Logo Polskiego Radia
Print

“Нас палохалі, што ў Беларусі страляюць, паўсюль войска і КГБ”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 02.01.2016 10:49
Польскія падарожнікі Пётр і Эва Карвэцкія “захварэлі” Беларусьсю настолькі, што пачалі вазіць туды турыстаў з-за заходняй мяжы.
Эва й Пётр КарвэцкіяЭва й Пётр Карвэцкія

Палякі Пётр Карвэцкі й яго жонка Эва аб’ехалі ўсю Эўропу, Каўказ, палову Афрыкі й ладны кавалак Блізкага Ўсходу. Падарожжы – гэта захапленьне іх жыцця. Самалёты, гатэлі й прыгожыя пляжы з пальмамі й празрыстай вадой – не для іх. Карвэцкіх прыцягваюць мясьціны, якіх традыцыйныя турысты пазьбягаюць – іранскі Курдыстан, Сірыя, Маўрытанія, Бэнін, Малі, Буркіна-Фасо, Тога. Галоўны ключ кожнай трасы – бездараж. Тысячы кілямэтраў яны пераадольваюць на сваім пазадарожніку. У 2005 годзе ў экзатычных краін, якія наведвалі Карвэцкія, зьявіўся сур’ёзны канкурэнт – Беларусь. Яны закахаліся ў яе настолькі, што пачалі вазіць туды польскіх турыстаў.

У размове з Польскім радыё Карвэцкія распавялі, што іх прыцягвае ўсе гэтыя гады ў Беларусь і патлумачылі, як можна павялічыць колькасьць турыстаў у краіну з сёньняшніх 130 тысяч да некалькіх мільёнаў.

/

Нагода наведаць суседнюю краіну не хавала ў сабе інтрыгі. Зь вёскі Асіпаны на Смаргончышне паходзіць бацька пана Пятра, якога ён страціў ва ўзросьце 7 гадоў так і не пасьпеўшы дазнацца больш пра свае карані. Сямейнай гісторыяй ён зацікавіўся тады, калі ў яго самога ўжо былі дарослыя дзеці. 10 гадоў таму ў доме Карвэцкіх упершыню прагучала ідэя наведаць Беларусь.

Пётр Карвэцкі: Жонка вельмі баялася туд ехаць. Мы пастаянна чулі пра Лукашэнку й дыктатуру. Я таксама хваляваўся. Мы ўспрымалі Беларусь, як вельмі таталітарную краіну, зь міліцыяй і войскам на кожным скрыжаваньні.

Першы раз Карвэцкія правялі ў Беларусі чатыры дні. Там яны знайшлі й родную вёску бацькі, і радавое гняздо, дзе як выявілася, Карвэцкія жылі ўжо ад паловы 17 ст. – гэта вёска Поцевічы. Беларусьсю вельмі хутка “захварэла” й жонка.

/

Эва Карвэцка: Спачатку ўсе знаёмыя зьдзіўляліся, маўляў, куды ты едзеш. Там рэжым, міліцыя, няма аніводнага гатэля, нідзе нельга затрымацца. Пераезд мяжы жахлівы, на кожным кроку спыняе міліцыя. Але мае ўражаньні былі абсалютныя іншыя, чым я сабе ўяляла Беларусь. Пасьля кожнага вяртаньня знаёмыя працягвалі пытацца: куды вы езьдзіце, там жа страляюць. А мы зьдзіўлялі іх сваімі адказамі: - Ды не страляюць, там абсалютна нармальна.

Пані Эва кажа, што за 10 гадоў, якія яна з мужам езьдзяць у Беларусі, краіна моцна зьмянілася ў лепшы бок.

Эва: Беларусь вельмі папрыгажэла. Воблік мястэчак і гарадоў пахарашэў. Мы не сустрэлі людзей, якія б зрабілі нам нешта кепскае. Нас паўсюль сустракалі вельмі сардэчна. За ўсе гэтыя гады не адбылося аніводнай прыкрай гісторыі, якая б прымусіла нас расчаравацца ў Беларусі.

А выпрабаваньняў кожная паездка прыносіць нямала. Маршрут Карвэцкіх па Беларусі вядзе не праз асфальтаваную “алімпійку” і арганізаваныя экскурсіі па Мірскім замку ды начлегі ў гатэлях. Пётр і Эва наўмысна абіраюць трасы праз вёскі, лясы, палявыя дарогі й балоты. Цымус не толькі ў адрэналіне. У беларускай бездаражы яны шукаюць сьляды Вялікага княства літоўскага і апошніх сьведкаў даваеннай эпохі.

Пётр: Гэты сьвет, якім мы бачым, вёскі й мястэчкі, праз 10-15 гадоў яго ня будзе. Гэта апошні момант, калі гэтыя людзі могуць распавесьці пра культуру й звычаі часоў, калі яшчэ не было калгасаў. Праз 15 гадоў такіх гісторый ужо больш ніхто не раскажа. Старая беларуская вёска памірае на нашых вачах. За дзесяць гадоў у некаторых вёсках, дзе жыло па 100 чалавек, засталіся 2-3 жылыя дамы. Гэтыя людзі распавядаюць мне фантастычныя гісторыі. А новым суседзям, украінцам, казахам, яны нецікавыя, ім нецікава, што там адбывалася 100 ці 200 гадоў таму. Яны эмацыйны не зьвязаныя з гэтай зямлёй, яны не адчуваюць там сваіх каранёў. Я акурат хачу адчуць свае карані, таму ўва мне ёсьць патрэба размоў, сустрэч і збору інфармацыі.

/

Гэтая сувязь зь Беларусьсю стала настолькі моцнай, што Карвэцкія вырашылі падзяліцца ёю зь іншымі. Ад верасьня яны ладзяць паездкі польскіх турыстаў у Беларусь. У кожнай вандроўцы бярэ ўдзел каля 3-4 джыпаў. Дзякуючы камэральнасьці груп не губляецца непаўторная атмасфэра, кажа пан Пётр.

Трасу для паездак ён распрацаваў сам. З Горадні караван едзе у Багатыровічы, дзе жылі героі раману Элізы Ажэшкі. Там група наведвае яе музэй і затым зь Ліды едзе ў Ашмяны. Праз Жупраны, дзе пахаваны Францішак Багушэвіч, удзельнікі вандроўкі едуць у Кушляны. Карвэцкі дбае пра тое, каб заўсёды ехаць па неасфальтаваных дарогах, каб бачыць навакольныя вёскі. У Кушлянах яны наведваюць музэй Багушэвіча й сымбалічны камень Мацея Бурачка ў лесе. Потым шлях вядзе праз былую татарскую вёску Наздрачуны праз Чыжыкі, татарскія асады Гамзічы, Татаршчыну, Асаны. Адтуль Карвэцкія і Co едуць у Крэва, а потым у Валожын.

Пётр: Некалькі дзён мы праводзім у Налібацкай пушчы. Наведваем нават Музэй Фэлікса Дзяржынскага. Праз пушчу мы едзем у Наваградак. Мір, Нясьвіж. Гэта ўжо культавыя помнікі. Але іх таксама трэба пабачыць.

/

Другая траса вядзе таксама праз Кушляны- у Залесьсе, у музэй Агінскага. Як толькі летась Карвэцкія дазналіся пра адкрыцьцё музэя, то селі ў машыну й адразу паехалі туды. Як выявілася, яны былі першымі замежнымі госьцямі ў музэі. Адтуль група едзе ў Смаргонь і знаёміцца там з гісторыяй Мядзьведжай акадэміі. Потым у праграме: касьцёл у Гервятах і Солах. Апошні, дарэчы, быў пабудаваны дзякуючы ахвяраваньням сястры дзеда Карвэцкага.

“Беларусь цікавая не толькі тым, хто мае там карані, кажа пані Эва - Гэта краіна з цікавымі замкамі, палацамі, прыродай, кухняй, фальклёрам. І пасьля паўзы дадае – “Паверце, людзям патрэбныя ня толькі горы й мора”.

Да пераліку козыраў Беларусі далучаецца пан Пётр. Ён кажа, што першае на што “клююць” турысты - гэта зачыненасьць і таямнічасьць Беларусі. Аднак на месцы яны прыходзяць у захапленьнне ад убачанага й пачынаюць глядзець на краіну з іншай пэрспэктывы.

Пётр: Мы езьдзім сьцежкамі па лясах, каля былых фальваркаў, праз хутары. Пагоркі ў ваколіцы Крэва – гэта фантастыка. Тут руіны, тут малая вёска, там старыя могілкі, дзе паміж дрэвамі стаяць 200-гадовыя крыжы. Гэта ўсё стварае неверагодную атмасфэру. Нядаўна я быў у Налібацкай пушчы. Гэта, на жаль, яшчэ недаацэненая мясьціна з пункту гледжаньня турызма. Мы начуем у лесьнічоўцы на акраіне пушчы. Затым мы едзем праз балоты. Наш памочнік, былы лясьнік, дзівіцца й кажа, што нават беларускія трактары не здольныя тудою праехаць. Праз гэтыя балоты й лясы, дзе часам можна сустрэць зубра, ласёў. Неяк пад Ашмянамі я пабачыў статак больш як 100 коней, якое гойсала па полі і лесе. Гэта неверагодная карціна. У Польшчы я ніколі не бачыў нічога падобнага.

/

Паводле Карвэцкіх, Беларусь – гэта не месца для звычайнага турыста, які едзе паляжаць на пляжы. Гэта штосьці для тых, хто шукае прыгоды, дзікасьць, аўтапрабег, гісторыю.

Адзінае, чаго не хапае турыстам у Беларусі, гэта адсутнасьць у вёсках душа й туалета. Аднак гэтыя недахопы кампэнсуюцца іншымі рэчамі.

Эва: У Беларусі нас кормяць на ўбой. Калі мы вяртаемся дадому, то нашыя жываты лопаюць. Гэта іншая дыета, чым у нас. На сьняданьне бульба, скварка, яйка са сьмятанай. У верасьні з намі была пара з Сілезіі. Калі яны пабачылі колькасьць ежы, якую ім паставілі нас стол у аграсядзібе ў Поцевічах, то яны сказалі, што гэтага проста не рэальна асіліць. Яны там вохкалі ад перасыту. Усё вельмі сьвежае й смачнае. Не адчуваецца ніякай хіміі.

Некаторыя пасьля вяртаньня пачынаюць плянаваць самастойнае падарожжа ў Беларусь разам са сваімі дзецьмі.

Але свае вандроўкі ў Беларусь разам з турыстамі Карвэцкія бізнэсам не лічаць і мяркуюць, што зарабляць на гэтым грошы пакуль не ўдасца. Зрэшты, такой мэты яны перад сабой і не ставяць.

Пётр: Я ўжо наеўся бізнэсу. Летась я прадаў частку сваёй справы, якая забірала ў мяне шмат часу. І цяпер я раблю тое, што мне падабаецца, што мне прыносіць радасьць. Тое, што мяне натхняе. Паездкі з турыстамі, якія нешта ды заплоцяць, гэта хутчэй нагода для мяне каб туды езьдзіць і знаёміцца з новымі рэгіёнамі бясплатна. То бок яны плоцяць за маё хобі.

/


Да свайго хобі пан Пётр ставіцца надзвычай адказна. Перад тым, як уносіць зьмену ў трасу, ён мусіць наперш пабываць там сам. Начуе ў пушчы, робіць сплыў па рацэ й толькі пасьля гэтага вязе туды гасьцей. Нават гарэлку ён заўсёды каштуе сам перад тым, як пачаставаць ёю турыстаў.

У наступным годзе Карвэцкія хочуць значна пашырыць прапанову для турыстаў. Разам зь беларускімі пасіянарыямі яны хочуць арганізоўваць шпацыры па балотах, назіраньне за птушкамі, сплыў па рэках, адпачынак на возеры. Геаграфія падарожжаў пашырыцца на ўсю Беларусь.

Масавы турызм Карвэцкіх не цікавіць. Яны хочуць працягваць вазіць у Беларусь камэральныя групы. Людзей, якія сапраўды хочуць пазнаёміцца зь Беларусьсю. Каб вярнуўшыся, яны маглі распавесьці іншым пра гісторыю, культуру, прыроду, кухню й заахвоціць новых цікаўных наведваць Беларусь. Часта гэтаму замінае бюракратыя зь беларускага боку, прызнаюцца Карвэцкія. Гэта й візы, якія даводзіцца чакаць па 5 дзён і амаль 100%-ая калектыўнасьць падарожжаў турыстаў па Беларусі. А атрымаць візу для індывідуальнага турыста, які ў Заходняй Эўропе ўжо зьяўляецца асноўнай формай турызма, у Беларусі - вельмі складаная працэдура. Апрача візаў турысты абавязаныя мець ваўчары. Такія аб’ёмы дакумэнтаў вельмі часта палохаюць патэнцыйных турыстаў, гаворыць пан Пётр.

/

Не так даўно консульствы сталі патрабаваць дакладную турыстычную трасу й доказ аплаты трасы яшчэ перад атрыманьнем візы. Паводле назіраньняў Карвэцкіх, гэта практычна забіла турыстычны рух. “Беларускія чыноўнікі не ведаюць, як правільна падысьці да пытаньня турызма, яны стараюцца працаваць старымі савецкімі мэтадамі, а гэта толькі пагаршае справу” - кажа пан Пётр і дадае, што ў Францыю, напрыклад, штогод прыяжджае 86 мільёнаў турыстаў, у Гішпанію 68 млн.

Пётр: Калі б гэта я быў адказным за разьвіцьцё турызму ў Беларусі, то за год, нават без ліквідацыі візавага рэжыму, я б павялічыў колькасьць турыстаў з сёньняшніх 130 тысяч да некалькіх мільёнаў. Палова польскай сьвядомасьці знаходзіцца ў Беларусі, а палова сьвядомасьці беларусаў – на захадзе. За стагодзьдзі мы культурна ўзаемапранікалі. Для палякаў няма бліжэйшага народа, чым беларусы й наадварот. Калі я бачу, што каля культавых месцаў нашай супольнай гісторыі няма аўтобусаў і аўтамабіляў з польскімі нумарамі, то мяне ахоплівае роспач.

Але для роспачы ў Карвэцкіх мала часу. Трэба дапамагаць Беларусі даганяць Гішпанію й Францыю па турыстычным руху. Яны ўжо працуюць над новымі маршрутамі і ў лютым вязуць у Беларусь чарговую групу турыстаў.

Дзьмітры Гурневіч

Фотаздымкі з уласнага архіву Карвэцкіх.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт