Logo Polskiego Radia
Print

Экалёгія - праблема, якой не заўважаюць

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.08.2016 15:50
  • Экалёгія.mp3
Экалёгія, як і дэмакратыя, менш за ўсе хвалюе насельніцтва бальшыні постсавецкіх рэспублік.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Насамрэч праблема забруджваньня навакольнага асяродзьдзя вельмі актуальная і наўпрост уплывае на здароўе і жыцьцё грамадзян.

У савецкія часы экалёгія была на другім месцы пасьля палітычных ды эканамічных патрэбаў. Празьмерна экстэнсіўнае вырошчваньне бавоўны прывяло да сапраўднай экалягічнай катастрофы ў раёне Аральскага мора. Таксама шмат шкоды прыродзе нанесьлі вялізарныя мэліярацыйныя працы ў Беларусі, цаліна ды іншыя мэгапраекты. Разам з тым на дзяржаўным узроўні існаваў кантроль за станам эканомікі. У постсавецкія часы крызыс, распад дзяржаўных інстытутаў прывёў да таго, што на экалёгію ўлады ды грамадзтва зьвяртаюць ўвагу ў апошнюю чаргу. Сярод “лідараў кепскага экалягічнага стану” цяпер знаходзяцца такія краіны, як Грузія або Узбэкістан. Чаму так сталася? Пра гэта мы размаўляем з палітолягам Паўлам Усавым.

Павал Усаў: Асноўнай прычынай, чаму ў былых савецкіх рэспубліках людзі не зьвяртаюць увагу на экалёгію, зьяўляецца тое, што чамусьці большасьць ня лічыць гэта праблемай, маючы вузкую экалягічную сьвядомасьць, а ўлады ўсяляк абмінаюць сытуацыю ў экалёгіі і ўсімі магчымымі сродкамі зьнішчаюць незалежныя экалягічныя арганізацыі. Штогод Калюмбійскі ўнівэрсытэт разам з Эўрапейскім дасьледчым цэнтрам публікуе індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці, сьпіс складаецца з 180 краінаў.

Найбольш эфэктыўныя экалягічныя краіны, гэта: Фінляндыя, Ісьляндыя, Швэцыя, Данія, Славэнія. Сярод постасавецкіх дзяржаў сытуацыя горшая, кажа экспэрт.

Павал Усаў: Сярод былых краін СССР добрая сытуацыя з экалёгіяй ў Латвіі і Летуве. Расея і Азэрбайджан занялі 30-ае і 31-ае месца ў рэйтынгу. Беларусь на 35-м і апераджае Польшчу. Найгоршая сытуацыя ва Ўзбэкістане, які займае 118 месца, Грузія - 111. Для вымярэньня выкарыстоўваюцца такія паказчыкі, як доступ да пітной вады, добры ўзровень санітарыі, прыняцьце адпаведнага заканадаўства, плошча лясоў, рыбная лоўля, якасьць паветра. Таму некаторыя краіны, нягледзячы на сур’ёзныя клопаты з экалёгіяй, выглядаюць больш пазытыўна, чым ёсьць насамрэч, напрыклад, Беларусь і Расея.

Якая сытуацыя ў сапраўднасьці ў гэтых краінах?

Павал Ўсаў: Адным з самых забруджаных гарадоў у Расеі лічацца Нарыльск (2 мільёны тон брудных рэчываў у паветры), Масква (1 мільён), Пецярбург. Разам з гэтым ідзе інтэнсіўнае зьнішчэньне лясоў, паркаў, забруджваньне рэк. На працягу апошніх гадоў, асабліва калі быў уведзены закон “пра замежных агентаў”, была абмежаваная дзейнасьць шматлікіх экалягічных арганізацыяў, асабліва ў рэгіёнах. Расея ўваходзіць ў сьпіс краін з даволі вялікай колькасьцю памерлых ад дрэннай экалёгіі - 150 тысяч ў год. (Для прыкладу - у ЭЗ з насельніцтвам ў 502 мільёны – 175 тысяч).

Тым ня менш, па дадзеных сацапытаньняў, толькі 14-16% расейцаў клапоцяцца пра праблемы з экалёгіяй, прыкладна столькі, колькі лічаць, што ў Расеі назіраюцца праблемы з дэмакратыяй, кажа экспэрт.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт