Logo Polskiego Radia
Print

Замежныя спэцслужбы спрабавалі дыскрэдытаваць польскую кампанію?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.08.2016 13:45
Польская друкарня каштоўных папер – гэта стратэгічна важны аб’ект для польскай бясьпекі.
www.pwpw.pl

Ці замежныя спэцслужбы маглі прадпрымаць спробы пашкодзіць польскай кампаніі, якая займаецца друкам каштоўных папер? Такі тэзіс ставіць выданьне «Gazeta Polska Codziennie». Тэму дасьледуе Агенцтва ўнутранай бясьпекі, а піша пра яе партал «Niezalezna.pl».

Польская друкарня каштоўных папер (Wytwórnia Papierów Wartościowych) – гэта стратэгічна важны аб’ект для польскай бясьпекі. Яна друкуе ня толькі банкноты і пашпарты, але таксама дакумэнты для салдат і функцыянэраў спэцслужбаў.

На пачатку гэтага года старшынёй друкарні стаў Пётр Вайцяхоўскі, які ад самага пачатку заняўся набываньнем больш сучаснага абсталяваньня, пачаў шукаць кліентаў, між іншым у Афрыцы ды Паўднёвай Амэрыцы. Таксама разьвівался супрацоўніцтва з Армэніяй. Польская кампанія здаўна працавала з урадам гэтай краіны, між іншым уводзячы сыстэму выдачы пашпартоў і пасьведчаньняў асобы. Апошнім часам Армэнія хацела заключыць з друкарняй сур’ёзную дамову – кантракт на друкаваньне банкнотаў. Аднак у той пэрыяд, калі ішлі перамовы, назіраліся спробы дыскрэдытаваць старшыню Вайцяхоўскага і пашкодзіць рэпутацыі друкарні. На думку кіраўніка прадпрыемства, гэта не было выпадковасьцю. Справа ў тым, што Армэнія – стратэгічны саюзьнік Расеі, якому тая выдзяляе крэдыты, а на мінулым тыдні Армэнія разам з Расеяй ды Беларусяй удзельнічала ў вайсковых вучэньнях. Таму кантракт на друкаваньне армянскіх грошай можа быць важны з пункту гледжаньня выведкі.

Па неафіцыйных зьвестках, нэгатыўная інфармацыя пра друкарню пачала паступаць у Агенцтва ўнутранай бясьпекі яшчэ ў чэрвені. Пачалося артыкулам у выданьні «Newsweek». У выніку сьледзтва, праведзенага па просьбе старшыні друкарні, удалося зрабіць выснову, што ў справе магла мачаць пальцы чужая выведка. Разьведчыкі часта цікавяцца эканамічнымі аспэктамі, каб здабытую інфармацыю перадаць суб’ектам гаспадараньня ў сваёй дзяржаве, якія такім чынам могуць павысіць канкурэнтаздольнасьць на міжнародных рынках.

Gazeta Polska Codziennie/Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт