Logo Polskiego Radia
Print

Астапеня: МФВ хоча, каб Менск узяў на сябе нарэшце адказнасьць за рэформы

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 20.04.2016 15:15
  • Палітычнае люстэрка.mp3
Фіяска беларускай дэлегацыі ў паседжаньні Рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду камэнтуе аналітык Цэнтра Астрагорскага.
Рыгор АстапеняРыгор Астапеня

У мінулыя 7 дзён улады ўзмацнілі перасьлед сваіх апанэнтаў, Аляксандар Лукашэнка зьдзівіў камэнтатараў сваёй дыпляматычнай актыўнасьцю, а беларускае грамадзтва паказала невялікі цуд салідарнасьці. Візыт Лукашэнкі ў Турцыю, «аксамітныя рэпрэсіі» супраць журналістаў і дапамога «народнаму чэмпіёну» Віталю Гуркову – тэмы сёньняшняга «Палітычнага Люстэрка». У студыі – Дзьмітры Гурневіч і аналітык Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.

13 красавіка беларускае грамадзтва паказала цуд салідарнасьці. Усяго за пяць гадзінаў звычайныя людзі сабралі 3 тысячы эўра, патрэбныя для паездкі вядомага беларускага тайбаксёра Віталя Гуркова на Чэмпіянат сьвету. Гэта адбылося ў той самы дзень, калі Інтэрнэт абляцела зьвестка, што Мінспорту звольніла Віталя Гуркова за ўдзел у рок-гурце Brutto. Ці беларускае грамадзтва здольнае да такой салідарнасьці й самаарганізацыі, як напрыклад, украінскае часоў Майдану? Якія высновы з няўдалай спробы пакараць Гуркова зробяць улады?

Р. Астапеня: Мне падаецца, што справа Віталя Гуркова – гэта прыклад таго, як можа быць салідарнае беларускае грамадзтва. Гэта салідарнасьць зь лёгкім налётам палітызаванасьці, але якая не нясе пагрозу тым людзям, якія салідарныя. Мы бачым, што сёньня ў нашым грамадзтве адбываецца шмат краўдфандынгавых кампаній. І падтрымка для Ўкраіны, і падтрымка культурных праектаў. Можна ўзгадааць хвалю салідарнасьці, якая была пасьля Плошчаў 2006 і 2010 года. Гэта моцны ўдар па Мінспорту, якое доўгі час лічыла, што яно ўсім кіруе. Цяпер яны бачаць, што грамадзкая салідарнасьць мае вялікае значэньне. Калі гэта параўноўваць да Ўкраіны, то думаю, што ўкраінцы самі да Майдана ня ведалі, наколькі яны могуць салідарнымі.

Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні працягваў зьдзіўляць сваёй міжнароднай актыўнасьцю. 14 красавіка ён наведаў саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Што цікава, прыляцеў ён туды па запрашэньні турэцкага прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Як паведамляюць беларускія дзяржаўныя СМІ, Эрдаган і Лукашэнка абмеркавалі павелічэньня турэцкіх інвэстыцыяў у Беларусь і разьвіцьцё турызму. Аднак можна з высокай верагоднасьцю меркаваць, што кіраўнікі краінаў абмяркоўвалі і зьнешнепалітычныя пытаньні. Ці паплывуць у Беларусь турэцкія грошы? Ці Турцыя пасябравала зь Беларусьсю, каб ушчыкнуць Расею? Ці пры дапамозе Турцыі Аляксандар Лукашэнка мае шанец стаць міратворцам у Карабаху?

Р. Астапеня: Я ня думаю, што грошы могуць у прынцыпе паплысьці ў Беларусь. Для гэтага няма істотных палітычных і эканамічных фактараў. Беларускі рынак сёньня непрывабны, ён падае. Няма прававой дзяржавы. Але Расея ўвогуле не мае ніякіх адносінаў да дынамікі беларуска-турэцкіх дачыненьняў, бо Беларусь і Турцыя заўсёды мелі вельмі прыязныя дачыненьні. Увесь час адбываліся ўзаемныя візыты, а некалькі гадоў таму былі адмененыя кароткатэрміновыя візы. Турцыя зьяўляецца першай краінай з па-за савецкай прасторы, якая прызнала незалежнасьць Беларусі ў 1991 годзе. Шанцы стаць міратворцам у канфлікце ў Нагорных Карабаху – мізэрныя альбо наогул адсутнічаюць.

15 красавіка гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот. Фрылянсэр зрабіў гэта, каб прыцягнуць увагу да ціску на незалежных журналістаў. На працягу толькі 4 месяцаў гэтага году яго 6 разоў аштрафавалі за працу на «не акрэдытаванае» ў Беларусі СМІ. Апошні штраф склаў амаль 400 даляраў. Як бачна, улады працягваюць рэпрэсіі супраць журналістаў і дзеячаў недзяржаўных арганізацыяў. Пасьля паляпшэньня стасункаў з Захадам, яны перасталі саджаць журналістаў у турму, аднак быў знойдзены ня менш дзейсны сродак – велізарныя штрафы. Ці адрэагуе Эўразьвяз на такія «аксамітныя» рэпрэсіі? Хто можа прымусіць улады іх спыніць?

Р. Астапеня: Ну думаю, што Эўразьвяз можа тут нешта зрабіць. Хутчэй за ўсё можа нешта сказаць у часе перамоваў, выступіць зь нейкай заявай, але я не думаю, што ён наогул успрымае гэтую зьяву як нешта істотнае для беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Хоць ён звычайна сам аплачвае гэтыя штрафы, то гэта ня тая высокая цана, каб беларуска-эўрапейскія дачыненьні не разьвіваліся. Гэта наогул не праблема, бо гэта кампраміс. Лукашэнка мае магчымасьць захоўваць свой аўтарытарны стыль кіраваньня, а дэмакратычныя актывісты атрымліваюць магчымасьць большага ўзьдзеяньня на грамадзтва, чым раней.

Беспасьпяхова скончыўся ўдзел беларускай дэлегацыі ў паседжаньні Рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду. МВФ адмовіўся даваць Менску крэдыт у 3 мільярды эўра. Урад вёў перамовы пра адкрыцьцё трохгадовай праграмы фінансавай дапамогі «з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы й разьвіцьцё прыватнага сэктара». Аднак тыя рэформы, якія пагадзіўся праводзіць Менск, Міжнародны валютны фонд палічыў недастатковымі. Беларускі ўрад паабяцаў «дапрацаваць умовы рэалізацыі новай праграмы МВФ». Ці Захад прымусіць Менск пачаць доўга абяцаную прыватызацыю й лібэралізацыю эканомікі? Ці пражывае беларуская эканоміка без 3 мільярдаў ад МВФ?

Р. Астапеня: Тут істотны момант у тым, што МВФ ня хоча да нічога прымушаць Беларусь і гэта тое, што вельмі не падабаецца фонду. Беларусь падкрэсьлівае, што гэта не іх праграма, а МВФ, а фонду гэта вельмі не падабаецца. Міжнародны валютны фонд хоча пачуць, што гэта беларуская праграма й што беларускае кіраўніцтва бярэ адказнасьць за гэтую праграму й само гатовае праводзіць эканамічныя рэформы, а не скідаць цяжар адказнасьці на МВФ. Ці пражыве беларуская эканоміка без крэдыту МВФ? Пражыць можна па-рознаму. Можна мець мінус 3% ВУП, а можна й мінус 2%. Для доўгатэрміновага разьвіцьця гэта не такія вялікія грошы й напэўна яны будуць расьцягнутыя на некалькі гадоў. Куды большае значэньне мае тое, што МВФ прапаноўвае экспэртызу ў правядзеньні эканамічных рэформаў і тое, што ён ахвотна супрацоўнічае зь Беларусьсю.

З аналітыкам Цэнтра Астрагорскага Рыгорам Астапеням размаўляў Дзьмітры Гурневіч.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт