Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы - чарговая спрэчка з-за смаленскага помніка

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.08.2016 15:43
  • чарговая спрэчка.mp3
Палякі ўжо шэсьць гадоў ня могуць вызначыць месца ўстаноўкі смаленскіх помнікаў.
Pomnik Smoleński na PowązkachPomnik Smoleński na PowązkachFoto: wikipedia.org/CC0

На гэтым тыдні ў Польшчы пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва помнікаў ахвярам авіякатастрофы прэзыдэнцкага самалёта, якая адбылася пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году. Гэты факт ужо чарговы раз выклікаў дыскусіі наконт месца ўстаноўкі помнікаў і наогул спосабу ўшанаваньня памяці аб ахвярах трагедыі.

Спрэчкі наконт месца ўсталяваньня смаленскіх помнікаў працягваюцца ў Польшчы ўжо шэсьць гадоў. Кіроўная партыя „Права й справядлівасьць” хоча, каб гэтыя помнікі былі ўстаноўленыя ў цэнтры Варшавы на вуліцы Кракаўскае прадмесьце (Krakowskie Przedmieście) побач з Прэзыдэнцкім палацам.

Паводле кіроўнай партыі й грамадзкага камітэта па ўстаноўцы помніка – гэта самае лепшае месца для таго, каб ушанаваць памяць аб усіх ахвярах трагедыі, у тым ліку асобна аб былым прэзыдэнце Леху Качыньскім.

Да гэтай ідэі правая партыя, у тым ліку брат трагічна загінулага кіраўніка польскай дзяржавы Яраслаў Качыньскі, безвынікова спрабуюць пераканаць улады сталіцы.

Асноўным праціўнікам устаноўкі смаленскіх помнікаў зьяўляецца Галоўны рэстаўратар помнікаў архітэктуры й гісторыі Варшавы. Дарэчы, кіроўная партыя абвінавачвае яго ў тым, што па гэтым пытаньні ён цалкам знаходзіцца пад уплывам апазыцыі й мэра Варшавы.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у момант, калі стартаваў збор ахвяраваньняў на помнік, рэстаўратар загадаў дэмантаваць памятныя дошкі й валун, якія зьявіўся ў Варшаве перад 6-ай гадавінай смаленскай катастрофы без афіцыйнай згоды сталічных уладаў.

Гэтую інфармацыю пракамэнтараваў лідар партыі „Права й справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі.

Яраслаў Качыньскі: Такія дзеяньні маюць скандальны й немаральны характар, які абсалютна не супадае з польскай культурай. Гэта толькі пацьвярджае нашыя падазрэньні, што палітычныя сілы, якія кіравалі краінай перад намі, абсалютна чужая палякам сіла. Людзі бываюць розныя, у іх могуць быць розныя погляды: можна быць прыхільнікам левых, крайне левых, правых або крайне правых сілаў, аднак усе прытрымліваюцца нейкіх супольных каштоўнасьцяў, якія ня маюць нічога агульнага з палітыкай. Гэта, напрыклад, шанаваньне памяці аб памерлых.

Ініцыятары збору сродкаў хочуць, каб новыя помнікі былі ўсталяваныя да 8-ых угодкаў трагічнага палёту ў Смаленск. Праекты помнікаў у бліжэйшым часе павінны быць вылучаныя ў рамках конкурсу. Дакладнае месца іх разьмяшчэньня вызначыць спэцыяльная камісія. Вядома, што помнікі будуць разьмешчаныя побач з Прэзыдэнцкім палацам на вуліцы Кракаўскае прадмесьце.

Тым часам гарадзкія ўлады, спасылаючыся на ацэнку рэстаўратара, заяўляюць, што на Кракаўскім прадмесьці няма месца на чарговы помнік і прапануюць іншае месца, то бок скрыжаваньне вуліцаў Трэмбацкай (Trębacka) і Фэрдынанда Фоха (Ferdynanda Focha). Аднак з участкам, які прапануюць улады, ёсьць праблемы наконт уласнасьці.

Кіроўная партыя спадзяецца, што канчаткова ўдасца дасягнуць паразуменьне з уладамі Варшавы. Яраслаў Качыньскі падкрэсьліў, што калі зьявіцца неабходнасьць то справай зоймецца парлямэнт.

Яраслаў Качыньскі: Гэта выклік, які патрабуе ад нас поўнай рашучасьці: мы не пагодзімся нібыта адміністрацыйныя патрабаваньні. Абсалютная рацыя на нашым баку. Калі трэба будзе, то мы нашую рацыю дадаткова замацуем юрыдычнымі актамі й законамі, і мы напэўна гэта зробім.

Адначасова Яраслаў Качыньскі запэўніў, што пытаньне разьмяшчэньня помнікаў у Варшаве будзе вырашацца згодна законам.

Нагадаем, пасьля авіякатастрофы пад Смаленскам, у выніку якой загінулі 96 асобаў, уключаючы прэзыдэнта Леха Качыньскага й яго жонку Марыю, людзі з усёй краіны спантанна пачалі зьбірацца перад Прэзыдэнцкім палацам. Яны запальвалі сьвечкі, маліліся і ўскладалі кветкі. У першыя дні нацыянальнай жалобы перад палацам быў устаноўлены крыж.

Пазьней гэты крыж быў перанесены ў капліцу ў Прэзыдэнцкім палацы, а затым у Ларэтанскую капліцу ў касьцёле сьвятой Анны, дзе стаў часткай помніка ахвярам смаленскай авіякатастрофы. Перанос крыжа з Кракаўскага прадмесьця прайшоў у атмасфэры скандалу. Ужо тады брат трагічна памерлага прэзыдэнта паабяцаў усталяваць на месцы крыжа помнік ахвярам катастрофы. І з таго часу пачаліся спрэчкі.

„Права й справядлівасьць” абвінавачвае варшаўскую мэрыю ў тым, што яе супраціў адносна месца разьмяшчэньня помнікаў мае выключна палітычны характар.

У грамадзкі камітэт, які зьбірае сродкі на будаўніцтва помнікаў, увайшлі прадстаўнікі кіроўнай партыі й часткі сем’яў ахвяраў авіякатастрофы. Яго сябры лічаць, што сабраць трэба як мінімум 2-3 млн злотых.

Дэпутат ад „Права й справядлівасьці” Марэк Сускі (Marek Suski) кажа, што арганізатары хацелі б, каб у будаўніцтва помнікаў заангажаваўся ўвесь польскі народ.

Марэк Сускі: Можна зрабіць узнос, напрыклад, прызнаыць 10 злотых, і гэта могуць сабе дазволіць нават бяднейшыя грамадзяне. Збор будзе праходзіць па ўсёй Польшчы, а камітэт ужо заснаваў рахунак.

Збор будзе праходзіць да 2018 году. Ініцыятары хацелі б, каб урачыстае адкрыцьцё помнікаў прайшло 10 красавіка 2018 году, то бок у 8-ю гадавіну авіякатастрофы.

Нагадаем, на фасадзе Прэзыдэнцкага палаца знаходзіцца дошка, якая напамінае пра тое, што ў дні жалобы ў гэтым месцы спантанна зьбіраліся палякі.

Помнік ахвярам авіякатастрофы знаходзіцца таксама на варшаўскіх могілках „Павонзкі”(Powązki). Ён быў адкрыты 10 лістапада 2010 году. Аднак гэты факт не спыніў дыскусіяў наконт ушанаваньня ахвяраў. Помнік мае форму блёка белага граніту, разьбітага на дзьве часткі, зьмешчаныя паміж двума радамі магілаў. Ён ня ўсім падабаецца. Частка сем'яў ахвяр катастрофы лічыць яго непрывабным і непатрэбным.

У 2011 годзе архітэктар Павал Шыхальскі (Paweł Szychalski) прадставіў канцэпцыю помніка, якая зводзілася да разьмяшчэньня ў тратуары перад палацам 96 нерэгулярна разьмешчаных пражэктараў, слупы сьвятла якіх білі б у неба. Ідэя спадабалася дачцы трагічна загінулай прэзыдэнцкай пары Марце Качыньскай і некалькім іншым прадстаўнікам сем'яў ахвяраў. Аднак хутка аказалася, што для таго, каб стварыць згаданы помнік, неабходна ўвесьці зьмену ў канструкцыю палацу.

Паводле часткі камэнтатараў, спрэчка вакол помніка непатрэбная й шкодная для Польшчы. У сваю чаргу палітычны канфлікт можа прычыніцца да ўзьнікненьня падзелаў у грамадзтве.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт