Logo Polskiego Radia
Print

СДМ: Францішак паставіў перад моладзьдзю амбіцыйныя мэты

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.08.2016 14:10
Словы Папы Францішка будуць для маладых людзей з цэлага сьвету вялікім штуршком - кажуць экспэрты.
PAP/Maciej Kulczyński

Апошнія пілігрымы выяжджаюць з Польшчы ў свае краіны. Учора ў Кракаве закончыліся Сусьветныя дні моладзі. На апошняй Імшы з Папам Францішкам прысутнічала каля 2 млн вернікаў. Польскія ўлады й Касьцёл дасканала справіліся з арганізацыяй СДМ, пілігрымы задаволеныя сваім візытам у Польшчы й духоўным пасылам, які яны атрымалі ад Папы Францішка.

Арганізатары Сусьветных дзён моладзі дзякуюць палякам за дапамогу ў падрыхтоўцы сустрэчы ў Кракаве. «Мы паказалі, што ў нас адкрытыя сэрцы», – казаў падчас прэс-канфэрэнцыі біскуп Дам’ян Мускус.

Д. Мускус: Я хачу падзякаваць кракавякам, жыхарам Малапольшчы, усіх гарадкоў і вёсак, дзе жылі пілігрымы, за іх адкрытасьць і гасьціннасьць. Ужо сёньня мы атрымліваем зваротную інфармацыю ад пілігрымаў і іх каардынатараў пра цудоўную польскую гасьціннасьць.

Мэр Кракава Яцэк Майхроўскі казаў, што гарадзкія службы справіліся з задачай і дзякаваў усім кракавякам.

Я. Майхроўскі: За тое, як былі прынятыя пілігрымы, за тое, як праходзіла жыцьцё ў Кракаве, за тое, што жыхары аддалі ў распараджэньне пілігрымаў вуліцы й пляцы. За тое, што сапраўды можна было стварыць такую цудоўную атмасфэру.

Многія гараджане прынялі рашэньне выехаць з Кракава на час правядзеньня Сусьветных дзён моладзі, дзякуючы чаму перамяшчэньне па Кракаве адбывалася бесьперашкодна.

Адказным за арганізацыю СДМ асобам дзякаваў таксама прэзыдэнт Польшчы. У фільме, апублікаваным на інтэрнэт-старонцы прэзыдэнта, Анджэй Дуда зьвярнуўся да чыноўнікаў, паліцыянтаў, працаўнікоў мэдычных установаў, сьвятароў і манашак. Ён таксама зьвярнуўся да валанцёраў.

А. Дуда: Я глыбока перакананы, што пілігрымы, якія прыехалі ў Польшчу, ацанілі вашу працу, зычлівасьць, усьмешку. Гэта тыя, каму вы паказалі дарогу, далі бутэльку вады, расказвалі пра нашу цудоўную краіну. Сотням прыежджых паломнікаў вы паказалі найпрыгажэйшую частку Польшчы.

Падводзячы вынікі СДМ увага зьвернутая таксама на духоўны бок падзеі. Касьцёл у Польшчы пасьля Сусьветных дзён моладзі памяняецца на столькі, на колькі памяняюцца людзі – кажа арцыбіскуп Войцех Поляк.

В. Поляк: Калі будуць мяняцца нашы ўзаемныя стасункі, сямейныя сувязі, калі будуць мяняцца адносіны ў грамадзтве. Гэта аднак не адбудзецца ў выніку нейкага загаду, у выніку мараў аб нейкім ідэале. Усё гэта рэалізуецца, калі памяняюцца нашы сэрцы. І падчас СДМ для гэтага была нагода.

Падобным чынам мяркуе арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі. Паводле яго, тое, як будзе выглядаць польскі Касьцёл пасьля візыту Папы, залежыць ад таго, ці Касьцёл у Польшчы будзе рэалізоўваць словы Папы Францішка.

С. Гандэцкі: Паводле думкі Францішка, асноўным зьяўляецца міласэрнасьць у дачыненьні да духоўна й фізычна слабых ды патрабуючых. Калі Касьцёл як цэласнасьць, то бок і сьвецкія асобы, і духавенства, зробіць такія намаганьні, будзе менш думаць над словамі, а больш над учынкамі, то тады ёсьць шанец, што форма Касьцёла будзе яшчэ больш сапраўднай. Але гэта не азначае, што сёньня не існуе сьведчаньняў міласэрнасьці.

Арцыбіскуп нагадвае, што сёньня ёсьць вельмі шмат канкрэтных прыкладаў міласэрнасьці – гэта шматлікія манаскія й дыяцэзіяльныя дабрачынныя арганізацыі. Усё ж такіх прыкладаў магло б быць яшчэ больш.

Словы Папы Францішка будуць для маладых людзей з цэлага сьвету вялікім штуршком – так мяркуе галоўны рэдактар хрысьціянскага парталу deon.pl Пётр Жылка. Ён кажа, што моладзь пачула ад Папы вельмі шмат важных словаў. Іх агульным назоўнікам было тое, каб яны не баяліся ў жыцьці рызыкаваць.

П. Жылка: Папа кажа маладым, каб яны выйшлі з дому, рушылі з месца, як казаў Папа, усталі з канапы. Ён шмат казаў аб тым, каб моладзь не баялася марыць, ня верыла словам, што яны малыя й слабыя, каб яны рызыкавалі. Словы пра рызыку – гэта асноўныя словы, на якіх Папа рымскі пабудаваў сваю пілігрымку.

Пётр Жылка дадае, што Сьвяты айцец зьвярнуўся да моладзі з канкрэтнымі й практычнымі парадамі, як жыць. Францішак не затрымаўся выключна на тэорыі.

П. Жылка: Гэтаму быў прысьвечаны Крыжовы шлях у пятніцу. Былі паказныя канкрэтныя прыклады міласэрнасьці, таварыства, фундацыі, якія дзейнічаюць у Польшчы. Папа сказаў маладым людзям: каля вы хочаце быць у Касьцёле, то не дастаткова толькі нядзельнай Імшы. Існуе мноства фундацый, якія займаюцца беднымі, вязьнямі, інвалідамі, і трэба «пабрудзіць свае рукі», каб дасьведчыць, што такое міласэрнасьць.

Папа рымскі правёў у Польшчы пяць дзён. Ён сустрэўся з палітыкамі, духавенствам, наведаў канцлягер Аўшвіц-Біркенаў, адправіў Сьвятую Імшу ў Чэнстахове, Лагеўніках і Бжэгах. Францішак сустрэўся з хворымі дзецьмі, прадстаўнікамі розных кантынэнтаў, манахамі й манашкамі, валанцёрамі. Чатыры разы выходзіў да папскага акна, дзе яго чакалі вернікі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт