Logo Polskiego Radia
Print

Успышка актыўнасьці расейскіх шпіёнаў у Польшчы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.06.2016 16:19
Польскія спэцслужбы зь непакоем глядзяць на пары прыгожых беларусак з палякамі.
www.flickr.com

Аўтар артыкула ў тыднёвіку "Do Rzeczy" Цэзары Гмыз (поль. Cezary Gmyz) сьцьвярджае, што ў яго ёсьць інфармацыя аб тым, што за апошні час у сувязі з самітам NATO расейская выведка ў Польшчы была ўзмоцнена дадатковымі людзьмі. Аднак найбольшую пагрозу ўяляюць гэтак званыя нелегалы.Такіх шпіёнаў больш цяжка злавіць, – кажа ананімная асоба, зьвязаная з польскімі спэцслужбамі.

Тыднёвік раскрывае шляхі, якімі на тэрыторыю Польшчы Расея ўводзіць сваіх шпіёнаў. З-за біямэтрычных пашпартоў і аналізаў ДНК зьменшыліся магчымасьці выкарыстоўваць ідэнтыфікацыю памерлых асоб. І таму расейская агентурная дзейнасьць прымае іншыя формы.

- Саветы, а цяпер расейцы, вядуць доўгатэрміновыя дзеяньні. У 50-я гады польскае грамадзянства атрымала звыш дзясятка тысяч савецкіх грамадзян, якія пры Сталіне былі адпраўлены для «выконваньня абавязкаў палякаў». Іх дзеці і ўнукі гэта адна з найбуйнейшых магчымых баз для вярбоўкі, – зазначае асоба зьвязаная з польскай контрразьведкай.

У польскіх ВНУ навучаецца звыш дзесяці тысяч студэнтаў з-за ўсходняй мяжы. Многія не плянуюць вяртаньня на радзіму. – Час ад часу сярод іх мы ідэнтыфікуем дзяцей супрацоўнікаў постсавецкіх спэцслужбаў і ня толькі з Расеі, – расказвае афіцэр контрразьведкі.

Вялікай праблемай зьяўляюцца таксама прадстаўнікі чачэнскай дыяспары. Многія зь іх атрымалі ў Польшчы статус уцекача, аднак для многіх гэта толькі гэтак званая «легенда». Гэта людзі зьвязаныя зь верным саюзьнікам Расеі Рамзанам Кадыравым.

Побач з расейскай пагрозай найбольшым выклікам для Польшчы зьяўляецца беларуская выведка. Аляксандар Лукашэнка амаль у ня зьмененым выглядзе захаваў КДБ, які займаецца ня толькі палітычнай апазыцыяй, але таксама замежнай выведкай.

Польскія спэцслужбы зь непакоем глядзяць на пары прыгожых беларусак з палякамі. – Падаецца, што многія зь іх вельмі старанна выбіраюць сабе мужоў. Сярод іх дыпляматы, прадстаўнікі сыстэмы юстыцыі, супрацоўнікі паліцыі й нават спэцслужбаў. Вельмі цяжка даказаць, што галоўным матывам шлюбу не было каханьне. А дзяўчаты зь Беларусі сапраўды вельмі прыгожыя, – кажа супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Do Rzeczy

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт