Logo Polskiego Radia
Print

«Расея ня можа прадухіліць адасабленьня Беларусі» – палітоляг

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.02.2016 20:24
С. Богдан: «Масква можа рэзка падняць цэны на газ. Але вынікам гэтага стануць падзеі, жыцьцёва небясьпечныя для самой Расеі...»
Помнік Леніна на Плошчы незалежнасьці ў Менску. Помнік Леніна на Плошчы незалежнасьці ў Менску. pixabay.com

«Менск стараецца палепшыць адносіны з апанэнтамі Расеі», – піша на старонках англамоўнага часопісу «Belarusian Digest» аналітык Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан. Наперакор Крамлю, Беларусь разьвівае ваеннае супрацоўніцтва з Украінай, арабскімі дзяржавамі й Кітаем. Навошта Менск так робіць? Чаму беларускія ўлады не баяцца гневу Масквы? Пра гэта зь Сяргеем Богданам размаўляе Аляксандар Папко.

«Менск адмаўляецца падтрымліваць Маскву ў яе дзеяньнях ва Ўкраіне й Сырыі», – піша ў сваім нядаўнім артыкуле экспэрт Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан. Больш за тое, Аляксандар Лукашэнка разьвівае вайсковае супрацоўніцтва з апанэнтамі Расеі.

Міністар унутраных справаў Украіны два месяцы таму прадставіў публіцы бронеаўтамабіль «Варта», спраектаваны «ў супрацоўніцтве зь беларускімі інжынерамі». Аналітыкі ва Ўкраіне пішуць, што беларускія абаронныя заводы дапамагаюць вырабляць супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, гранатамёты, пастаўляюць ва Ўкраіну дэталі для авіятэхнікі, не гаворачы ўжо пра дызэльнае паліва й паліва для самалётаў.

Супрацоўніцтва з украінскімі ўладамі не магло застацца па-за ўвагай Масквы. Пракрамлёўскія аналітыкі ня толькі заяўляюць, што Аляксандар Лукашэнка дапамагае «кіеўскай хунце», але нават абвінавачваюць Менск у пастаўцы зброі баевікам так званай Ісламскай дзяржавы. Гэтыя абвінавачваньні абсалютна абсурдныя – кажа палітоляг Сяргей Богдан.

Сяргей
Сяргей Богдан

С. Богдан: Беларусь даўным-даўно супрацоўнічае з Катарам і Турцыяй. Нядаўна беларускі самалёт з ваенным грузам «знайшоўся» ў Саудаўскай Арабіі. Аднак гэтае супрацоўніцтва ніякім чынам нельга зьвязваць з тэрарыстычнымі групоўкамі. Мы маем дачыненьне са зласьлівай інтэрпрэтацыяй фактаў.

Вайсковае супрацоўніцтва з Украінай не прыносіць Беларусі мільярдных прыбыткаў. Затое можа прынесьці мільярдныя страты, калі Расея вырашыць пакараць Лукашэнку за неляяльнасьць. Чаму ж беларускае кіраўніцтва рызыкуе? «Калі гаворка ідзе пра захаваньне Беларусі як самастойнай дзяржавы, грошы ня маюць значэньня», – адказвае Сяргей Богдан.

С. Богдан: На мінулым тыдні Ўладзімір Пуцін фактычна паставіў пад пытаньне постсавецкія межы. Ён заявіў, што іх можна мяняць – як гэта было зроблена ў Данбасе альбо Крыме. У Менску разумеюць, што «ястрабы» з Масквы могуць захацець паўтарыць тое, што яны ўжо аднойчы зрабілі ва Ўкраіне. Зразумела, беларускае кіраўніцтва думае, да каго можна будзе зьвярнуцца ў такой сытуацыі. Яно разбудоўвае альтэрнатыўныя сувязі й перш за ўсё сувязі зь дзяржавамі рэгіёну.

Акрамя Ўкраіны, Беларусь вядзе вайсковае супрацоўніцтва з іншым канкурэнтам Расеі – з Кітаем. Самым вядомым сумесным праектам стала ракетная сыстэма залпавага агню «Палянэз». Беларусь пераарыентавалася на Кітай і ў касьмічнай галіне. Беларускі спадарожнік, запушчаны ў студзені гэтага году, адправіўся на арбіту з кітайскага касмадрому, а не з расейскага.

Акрамя страху перад агрэсіяй з боку Расеі, іншая прычына прымушае Беларусь пераключыцца на Ўкраіну й Кітай. Расея з 2010 году згортвае вайсковае супрацоўніцтва зь Менскам. Просьбы беларускага ўраду аб пастаўцы ракетаў і авіяцыйнай тэхнікі не знаходзяць водгуку. Уладзімір Пуцін ужо даўно не глядзіць на Беларусь як на саюзьніка, зь меркаваньнем якога трэба лічыцца – мяркуе Сяргей Богдан.

С. Богдан: На маю думку, Пуцін паставіў задачу не будаваць імпэрыі са шматлікімі васаламі й саюзьнікамі, а павялічыць саму Расею. Ён хоча пабудаваць Расею ў выглядзе вялікай дзяржавы расейскай нацыі. Таму Крэмль у апошняе дзесяцігодзьдзе ўсё менш і менш разглядае Беларусь як свайго хаўрусьніка. Калі яна ня можа за нешта заплаціць – ёй проста нічога не даюць.

Ці адпомсьціць Крэмль Менску за неляяльнасьць? Расея вельмі лёгка можа зьнішчыць эканоміку Беларусі, але гэта прывядзе да непрадказальных наступстваў для самой Расеі – перакананы Сяргей Богдан.

С. Богдан: Рычагоў ціску ў Расеі застаецца вельмі мала. Сапраўды, Масква можа рэзка падняць цэны на газ і скараціць пастаўкі нафты. Але вынікам гэтага стануць падзеі, жыцьцёва небясьпечныя для самой Расеі. Каляпс інстытутаў дзяржавы ў Беларусі нічога добрага не прынясе – у тым ліку й самой Расеі.

На думку палітоляга, Масква проста ня ўстане зьвергнуць Лукашэнку. Як разбурэньне рэжыму Лукашэнкі ў выніку эканамічнай блякады, так і спроба анэксаваць Беларусь паводле «крымскага сцэнару» абернуцца катастрофай для самой Расеі. У такім выпадку Ўладзіміру Пуціну нічога не застаецца, як назіраць за «фінляндызацыяй» Беларусі. Беларусь ператвараецца ва ўсё больш самастойнага гульца, які пакрысе ўзмацняе сваю дзяржаўнасьць – падсумоўвае палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт