Logo Polskiego Radia
Print

Палякі з Казахстану нарэшце вернуцца ў Польшчу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.10.2016 15:04
У 2017 годзе ў Польшчы пачнецца рэпатрыяцыя паводле новых прынцыпаў.
Photo: pl.wikipedia.org/CC BY 2.0

У Польшчы заканчваецца праца, зьвязаная з унясеньнем зьменаў у закон аб рэпатрыяцыі. Новыя правілы павінны паспрыяць вяртаньню ў краіну палякаў, якіх саветы перасялілі з Польшчы ў глыб Савецкага Саюза.

„Гэта рэалізацыя маральных абавязацельстваў”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” кіраўнік Камісіі па сувязях з палякамі за мяжой Міхал Дворчык (Michał Dworczyk).

Першыя рэпатрыяцыі паводле новых правілаў павінны пачацца ў 2017 годзе. Аднак усё залежыць ад грошай. Пакуль у бюджэце краіны на будучы год на гэтую мэту выдзеленыя 30 мільёнаў злотых (амаль 7 мільёнаў эўра). У першай чарговасьці працэс рэпатрыяцыі ахопіць каля тысячы палякаў з Казахстану.

Закон аб рэпатрыяцыі датычыць асобаў, якія да распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе жылі ў „месцах ссылкі”, то бок палякаў, пераселеных у глыб Расеі, а таксама ў Казахстан і суседнія рэспублікі. Новы закон агулам можа ахопіць каля 10 тысяч чалавек і дзейнічаць цягам бліжэйшых 10 гадоў.

Асноўны цяжар рэпатрыяцыі пяройме дзяржава. У тым ліку гаворка ідзе пра доўгатэрміновую фінансавую падтрымку рэпатрыянтаў. Паводле выданьня „Rzeczpospolita”, на пасяленьне ў Польшчы сям’я атрымае, між іншым, 90 тысяч злотых (амаль 21 тысячу эўра).

Нагадаем, у 1936 годзе камуністы арганізавалі першую акцыю па перасяленьні палякаў і немцаў, якія жылі непадалёк заходніх межаў Савецкага Саюза. Пераселеныя былі 69 тысяч чалавек. 75% зь іх - гэта былі палякі. Чарговыя ссылкі былі праведзеныя ў 1940-1941 і 1944-1945 гадах.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт