Logo Polskiego Radia
Print

Брытанскі дэпутат заклікаў палякаў пакінуць ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.10.2016 16:17
  • Брытанскі дэпутат .mp3
“Людзі патрабуюць, каб улада мела адказнасьць і была да іх блізкай, а не аддалялася.”
British Conservative MP Daniel Kawczyński. Photo: Polish RadioBritish Conservative MP Daniel Kawczyński. Photo: Polish Radio

У Варшаву прыехаў брытанскі дэпутат, паляк па паходжаньні Даніэль Каўчыньскі. Ягоная мэта – паспрабаваць пераканаць польскіх палітыкаў пайсьці сьледам за Вялікабрытаніяй ды выйсьці з ЭЗ.

У размове з Польскім радыё ён падзяліўся сваімі аргумэнтамі на карысьць дадзенай ідэі. Маўляў, ЭЗ умешваецца ў польскія ўнутраныя справы, а неўзабаве будзе браць з польскага бюджэту больш, чым Польшча атрымлівае з Брусэля.

Ці вы - першы брытанскі дэпутат польскага паходжаньня?

Даніэль Каўчыньскі: Так. Мая сям’я зьехала з Польшчы ў 1978. Гэта было не маё рашэньне, а маіх бацькоў, якія мелі моцна антыкамуністычныя погляды. Пазьней з-за вайсковага становішча мы не маглі вярнуцца. Я пайшоў у ангельскую школу, але сачыў за тым, што адбываецца ў Польшчы. Частка маёй сям’і засталася тут, таму я не губляў кантакты. Мы зьбіралі рэчы, прысылалі сюды, мы дапамагалі Польшчы й палякам.

Як вы ахарактарызуеце польска-брытанскія адносіны?

Даніэль Каўчыньскі: Гэта прыязныя адносіны. Мы без ваганьняў выканаем наш абавязак па падтрымцы палякаў. Любая атака на Польшчу, любога характару, і наш парлямэнт ніколі не згодзіцца закрыць на гэта вочы: будзем поўная падтрымка Польшчы, у тым ліку ў рамках NATO. Хоць мя цяпер і выходзім з ЭЗ, але ў рамках трансатлянтычнай абарончай структуры мы застаёмся плячом к плячу з палякамі.

З чым вы прыехалі ў Польшчу?

Даніэль Каўчыньскі: Я прыехаў абмеркаваць вельмі важную тэму для мяне. Я размаўляў з палітыкамі з партыі “Права й справядлівасьць” ды руху “Кукіз’15”. Мы абмяркоўвалі Брэксіт. Чаму мы галасавалі за выхад з ЭЗ, чаму наша краіна палічыла для сябе непэрспэктыўным быць чальцом дадзенага палітычнага зьвязу? Я адказваў на гэтыя пытаньні. У Польшчы таксама ёсьць эўраскептыкі, прыхільнікі выхаду з ЭЗ, хаця большасьць грамадзтва пакуль настаўленая на тое, каб застацца ў Эўразьвязе. Я разумею гэта, але варта таксама пачаць дыскусію пра тое, што ляжыць у польскім інтарэсе.

Якія, на вашу думку, тут інтарэсы ў Польшчы?

Даніэль Каўчыньскі: Неўзабаве Польшча стане плацельшчыкам, а не атрымальнікам эўрапейскіх сродкаў. Больш за тое, ЭЗ ужо актыўна ўмешваецца ва ўнутраныя справы Польшчы. Гучны прыклад – Канстытуцыйны суд. Таксама ЭЗ навязвае колькасьць уцекачоў, якіх Польшча павінна прыняць. А галоўная прычына таго, чаму мы выйшлі з ЭЗ, гэта тое, што мы былі стомленыя пастаянным умяшальніцтвам у справы нашай сувэрэннай нацыі з боку неабраных ды некантраляваных бюракратаў з Брусэля. Людзі патрабуюць, каб улада мела адказнасьць і была да іх блізкай, а не аддалялася. Вы можаце дабіцца празрыстасьці ды адказнасьці з боку палітыкаў толькі тады, калі яны будуць блізка да людзей, а не наадварот.

Брытанскі дэпутат запрасіў польскіх калег наведаць брытанскі парлямэнт. Ён заклікае пачаць дыскусію над стратэгічным інтарэсам Польшчы і над тым, ці чалецтва ў ЭЗ трапляе ў сьпіс гэтых прыярытэтаў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Размаўляў Міхал Аўчарэк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт