Logo Polskiego Radia
Print

«9 траўня ў ператвараецца ў ваенізаваны Дзень сьвятога Патрыка»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.05.2016 15:17
  • 9 траўня ў ператвараецца ў ваенізаваны Дзень сьвятога Патрыка.mp3
Р. Астапеня: Калі б можна было выбіраць, я адзначаў бы 9 траўня так, як палякі адзначаюць дзень Варшаўскага паўстаньня...
Фота: www.facebook.com/groups/503432503159171/Фота: www.facebook.com/groups/503432503159171/

У Расеі 9 траўня са сьвята міру ператвараецца ў абсурдны ваенізаваны карнавал, таму Беларусі ня варта браць прыклад з суседкі – лічыць палітоляг Рыгор Астапеня. Як трэба адзначаць Дзень Перамогі? Ці не акажацца Беларуская АЭС банкрутам? Чаму ў беларуска-кітайскі індустрыяльны парк не сьпяшаюцца прыходзіць кітайскія інвэстары? На гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» з Рыгорам Астапенем размаўляе Аляксандар Папко.

АЭС акупіцца праз дзесяцігодзьдзі, а можа й не акупіцца...

Не сьціхаюць скандалы вакол будаўніцтва Беларускай АЭС. Два тыдні таму стала вядома, што на адным з участкаў з-за парушэньня тэхналёгіі рухнула апалубка. А 6 траўня СМІ Летувы паведамілі, што Міністэрства энэргетыкі Беларусі пераклала для сваіх летувіскіх калегаў найважнейшы дакумэнт пры дапамозе… гугл-трансьлейту! «Калі дакумэнты перакладаюць пры дапамозе гугл-перакладчыка, то і станцыю будуюць абы-як», – абураецца летувіская прэса. А беларускія эколягі на нядаўняй канфэрэнцыі «Чарнобыль+30» распавялі, што атамная энэргетыка стаіць на парозе банкруцтва: з сярэдзіны 80-х гадоў на сьвеце, за выключэньнем Кітая, амаль не будуюць новых рэактараў. Ці астравецкая АЭС – гэта сапраўды «цягнік у мінулае»? Ці маюць летувісы падставы непакоіцца?

Р. Астапеня: Насамрэч, інфармацыя пра банкруцтва ядзернай энэргетыкі значна перабольшаная. Саудаўская Аравія плянуе запуск вялікай колькасьці рэактараў, у Францыі ядзерная энэргетыка застаецца асновай энэргетычнай палітыкі, Японія нядаўна зноў запусьціла спыненыя раней рэактары. Аднак праблемы ў ядзернай індустрыі ўсё ж існуюць. Мы бачым іх на прыкладзе ЗША, дзе адміністрацыя як Джорджа Буша-малодшага, так і Барака Абамы прапаноўвалі й прапаноўваюць дзяржаўныя гарантыі для будаўніцтва АЭС, але ахвотных будаваць мала.

У сьвеце адбываюцца значныя зьмены ў энэргетыцы. Таму плянаваць інвэстыцыі у АЭС вельмі цяжка, бо тэрмін самаакупляльнасьці гэтых станцыяў вельмі даўгі. Цяжка сказаць, ці Астравецкая АЭС – гэта цягнік у будучыню ці мінулае, але ёсьць пытаньні, наколькі будаўніцтва станцыі эканамічна мэтазгодна. Трэба памятаць, што яна будзе акупляцца вельмі доўгі час.

Летува й іншыя балтыйскія краіны баяцца, што станцыя стане інструмэнтам расейскага энэргетычнага ўплыву ў рэгіёне. Экалягічныя фактары для іх, на маю думку – другасны момант. Варта памятаць, што ня толькі Летува павінная будзе перасяляць людзей у выпадку аварыі, але ў першую чаргу Беларусь.

Беларускую мову адродзяць мясцовыя чыноўнікі-энтузіясты?

«У Беларусі насьпеў час прыняць дзяржаўную праграму падтрымкі беларускай мовы». Пра гэта на Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры заявіла выкладчык Акадэміі МУС Беларусі Валянціна Мароз. «Беларуская мова разглядаецца як фактар абароны і забесьпячэньня нацыянальнага сувэрэнітэту», – зазначыла прафэсар. Яна прапанавала стварыць аўтарытэтны навуковы калектыў, які б распрацаваў праграму пашырэньня ўжываньня беларускай мовы ва ўсіх сфэрах. Ці захочуць беларускія ўлады размаўляць па-беларуску? Калі мы гэта пачуем?

Р. Астапеня: Ня думаю, што дзяржава ў стане распрацаваць, а тым больш выканаць праграму падтрымкі беларускай мовы. Размовы пра неабходнасьць пашырыць выкарыстаньне беларускай совы вядуцца даўно, аднак ніякіх зьменаў, акрамя невялікага павелічэньня заняткаў беларускай мовы ў школе, не адбылося. Гэта зусім ня той узровень падтрымкі, які хацелася б бачыць.

Істотнай зьменай, аднак, зьяўляецца перамена стаўленьня ўладаў да мовы. Яны значна менш яе перасьледуюць, даюць дазвол на яе выкарыстаньне. У вялікай ступені гэта зьвязана з тым, што ўнутры рэжыму хапае энтузіястаў беларускай мовы. Гэта ня толькі былы міністар культуры Павал Латушка ці Валянціна Мароз, але й чыноўнікі рэгіянальнага ўзроўню, такія як старшыня Берасьцейскага гарвыканкама Аляксандар Рагачук. Ад гэтых людзей можна чакаць, што яны будуць павялічваць ужываньне беларускай мовы ў сваіх гарадах і рэгіёнах. А маштабнай дзяржаўнай палітыкі чакаць ня варта.

«Кітайцы нязгодныя цягнуць на сабе труп беларускай эканомікі»

4 траўня са сваёй пасады быў звольнены кіраўнік Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Андрэй Галь. Перад гэтым і Аляксандар Лукашэнка, і віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка неаднаразова папракалі кіраўніцтва парку ў тым, што яму не ўдалося прыцягнуць высокія тэхналёгіі ды замежных інвэстараў. Чаму кітайцы не сьпяшаюцца ператвараць «Вялікі камень» у новую «Сыліконавую даліну»?

Р. Астапеня: На маю думку, праблема ў тым, што Беларусь не бярэ поўнай адказнасьці за супрацоўніцтва. Беларускае кіраўніцтва ўвес час заахвочвае Кітай быць больш актыўным. Аднак кітайцы чуюць толькі абяцаньні, што ў краіне паменшацца падаткі, зьявяцца новыя тэхналёгі, павялічыцца экспарт. А ў практыцы ў Беларусі растуць падаткі, да інвэстараў па-ранейшаму ставяцца з пагардай, эканоміка працягвае падаць. У такіх умовах у кітайцаў узьнікае натуральнае пытаньне: «А чаму мы павінны цягнуць на сабе труп беларускай эканомікі»?

9 траўня ператвараецца ў карнавал мілітарыстаў

Дзень Перамогі, якім мы яго ведалі ў дзяцінстве, адыходзіць у нябыт. На вуліцах ужо не сустрэнеш вэтэранаў, а сьвята перамогі над нацызмам ужо не аб’ядноўвае, а дзеліць людзей – як на постсавецкай прасторы, так і ўнутры Беларусі. У Кіеве памінаюць загінулых, у Маскве ўлады ладзяць грозныя парады вайсковай тэхнікі, а ў Менску Аляксндар Лукашэнка нагадвае пра «арганізуючую ролю дзяржавы» ды палохае грамадзянаў «вар’ятамі, якія штурхаюць плянэту да новай сусьветнай вайны». Якім павінен быць дзень 9 траўня: днём памяці, сьвятам жыцьця й радасьці, альбо дэманстрацыяй магутнасьці дзяржавы?

Р. Астапеня: Украінскі падыход мне падаецца больш адэкватным. У Расеі 9 траўная ўвогуле ператварылася ў ваенізаваны Дзень сьвятога Патрыка. Мы ўсе дасканала ведаем, што на 9 траўня расейцы больш выпіваюць, чым узгадваюць Другую сусьветную вайну. У Беларусі жа гэта ператвараецца ў праслаўленьне «арганізуючай ролі дзяржавы». Аднак мы ведаем, што перамога была атрымана дзякуючы велізарным чалавечым ахвярам Савецкага Саюзу, а не дзякуючы якасьці савецкіх дзяржаўных інстытутаў і мудрасьці дзяржаўнага кіраваньня.

Калі б можна было выбраць прыклад сьвяткаваньня, лепшы за Расею ці Беларусь, то я выбраў бы ўшанаваньне палякамі дня Варшаўскага паўстаньня. У гэты дзень уся Варшава спыняецца на адну хвіліну. Гэта выглядае сапраўды прыгожа, ня вычварна, гэта выглядае годна.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт