Logo Polskiego Radia
Print

«На экспансію ў Пуціна засталося ўсяго пяць-шэсьць гадоў»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.10.2016 15:30
  • На экспансію ў Пуціна засталося ўсяго пяць-шэсьць гадоў.mp3
Расея слабее, менавіта таму Пуцін паводзіць сябе агрэсіўна. Аднак Эўропу ён успрымае як яшчэ слабейшую – лічыць прафэсар Анджэй Новак.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Расея распачала агрэсію супраць Украіны таму, што імкліва слабее, а заходні кірунак экспансіі Пуцін выбраў таму, што ўспрымае заходнія краіны як яшчэ слабейшыя. Пра гэта на кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які нядаўна прайшоў у летувіскім Коўне, заявіў гісторык з Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве прафэсар Анджэй Новак. Як Эўразьвяз можа стрымаць Уладзімера Пуціна і падштурхнуць Расею да дэмакратычных пераменаў? Пра гэта прафэсар Новак распавядае Аляксандру Папко.

Спадар прафэсар, падчас дыскусіі «Ўсходняя Эўропа: шанцы й выклікі» вы заявілі, што пуцінская Расея ня можа праводзіць экспансію на Ўсход, таму стараецца падпарадкаваць сваёй волі ўсходнеэўрапейскія краіны. Чаму Пуцін ідзе ў Эўропу?

Анджэй Новак: Азіяцкія краіны ўзмацняюцца, а Эўропа слабее. Гэта не адкрыцьцё Ўладзімера Пуціна. Гэта можа сказаць любы дасьледчык міжнародных адносінаў. Эўропа слабее ня толькі дэмаграфічна ці эканамічна. Перш за ўсё, Заходняй Эўропе бракуе аптымізму й палітычнай волі. Узьнікае ўражаньне, што Заходняя Эўропа ператвараецца ў люксавы дом састарэлых. У гэты самы час Турцыя, Іран, Кітай, Індыя бачаць перад сабой вялікую будучыню й стараюцца яе дасягнуць, часам гвалтоўнымі і непрымальнымі з нашага пункту гледжаньня мэтадамі.

Таму Расея б’е туды, дзе адчувае найслабейшы супраціў. А найслабейшы супраціў яна адчувае на Захадзе. Нам падаецца, што багацьце, накопленае Эўропай, зьяўляецца гарантыяй бясьпекі. А гэта не так! Вы пытаецеся, чаму бедная Расея грозіць багатай Эўропе. У гісторыі заўсёды бяднейшыя захоплівалі багацейшых. Адваротнае здаралася рэдка.

Аднак цяпер Расея – гэта таксама дома састарэлых, і нашмат менш камфортны, чым ЭЗ. Ці ў стане Расея працягваць агрэсію супраць Украіны, аказваць ціск на краіны Балтыі, Цэнтральнай Эўропы ці Скандынавіі?

Анджэй Новак: Канешне, вы маеце рацыю, гаворачы пра цяжкую дэмаграфічную сытуацыю ў Расеі. Аднак тое, што дэмаграфічныя й эканамічныя магчымасьці Расеі не павялічваюцца, а скарачаюцца, акурат і прыводзіць да таго, што Расея становіцца больш агрэсіўнай. Уладзімер Пуцін робіць усё, каб ня выглядаць старым. Ён стараецца паказаць сябе моцным і энэргічным. Часу ў Расеі засталося зусім няшмат – і таму Крэмль робіць рэзкія рухі. Кітаю сьпяшацца ня трэба. Ён можа чакаць сто-дзьвесьце гадоў, каб пераняць кантроль над сьветам. А Расея павінна цяпер здабыць як мага больш рэсурсаў і ўплыву, каб проста ўтрымацца ў глябальнай гульні ў XXI стагодзьдзі. Праз пяць-шэсьць гадоў яна стане значна слабейшай.

І менавіта з-за гэтага яна здольная на рэчы, якія нам здаюцца немагчымымі – на правакаваньне інцыдэнтаў, скіраваных ня толькі супраць Украіны, Эстоніі ці Летувы, але й Заходняй Эўропы. Пуцін хоча прымусіць Эўропу аслабнуць, адступіць. Ён не здольны на адкрытую вайну супраць Эўропы, але ўвесь час гэтай вайной пагражае. Крэмль заяўляе: «Калі вы будзеце перашкаджаць нам у дасягненьні нашых мэтаў ва Ўсходняй Эўропе, мы не адступім нават перад вайной. А вы павіныя адступіць!»

І якую палітыку ў стасунку да Расеі павінныя праводзіць Эўразьвяз, Польшча, краіны Балтыі?

Анджэй Новак: Мой адказ вынікае з таго, што я толькі што сказаў: не адступаць. Трэба скаардынаваць сваю ўсходнюю палітыку, ацаніць пагрозы, якія сыходзяць з незвычайна непрадказальнай і агрэсіўнай палітыкі Пуціна. У распрацоўцы палітыкі Эўразьвязу вядучую ролю павінныя адыгрываць краіны Цэнтральнай Эўропы, у тым ліку Польшча, а таксама скандынаўскія краіны на чале са Швэцыяй. Яны маюць больш за ўсё досьведу і найлепш усьведамляюць пагрозы. Трэба затрымаць Пуціна, паказаць, што ён не мае посьпехаў. Пуцін страшны толькі пакуль атрымлівае перамогі. Гэта павялічвае ягоную падтрымку ўнутры самой Расеі. Толькі калі супраціўленьне Эўропы затрымае Пуціна, і ён перастане дэманстраваць посьпехі, мы можам спадзявацца, што палітыка Расеі пачне зьмяняцца. Тады пачнецца эўрапеізацыя Расеі, а не экспансія Расеі ў Эўропу, якую мы бачым цяпер.

Вы заяўлялі пра тое, што інтэграцыя Ўкраіны й Беларусі з Эўрапейскім зьвязам прывядзе да таго, што Расея сама пачне збліжацца з Эўропай. Чаму вы лічыце, што гэта адбудзецца, і чаму вы лічыце, што гэта патрэбна?

Анджэй Новак: Па-першае, я лічу, што Эўропа цяпер перажывае ўнутраны цывілізацыйны канфлікт. Ведаю, што мае словы гучаць вельмі палітычна некарэктна, але я лічу, што нашмат лепш уключыць у Эўрапейскі зьвяз 40 мільёнаў украінцаў і 9 мільёнаў беларусаў, чым адчыняць дзьверы для іміграцыі з Афрыкі і Паўднёвай Азіі – рэгіёнаў, непараўнана больш адрозных у культурным пляне ад таго, што стварала эўрапейскую цывілізацыю на працягу апошняй тысячы гадоў. Далучэньне да Аб’яднанай Эўропы народаў, якія шмат вякоў былі зьвязаныя з Эўропай, мне падаецца больш лягічным рашэньнем, чым унутраная зьмена самой Эўропы ў выніку прыняцьця людзей, якія ня маюць нічога супольнага з эўрапейскімі традыцыямі й сыстэмай каштоўнасьцяў.

А як эўрапейская інтэграцыя Ўкраіны й Беларусі можа зьмяніць Расею?

Анджэй Новак: Калі Ўкраіне ўдасца ўмацаваць сваю незалежнасьць, калі Пуцін будзе затрыманы, то павялічацца шанцы на перамогу праэўрапейскіх, прадэмакратычных сілаў у Беларусі. А калі гэтыя перамены адбудуцца ў Беларусі, то прыклад Беларусі і Ўкраіны натхніць прадэмакратычна ды праэўрапейска настроеных людзей у Расеі. Трагедыя прадэмакратычных сілаў, якія, несумненна, ёсьць у Расеі, вынікае з таго, што дзеяньні Ўладзімера Пуціна, якія абапіраюцца на абсалютна іншыя каштоўнасьці, прыносяць посьпех. А дзеяньні Эўропы, якія абапіраюцца на дэмакратычня каштоўнасьці, аказваюцца марнымі, слабымі, заканчваюцца няўдачамі. Толькі калі «старая» Эўропа аб’яднае свае дзеяньні з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы й затрымае Пуціна, Расея зможа зьмяніцца, пачне набліжацца да Эўропы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт