Logo Polskiego Radia
Print

У палоне Сеціва. Ці чалавек залежны ад інтэрнэту?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.09.2016 10:34
  • У палоне Сеціва.mp3
Сучасныя тэхналёгіі моцна прысутныя ў жыцьці сучаснага чалавека.
Photo: Flickr.com/photosteve101Photo: Flickr.com/photosteve101

Ужо зьявіліся тэхналёгіі, якія мяшаюць віртуальную ды сапраўдную рэчаіснасьць. Спэцыялісты зазначаюць, што ўжо можна казаць пра залежнасьць ад інтэрнэту. Зьявіўся нават тэрмін "пакаленьне схіленых галоў".

Першыя трывожныя лічбы зьявіліся ўжо некалькі гадоў таму. Напрыклад, у 2012 годзе ў 11 эўрапейскіх краінах, каля 5% карыстальнікаў інтэрнэту маюць псыхічныя праблемы з-за празьмернага выкарыстаньня. Зьявіўся тэрмін інтэрнэт-залежнасьць, якая прымае розныя формы: ад пастаяннага сядзеньня ў сацыяльных сетках, карыстаньня мабільнымі прыладамі па карыстаньне са старонак сэксуальнага характару ды ўсіх відах гульняў.

Псыхоляг Агнешка Шафраньска-Раманаў з варшаўскага цэнтра Probalans распавяла Польскаму радыё, у чым небясьпечная інтэрнэт залежнасьць.

Агнешка Шафраньска-Раманаў: Інтэрнэт-залежнасьць лічыцца сур’ёзным адхіленьнем псыхічнага ды эмацыйнага характару. Яна палягае на неадпаведным, празьмерным ды імпульсіўным карыстаньні інтэрнэтам. На сёньняшні дзень гэта ня лічыцца хваробай. Аднак, я думаю, што гэта адкрытае пытаньне. Вядуцца дыскусіі на гэтую тэму. Таксама няма дасьледаваньняў, якія паказваюць сур’ёзнасьць сымптомаў. Разам з тым, гэта не азначае, што няма праблемы. Задача псыхолягаў дапамагчы людзям, якія прыходзяць да нас з гэтай праблемай. Колькасьць такіх людзей расьце. Спэцыялісты кажуць, што сапраўдныя эфэкты мы пабачым праз пару гадоў, калі падрасьце пакаленьне, якое выхавалася на інтэрнэце.

Якія яна мае сымптомы, калі пачынаецца?

Агнешка Шафраньска-Раманаў: Калі зьяўляецца ўнутраны прымус. Вас увесь час непакоіць пытаньне, што адбываецца на Фэйсбуку, ці мяне нехта палюбіў, ці нешта зьмянілася. Калі гэтыя думкі ўвесь час вас даймаюць, значыць, што ў вас праблема. Наступны момант. Колькі часу вы праводзіце ў Сеціве? Напрыклад, ёсьць такія, што сядзяць па 8 гадзін, але ж суткі маюць 24 гадзіны. Трэба яшчэ мець час на ежу, адпачынак, сон. Распарадак дня патрэбны для псыхічнай гігіены чалавека. Ключавы паказчык – гэта рэакцыя на спробу абмежаваць час, прысьвечаны Сеціву. Калі ў адказ на гэта пачынаецца агрэсія, злосьць, незадавальненьне, значыць, што вы згубілі кантроль над сваімі паводзінамі. Вам трэба ісьці да спэцыяліста па дапамогу.

Часта можна пабачыць сёньня ў грамадзкіх месцах людзей, якія стаяць з пахіленымі галовамі ў тэлефонах. Падобным чынам вядуць сябе некаторыя, асабліва моладзь, на сустрэчах. Дзе ляжыць мяжа паміж здаровым выкарыстаньнем сучасных тэхналёгій, а залежнасьцю? Хто знаходзіцца ў групе рызыкі сёньня?

Агнешка Шафраньска-Раманаў: У першую чаргу, група рызыкі – гэта дзеці й моладзь. У гэтых людзей псыхіка толькі фармуецца. Яны лёгка трапляюць пад уплыў. Тут важная роля бацькоў, каб вызначаць межы: колькі часу дзіця праводзіць за кампутарам ды пры тэлефоне. Інакш вельмі хутка можа нарадзіцца залежнасьць: ад Сеціва, кампутарных гульняў. Усё гэта можа прывесьці да таго, што такі малады чалавек хутка згубіць кантакт з рэчаіснасьцю. Ён перанясецца ў віртуальнае жыцьцё, забываючы пра свае жыцьцёвыя выклікі, пра школу, урокі, хобі. Мяжа тут, на маю думку, каля 2 гадзін. Бацькі павінны перастаць успрымаць сучасныя прылады як нешта, што зойме час дзіцяці. Такая абыякавасьць можа хутка прывесьці да няшчасьця.

Людзі, якія выйшлі з алькагольнай ды наркатычнай залежнасьці, далей жывуць, пазьбягаючы алькаголь ды наркотыкі. Што рабіць тым, хто мае інтэрнэт-залежнасьць. Сеціва ды сучасныя тэхналёгіі сёньня паўсюдна. Іх не адсунеш у бок, як гарэлку?

Агнешка Шафраньска-Раманаў: Сапраўды, у выпадку хімічнай залежнасьці (алькаголь, наркотыкі, лекі) чалавек кажа сабе: стоп! Няма вяртаньня. Калі хочаш быць здаровы, увогуле ня можаш гэтым карыстацца. З інтэрнэтам цяжка паставіць такую мяжу. Сеціва сёньня ўсюды. Аднак пры тэрапіі можна ўвесьці пэўныя межы, напрыклад, вызначыць распарадак дня. Там прапісваецца час, колькі можна карыстацца інтэрнэтам альбо сацыяльнымі сеткамі. Іншая рэч, трэба паказаць чалавеку, што можна інакш бавіць свой час.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт