікаў ад гэтай палітыкі.

Поўную гутарку з Ігарам Губарэвічам слухайце ў далучаным гукавым файле.

Артыкул аўтара на гэтую тэму можна прачытаць на сайце Цэнтра Астрагорскага:

http://belarusdigest.com/story/europe-insists-human-rights-progress-nuclear-plant-concerns-belarus-foreign-policy-digest-2375

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт