Logo Polskiego Radia
Print

Парашэнка патэлефануе ў Вашынгтон, каб заступіцца за Лукашэнку?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.08.2016 08:23
  • Парашэнка патэлефануе ў Вашынгтон, каб заступіцца за Лукашэнку.mp3
Менск разьвівае стасункі з Украінай, бо яе кіраўніцтва мае прамую сувязь з Вашынгтонам – тлумачыць экспэрт EAST-Center Аляксей Лявончык.
Белы дом Белы дом Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіраўніцтва Беларусі хоча, каб Пётр Парашэнка абараняў інтарэсы Менска на Захадзе, як некалі гэта рабіў Міхаіл Саакашвілі. І на гэтым шляху Менск дасягнуў відавочных посьпехаў – лічыць экспэрт аналітычнай арганізацыі EAST-Center Алякей Лявончык. Найважнейшыя падзеі тыдня, а менавіта беларуска-ўкраінскае збліжэньне, пляны адмяніць візы для замежнікаў і... дзіўны візыт героя баевікоў 90-х Стывена Сігала на дачу да Аляксандра Лукашэнкі, з Аляксеем Лявончыкам абмяркоўвае Аляксандар Папко.

Калі хочам прыцягнуць турыстаў – трэба адчыняць наземныя межы

Беларусь паступова скасоўвае візы для замежных турыстаў. 23 жніўня быў падпісаны ўказ, які дае магчымасьць бяз візаў наведаць Горадню і Аўгустоўскі канал. А ў панядзелак стала вядома, што ўрад разглядае законапраект, які адчыніць уезд у Беларусь для жыхароў 80 краінаў. Турыстам, якія прыяжджаюць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» плянуюць дазволіць знаходзіцца ў Беларусі да 5 дзён. Якія турысты прыедуць у Беларусь? Ці плынь гасьцей з Захаду ажывіць беларускі гатэльны бізнэс і заменіць перасыхаючую плынь расейскіх турыстаў?

Аляксей Лявончык: Зразумела, што чым больш турыстаў – тым лепш, і чым больш адкрытасьці – тым лепш. Але бязьвізавы рэжым толькі для менскага аэрапорту – гэта не найлепшае рашэньне. Авіяпералёты ў Беларусь па-ранейшаму застаюцца дарагімі. У Беларусь прыедзе больш бізнэсоўцаў, людзей, якія кіруюць рознымі праектамі. Калі хочам прыцягнуць турыстаў – трэба адчыняць наземныя межы. Трэба адчыняць пераходы ў Горадні, Берасьці, каб людзі прыяжджалі танным транспартам: машынамі, цягнікамі. Так што я сумняюся, што гэтая мера прынясе пажаданы вынік.

Кіеў цікавы Менску таму, што што знаходзіцца на прамой сувязі з Вашынгтонам

«Сёньня мы разумеем, што за незалежнасьць трэба змагацца» – заявіў у Кіеве міністар замежных справаў Беларусі. 25 жніўня Ўладзімер Макей сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Прадстаўнікі Беларусі і Ўкраіны размаўлялі пра павелічэньне гандлю й дэмаркацыю мяжы. «Асобна былі разгледжаны пэрспэктывы нармалізацыі адносін Беларусі з ЭЗ і ЗША пры садзейнічаньні Украіны», – паведаміла прэс-служба Пятра Парашэнкі. Кіеў становіцца новым адвакатам Беларусі перад Захадам? Наколькі важнае для Аляксандра Лукашэнка заступніцтва Пятра Парашэнкі?

Аляксей Лявончык: Па-першае, у адрозьненьне ад любых іншых краінаў рэгіёну, украінскае кіраўніцтва мае прамую тэлефонную лінію з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, на сувязі з Кіевам знаходзіцца віцэ-прэзыдэн ЗША Джо Байдэн. Зразумела, што Пётр Парашэнка і ўкраінскі ўрад зьяўляюцца найлепшым каналам, каб данесьці сваю думку да Злучаных Штатаў. Парашэнка зацікаўлены ў незалежнай Беларусі, а Лукашэнка – ў незалежнай Украіне. Вельмі натуральна, што гэтыя краіны падтрымліваюць адна адну, бо паасобку іх паглыне Расея.

Заступніцтва Пятра Парашэнкі для Беларусі вельмі лягічнае й карыснае. Аляксандар Лукашэнка карыстаецца ім такім жа чынам, як некалі выкарыстоўваў Саакашвілі. Постсавецкія краіны ўжо вывучылі, што адбываецца, калі яны застаюцца сам-насам з Масквой. Таму яны пачынаюць абапірацца адна на адну, каб супрацьстаяць вялікаму ўсходняму суседу.

Эпатаж – гэта адзіны спосаб прыцягнуць увагу да «выбараў»

Беларускае тэлебачаньне працягвае паказваць выступы кандыдатаў у дэпутаты. Хіба найбольш шуму нарабіў выступ сябра партыі БНФ Ўладзімера Падгола. Палітычны аглядальнік выступіў у бронекамізэльцы, на якой было напісана «куля для прэзыдэнта», і танкавым шлеме. На трыбуне перад ім красаваліся сьцягі ЗША і ЭЗ, а таксама глёбус і... цэгла. Падгол заявіў, што Беларусь павінна выйсьці з Эўразійскага Зьвязу, АДКБ, а таксама аднавіць мяжу з Расеяй. Ці дапаможа такі гратэск заваяваць прыхільнікаў альбо наадварот – ён адштурхне беларускага гледача?

Аляксей Лявончык: Ён проста прыцягне ўвагу. Зразумела, ні пра якую перамогу на «выбарах» гаворкі весьціся ня можа. Гледзячы на тое, як фармаваліся выбарчыя камісіі, можна зноў меркаваць, што ніякай апазыцыі ў гэтым парлямэнце зноў ня будзе. Кожны ўдзельнік «выбараў» выкарыстоўвае іх як рэдкую магчымасьць прадэманстраваць сябе. Некаторыя спадзяюцца эпатажам прыцягнуць увагу, таму што беларускае інфармацыйнае поле ўжо даўно зачышчанае. Любыя фрыкавыя штукі дазваляюць прыцягнуць увагу. Аднак якім бы фрыкам ты ня быў, пасьля выбарчай кампаніі гэты доступ да дзяржаўнага тэлебачаньня скончыцца й цябе зноў забудуць. Так што такі выступ, на мой погляд, дае ўсяго толькі дзесяць хвілінаў славы.

Лукашэнка скраў Сігала ў Wargaming

Напрыканцы крыху пра мастацтва. 24 жніўня герой баевікоў 90-х Стывен Сігал наведаў Менск. Кампанія Wargaming заявіла, што Сігал будзе працаваць над сымулятарам марскіх баёў World of Warships у якасьці «экспэрта па гераічных баталіях». Аднак буру ў сусьветных СМІ зрабіла не навіна пра працу Сігала для Wargaming, а відэа пра тое, як галівудзкі актор есьць моркву на дачы Аляксандра Лукашэнкі. Ці Сігала сапраўды ўзялі кансультантам у вядомую беларускую IT-кампанію, альбо гэта проста крыху безгустоўны, але гучны піяр? Запрашэньне галівудзкай зоркі было ініцыятывай Wargaming ці Аляксандра Лукашэнкі? Альбо гэта была іх сумесная акцыя?

Аляксей Лявончык: У Беларусі ня можа быць сумесных піяр-акцыяў Аляксандра Лукашэнкі з кімсьці яшчэ. Могуць быць акцыі толькі аднаго Лукашэнкі. Думаю, Wargaming зьбіраўся запрасіць Лукашэнку ў якасьці самарэклямы. Гэта абсалютна нармальна, так робіцца ва ўсім сьвеце. Аднак не выключаю, што празь нейкі час кампаніі патэлефанавалі й сказалі: «А давайце мы правядзем паралельную праграму». У выніку пра Wargaming усе забыліся, таму што галоўнай навіной сусьветных СМІ стала тое, як Стывен Сігал есьць морквачку, падораную Лукашэнкам. А наступнай навіной – інфармацыя пра тое, што Сігал нібыта выкупіў цэлы паверх у комплексе «Маяк Менску».

Падобныя рэчы расейскае кіраўніцтва нядаўна рабіла з Жэрарам Дэпардзьё. Цяпер Сігал ужо ня зорка першай велічыні, ён адышоў ад справаў. Мне падаецца, што Лукашэнка выкарыстоўвае любыя вядомыя фігуры, якія прыяжджаюць у Беларусь, каб падкрэсьліць сваю легітымнасьць, паказаць адкрытасьць, зрабіць піяр. Калі зьяўляецца Лукашэнка, то на яго фоне любая іншая запрашаючая асоба проста зьнікае. Так што ў дадзеным выпадку мне проста шкада Wargaming.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт