Logo Polskiego Radia
Print

Палякі масава выяжджаюць у замежжа

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.10.2016 14:27
Яны шукаюць шчасьце ва ўсё больш адлеглых краінах.
pixabay.com

PRZEGLĄD: Колькасьць палякаў, якія выяжджаюць за мяжу на заўсёды, сыстэматычна расьце. Яны шукаюць шчасьце ва ўсё больш адлеглых краінах. Цягам апошніх двух дэкад у краіне назіраецца беспрэцэдэнтная на ўзроўні рэгіёну, а нават кантынэнту міграцыя палякаў, накіраваная найперш на краіны Заходняй Эўропы.

Прыклад польскай эміграцыі вельмі цікавы й важны, паколькі яго каталізатарам ня быў ваенны канфлікт, ані глыбокі эканамічны крызыс. З часоў сыстэмных перамен на пераломе 80 і 90-х гадоў палякі ўсё часьцей і ўсё больш арганізавана выяжджаюць з краіны, пераважна з заробкавымі мэтамі. Для чарговых пакаленьняў эміграцыя стала рэальнай магчымасьцю жыцьцёвага разьвіцьця. Калі з пачатку яе выбіралі з прымусу, то апошнімі гадамі эміграцыю лічаць найлепшым шляхам да посьпеху й паляпшэньня свайго матэрыяльнага становішча.

У дыскусіі пра эміграцыю палякаў чуваць некалькі небясьпечных тэзаў, якія можна назваць спрошчанымі й непацьверджанымі мітамі. Па-першае, надалей пануе перакананьне, што найперш выяжджаюць некваліфікаваныя працаўнікі, якія выконваюць найбольш простую працу. Аднак з Польшчы выяжджаюць ня толькі афіцыянты, сьлесары, кіроўцы й няні для дзяцей. Усё часьцей адной з прычын эміграцыі зьяўляецца адукацыйны рост, пра што сьведчаць 35 тысяч польскіх студэнтаў у замежных ВНУ. Краіну пакідаюць усё больш кваліфікаваныя працаўнікі з добрымі заробкамі – лекары, праграмісты, інжынэры.

Сымбалем польскай эміграцыі апошнімі гадамі стала Вялікабрытанія. Другое месца займае Нямеччына, нязьменна папулярнымі зьяўляецца Францыя й Нарвэгія. Галяндыя й Аўстрыя застаюцца для палякаў галоўным выбарам таксама таму, што апошнімі гадамі ўзровень беспрацоўя ў іх быў мізэрным.

Зь іншага боку палякі ўсё больш ахвотна едуць у менш натуральныя міграцыйныя напрамкі, напрыклад, у Ісьляндыю. Галоўнай прычынай зьяўляюцца высокія заробкі – 30 тысяч злотых у месяц. Іншым папулярным, хоць менш традыцыйным напрамкам зьяўляецца Канада, дзе знаходзіцца каля 40 тысяч палякаў, амаль на 10 тысяч больш, чым дэкаду назад. Асобнай тэмай эміграцыі зьяўляюцца ЗША.

Агулам палякаў, якія лічацца эмігрантамі, паводле ацэнак польскіх улад, на дадзены момант 2,4 млн.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт