Logo Polskiego Radia
Print

Швэды выпрабоўваюць грузавікі на электрычнасьць

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.09.2016 12:38
У чэрвені на швэдзкай аўтастрадзе Е16 быў адчынены двухкілямэтровы пас руху для электрычных грузавікоў.

Gazeta Wyborcza: Ці грузавыя аўтамабілі на электрычнасьць стануць асновай транспарту ў Эўропе? Гэта магчыма. Інтэнсіўна над гэтым працуюць немцы й швэды. У Швэцыі такія экспэрымэнты праводзяць дзьве фірмы: нямецкі Siemens і швэдзкая Scania. У чэрвені на аўтастрадзе Е16 быў адчынены двухкілямэтровы пас руху для электрычных грузавікоў. Фуры чэрпаюць энэргію пры дапамозе пантографаў з дроту, завешанага над дарогай, як трамвай ці тралейбус. Тэставаньні будуць доўжыцца два гады. У наступным годзе падобны ўчастак руху плянуецца ў Каліфорніі.

Навошта гэта ўсё? Паводле падлікаў, да паловы стагодзьдзя перавозка тавараў па дарогах цэлага сьвету вырасьце ўтрая. Гэта азначае рост забруджаньня паветра й выкідаў дыяксіду вугляроду ў атмасфэру. Швэды паставілі перад сабой амбіцыёзную задачу ўнезалежніць свой транспарт ад сталага паліва да 2030 году. Гэтую патрэбу разумеюць таксама немцы.

На жаль, батарэйкі для гэтага не падыходзяць. Акамулятары, якія дазволілі б грузавому аўтамабілю праехаць 500 км, важылі б 8 тон. У сувязі з гэтым засталося электрыфікаваць дарогі. Зразумела, ня ўсе, а толькі аўтастрады. На пачатку тыя, дзе рух грузавых аўтамабіляў найбольш інтэнсіўны.

Як падлічвае Siemens, кіроўца 40-тоннай фуры, якая будзе падключаная пантографам да электраэнэргіі, на 100 тысячах кілямэтраў ашчадзіць 20 тысяч эўра.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт