Logo Polskiego Radia
Print

«Без палітычных рэформаў расейская эканоміка ня мае шанцаў»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.04.2016 20:05
  • Без палітычных рэформаў расейская эканоміка ня мае шанцаў.mp3
Якія высновы з распаду СССР не зрабіла Расея? – пра гэта распавялі ў Варшаве вядомыя расейскія і польскія эканамісты.
Эканамісты Рафал Антчак, Станіслаў Гамулка, Яўгеній Гантмахер і Дзьмітры Травін, а таксама публіцыст Гжэгаж Сьлюбоўскі на дыскусіі "Ці засвоіла Расея спадчыну Гайдара?" Эканамісты Рафал Антчак, Станіслаў Гамулка, Яўгеній Гантмахер і Дзьмітры Травін, а таксама публіцыст Гжэгаж Сьлюбоўскі на дыскусіі "Ці засвоіла Расея спадчыну Гайдара?"

Расея не зрабіла высноваў з распаду эканомікі СССР. Таму яе чакае працяглая стагнацыя, пасьля якой краіна будзе вымушаная прайсьці да канца шлях, не пройдзены на пачатку 90-х гадоў. Такую ацэнку далі вядомыя эканамісты, якія сабраліся ў Варшаве на прэзэнтацыю польскага выданьня кнігі Ягора Гайдара «Гібель імпэрыі». На дыскусіі пабываў Аляксандар Папко.

Эканамічная дэградацыя й распад СССР не былі выпадковасьцю ці вынікам чыёйсьці злой волі – даказваў у адной са сваіх апошніх кнігаў расейскі эканаміст Ягор Гайдар. На старонках «Гібелі імпэрыі» ён апісаў, як індустрыялізацыя й калектывізацыя ў СССР стварылі эканоміку, якая ня толькі не магла выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, але й нават не магла забясьпечыць насельніцтва харчаваньнем.

Кніга
Кніга Ягора Гайдара "Гібель імпэрыі" выйшла ў перакладзе на польскую мову.

Многія праблемы позьняга Савецкага Саюзу захаваліся ў сучаснай Расеі – пісаў Гайдар. З гэтым меркаваньнем згодны аўтар польскіх эканамічных рэформаў Лешак Бальцэровіч. У пэрыяд кіраваньня Ўладзімера Пуціна расейская эканоміка шмат у чым вярнулася ў гарбачоўскія часы, калі рынак суіснаваў з велізарным неэфэктыўным дзяржаўны сэктарам. Такая сыстэма дазваляе дзяржаўным чыноўнікам і алігархам рабіць «лёгкія грошы», аднак забівае канкурэнцыю, эфэктыўнасьць і эканамічнае разьвіцьцё.

Яшчэ перад увядзеньнем заходніх санкцыяў расейская эканоміка скачвалася ў крызыс – зазначае Лешак Бальцэровіч. І новай камандзе рэфарматараў, якая захоча выцягнуць расейскую эканоміку з рэцэсіі, прыйдзецца зрабіць «хатняе заданьне», ня зробленае дваццаць гадоў таму.

Л. Бальцэровіч: Рэфарматары павінны мець ясную мэту й імкнуцца да яе. Гэтая мэта павінна азначаць, што ў Расеі неабходна мець нашмат больш сапраўднай прыватнай уласнасьці і свабоднага рынку, чым было дагэтуль. Дасягненьне гэтай мэты патрабуе зусім іншай дзяржавы. Такой, якая будзе бараніць правы ўласнасьці ўсіх, а не толькі групы «выбраных» асобаў. Для выхаду расейскай эканомікі з крызысу патрэбная глыбокая палітычная рэформа.

Якія ўрокі з часу распаду СССР не вывучыла кіраўніцтва сучаснай Расеі? Расейскі ўрад не засвоіў, што для разьвіцьця патрэбная эканамічная й палітычная свабода – кажа былы міністар сацыяльнага разьвіцьця Расеі Яўгеній Гантмахер.

Яўгеній
Яўгеній Гантмахер

Я. Гантмахер: Свабода – не абстрактнае слова. У расейскай эканоміцы вельмі не хапае свабоды – я маю на ўвазе канкурэнцыю. Дзяржава ў Расеі кантралюе ў той ці іншай форме ледзь не 70% нашай эканомікі. У нас дрэнна разьвіты малы бізнэс. Галоўную ролю адыгрываюць буйныя кампаніі. У нас звышцэнтралізаваная ўлада, мясцовае самакіраваньне існуе на вельмі нізкім узроўні. Я ўжо не кажу пра палітычныя свабоды – гэта рэч агульнавядомая.

Паводле экспэртаў расейскага міністэрства фінансаў, калі рэформы ў эканоміцы ня будуць праведзеныя, то Расея ня будзе мець эканамічнага росту на працягу 10-15 гадоў.

Якія зьмены патрэбныя, каб выцягнуць расейскую эканоміку з ізаляцыі й доўгага крызысу? Насамрэч, патрэбная адна рэформа – рэформа дзяржаўнага кіраваньня, кажа Яўгеній Гантмахер.

Я. Гантмахер: Патрэбная дэцэнтралізацыя ўлады, перавод на мясцовы ўзровень шматлікіх паўнамоцтваў і грошай (я маю на ўвазе падаткі). Патрэбная незалежная судовая сыстэма. Патрэбны сыход дзяржавы з эканомікі. Дзяржава павінная не кіраваць прадпрыемствамі, а займацца рэгуляваньнем, кантролем, зборам падаткаў. Гэта патрабуе абсалютна іншага ўстройства дзяржавы. Я ўжо не кажу пра тое, што краіне патрэбнае разьдзяленьне ўладаў, моцны парлямэнт. Такія перамены дзяржавы патрабуюць таксама новых кадраў. А зьмены ў эканамічнай палітыцы, зьнешняй палітыцы, сацыяльнай палітыцы наступяць якраз тады, калі адбудуцца зьмены ў дзяржаўным кіраваньні.

Аднак рэформаў у Расеі ў бліжэйшыя 10 гадоў ня будзе. Краіна будзе скачвацца ў брэжнеўскі застой – пэсымістычна прагназуе дэкан эканамічнага факультэту Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Пецярбургу Дзьмітры Травін.

Дзьмітры
Дзьмітры Травін

Д. Травін: У бліжэйшыя гады будуць падаць рэальныя даходы насельніцтва. Хутчэй за ўсё, у Маскве й Пецярбургу будзе нашмат менш праблемаў, чым у іншых рэгіёнах. У нас, згубіўшы працу, можна яе знайсьці. А ў малых гарадах, дзе адно-два малых прадпрыемствы, будуць вельмі сур’ёзныя праблемы. Даходы насельніцтва ўпадуць на нейкае «дно» і будуць даволі доўга на ім знаходзіцца. Аднак я не чакаю, што гэта прывядзе да сур’ёзных сацыяльных выбухаў, таму што ўмоваў, падобных да тых, якія прывялі да рэвалюцыі 1917 году, у Расеі няма.

Бедная і аўтарытарная Расея здольная на непрадказальныя крокі, кшталту анэксіі Крыму. Таму суседзям (Беларусі, Украіне ці краінам Балтыі) трэба быць вельмі асьцярожнымі – папярэджвае прафэсар Травін.

Д. Травін: Расейскае кіраўніцтва можа прымаць вельмі непрадказальныя рашэньні. Я не зьдзіўлюся, калі нешта падобнае да Крыма адбудзецца яшчэ раз, праўда, не бяруся прадказаць, дзе й калі гэта адбудзецца. Па-другое, Расея, якая імкліва бяднее, ня зможа падтрымліваць таннымі энэрганосьбітамі рэжым Лукашэнкі так, як яна рабіла некаторы час таму. Зь іншага боку, мне падаецца, што для заходніх палітыкаў Лукашэнка сёньня не выглядае так страшна, як Пуцін. Таму беларускае кіраўніцтва атрымлівае дадатковы козыр. Украінскія лідары таксама выглядаюць нашмат лепш за расейскіх, хоць ва Ўкраіне страшная карупцыя й развал эканомікі. Так што крызыс у Расеі прыносіць суседзям як плюсы, так і мінусы.

«Без палітычных зьменаў у Расеі пэрспэктываў для расейскай эканомікі няма», – заявіў прафэсар Травін. Аднак надзеі на тое, што эканамічны крызыс выкліча народныя хваляваньні й прымусіць Пуціна ды яго паплечнікаў сысьці, расейскія эканамісты лічаць наіўнымі. Бунты могуць успыхнуць у правінцыйных гарадах. Аднак лёс краіны залежыць ад Масквы й Пецярбурга, дзе верагоднасьць сацыяльных пратэстаў надзвычай нізкая.

Прыхільнікам дэмакратычнай і рынкавай Расеі застаецца спадзявацца на перамены ўнутры расейскай эліты. Гэта не такая ўжо ўтопія. Перабудову ў СССР былі вымушаныя рабіць Гарбачоў і Ельцын, якія належалі да вышэйшага кіраўніцтва КПСС – нагадваюць экспэрты.

Аляксандар Папко

На
На дыскусію пра мінулае й будучыню расейскай эканомікі прыйшлі дзесяткі чалавек.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт