Logo Polskiego Radia
Print

Зьявіўся шанец на паразуменьне па транзыце паміж Польшчай і РФ

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.02.2016 15:37
Ці Польшча й Расея дамовяцца наконт грузавых перавозак яшчэ на бягучым тыдні?
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Учора польскае Міністэрства інфраструктуры й будаўніцтва атрымала расейскія прапановы па справе грузавых перавозак. Расейскі бок выказаў таксама жаданьне сустрэцца з прадстаўнікамі польскага боку яшчэ на бягучым тыдні, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

Асьцярожна да расейскіх прапановаў ставяцца польскія перавозчыкі. Старшыня Зьвязу працадаўцаў „Транспарт і лягістыка” Мацей Вроньскі лічыць, што перад вызначэньнем чарговага тэрміну сустрэчы абодвух бакоў варта высьветліць сумневы, каб паседжаньне зноў не закончылася тупіком.

Падобную думку прэзэнтуе таксама польскае ведамства.
„Важна, каб рашэньні, якія мы абмяркоўваем, ня мелі часовага характару, але вызначылі супрацу ў галіне транспарту на бліжэйшыя гады”, - паясьняе віцэ-міністар Ведамства інфраструктуры й будаўніцтва Ежы Шміт.

Тым часам паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, у 2015 годзе польскі экспарт у Расею зноў упаў. Са студзеня па лістапад яго вартасьць склала 20 мільярдаў злотых, то бок на 27% менш, чым у 2014 годзе. Паводле экспэртаў, пэрспэктывы на бягучы год таксама не выглядаюць лепш, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт