Logo Polskiego Radia
Print

Энэргетычная нястача закранае каля 6,5 млн. палякаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.11.2015 15:29
Праблема моцна зьвязана з тым, у якім будынку пражывае дадзеная сям’я.
pixabay.com

Гэтая сацыяльная зьява ня новая, паколькі на Захадзе Эўропы яе дасьледавалі і апісалі ўжо даўно. Аднак цяпер да гэтай праблемы ўсё больш сур’ёзна падыходзіць Эўрапейскі Зьвяз. Гаворка ідзе пра энэргетычную беднасьць. Гэта іншае паняцьце, чым матэрыяльная нястача, яны не заўсёды назіраюцца разам.

У Польшчы праблему энэргетычнай беднасьці дасьледавалі Інстытут на карысьць экаразьвіцьця, Інстытут структурных дасьледаваньняў ды Інстытут грамадзкіх спраў. У выніку створаны даклад, які апісвае дадзеную грамадзкую зьяву. Вывучэньне праблемы паказала, што маштаб гэтай зьявы ў Польшчы нечакана шырокі. Нельга думаць, што матэрыяльная беднасьць заўсёды ідзе ў пары з беднасьцю энэргетычнай. Гаворыць Дамінік Аўчарэк з Інстытуту грамадзкіх спраў.

Д. Аўчарэк: Праблема моцна зьвязана з тым, у якім будынку пражывае дадзеная сям’я – ці гэта кватэра ў новым будынку ці ў старым будынку, у шматкватэрным доме, ці гэта дом на адну сям’ю. Дарэчы, менавіта ў такіх аднасямейных дамах назіраецца найбольшы адсотак людзей, якіх закранае энэргетычная нястача.

Энэргетычная беднасьць датычыць 17% палякаў. Гэтая зьява можа адмоўна ўплываць на жыцьцё людзей, як на іх агульны стан здароўя, так і функцыянаваньне ў грамадзтве, – дадае Дамінік Аўчарэк.

Д. Аўчарэк: Гэта амаль 6,5 млн. жыхароў нашай краіны. Дадзеная зьява вядзе ня толькі да неэфэктыўнага выкарыстаньня энэргіі, але таксама да іншых адмоўных наступстваў. Перш за ўсё назіраюцца розныя расстройствы фізычнага і псыхічнага здароўя чалавека.

Першай краінай, якая апісала энэргетычную нястачу як асобную зьяву, стала Вялікабрытанія, – распавядае Аляксандра Стэмпняк з Інстытуту на карысьць экаразьвіцьця.

А. Стэмпняк: У Вялікабрытаніі заўважылі, што ў халодную пару году значна павялічваецца колькасьць сьмерцяў. У выніку праведзеных дасьледаваньняў дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што часта сьмерць наступае ў выніку таго, што кватэры, дзе пражываюць людзі, асабліва старэйшыя асобы, проста халодныя, слаба дзейнічае абаграваньне. У такіх памяшканьнях назіраецца павышаная вільготнасьць, часта вокны негермэтычныя, прадзьмуваюцца халодным ветрам. Таксама дзьверы няшчыльная, часам працякае дах дому. І ўсё гэта мае вялізны ўплыў на стан здароўя людзей. Вялікабрытанія была таксама першай краінай, якая апісала паняцьце энэргетычнай беднасьці. Пра зьяву гаворым тады, калі дамашняя гаспадарка прызначае на свае энэргетычныя патрэбы звыш 10% даходаў.

Энэргетычная нястача не заўсёды пакрываецца з беднасьцю эканамічнай, але ў Польшчы сапраўды людзі, якіх закранае энэргетычная беднасьць, належаць да самага беднага пласта насельніцтва, – адзначае Агата Мязга з Інстытуту структурных дасьледаваньняў.

А. Мязга: Асобы, якіх закранае гэты від беднасьці – энэргетычная нястача – маюць даход у сярэднім на 200 злотых меншы, чым тыя людзі, пра якіх мы кажам, што іх закранула матэрыяльная нястача. У выпадку бедных, як энэргетычнай, так і матэрыяльнай беднасьцю, гэта пераважана сужонствы з адным дзіцём, з двума дзецьмі або адзінокія бацькі зь дзецьмі.

Анджэй Касэнбэрг з Інстытуту на карысьць экаразьвіцьця мяркуе, што энэргетычную нястачу магчыма выправіць некалькімі шляхамі. Прасьцей за ўсё выдзеліць дамашняй гаспадарцы датацыю на набыцьцё энэргіі, але такая дапамога не заўсёды да канца вырашае праблему.

А. Касэнбэрг: Іншае вырашэньне – гэта так званая тэрмамадэрнізацыйная прэмія. Цяпер такой прэміяй, прызначанай на лепшае гаспадараваньне энэргіяй, карыстаюцца галоўным чынам жыльлёвыя каапэратывы. Аднак можна было б пашукаць сярод сем’яў, якіх датычыць энэргетычная нястача, асобаў з тэхнічнай адукацыяй і прапанаваць ім дапамогу. А яны далей перадалі б свае веды й уменьні іншым асобам у падобнай сытуацыі. Акрамя таго, дзякуючы пашырэньню ўласных ведаў яны маглі б знайсьці лепшую працу. Дарэчы, часта неабходныя простыя тэхнічныя ноў хаў – напрыклад, не засланяць батарэй або не забудоўваць лядоўню.

Адзін са шляхоў вырашэньня праблемы – пашырэньне таннага ды эфэктыўнага жыльлёвага будаўніцтва, якое разьвівае ўжо шмат гадоў арганізацыя трэцяга сэктару Habitat for humanity. Яна ладзіць працэс будаўніцтва кватэр і дамоў для малазабясьпечаных слаёў насельніцтва. Бальшыню працы на будоўлі выконваюць будучыя жыхары разам з добраахвотнікамі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт