Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі фільм пра «высакародны» НКУС

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.01.2016 16:47
Жаўнеры АК рабуюць, забіваюць і гвалтуюць, у абарону народу выступаюць савецкія спэцслужбы – беларускае МУС імкнецца з дапамогай кінастужкі аднавіць культ НКУС.
foto: www.people.onliner.by

Кінафільм, пад рабочай назвай «Сьляды на вадзе», будзе гатовы напрыканцы гэтага году. Праект «Беларусьфільма» паўстае на 100-я ўгодкі ўзьнікненьня беларускага МУС.

«Акцыя разыгрываецца ў 1947 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе міліцыя змагаецца з бандытамі», – ляканічна заяўляе дзяржаўны кінэматограф.

Сцэнарый паўстаў на падставе дэтэктыва, аўтарам якога зьяўляецца міліцыянт на пэнсіі Мікалай Ільінскі. Падзеі разыгрываюцца ў Парэччы, дзе саветы шукаюць былога нацысцкага агента й вядуць заядлыя баі супраць польскага падпольля. У кніжцы зьяўляюцца вядомыя польскія камандзіры АК: «Пануры», «Рагнэр» (Ragner), «Котвіч», якіх паказваюць як крайне адмоўных людзей.

У Ільінскага «Пануры» памірае ад стрэлу свайго камандзіра ўлетку 1947 году пасьля сваркі, хто першым згвалціць 17-гадовую дзяўчыну. А папраўдзе «Пануры», капітан Ян Піўнік (Jan Piwnik) праславіўся, між іншым, акцыяй на турму ў Пінску, і загінуў падчас баёў з фашыстамі на Гарадзеншчыне летам 1944 году.

«Аўтар дэтэктыва ў асноўным прымяняе фікцыю, але ў такой сытуацыі ён не павінен уводзіць рэальных людзей. Нельга скажаць фактычныя падзеі, гэта сьвядомая маніпуляцыя й ачарненьне», – кажа выданьню «Gazeta Wyborcza» гісторык Ігар Кузьняцоў. І дадае: «20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі - гэта 20 гадоў размываньня памяці аб рэпрэсіях. Усё больш маладых беларусаў лічаць, што пры Сталіне не было аж так дрэнна. Відавочна, было вырашана, што падышоў час, і грамадзтву можна навязаць новую карціну НКУС – адважных, адданых Радзіме герояў».

Цяперашні кіраўнік беларускага МУС 48-гадовы генэрал Ігар Шуневіч вядомы сваім захапленьнем сталінскімі спэцслужбамі. Калі ў 2012 годзе ён узначаліў Міністэрства ўнутраных спраў, увёў культ НКУС. У мінулым годзе на ваенным парадзе з нагоды сьвята Перамогі Шуневіч выступіў у форме энкавэдзіста.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт