Logo Polskiego Radia
Print

Урад купляе жыцьцё за 4 тысячы злотых

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.11.2016 14:51
Польскі ўрад прапануе жанчыне аднаразова 1 тысячу даляраў, калі яна народзіць цяжка хворае дзіця.
pixabay.com/CC0

Сацыяльную дапамогу ў памеры аднае тысячы даляраў польскі ўрад прапануе жанчынам, якія вырашацца нарадзіць цяжка хворае дзіця. Акрамя гэтага, урад абяцае хуткі доступ да лекараў і памочніка, які будзе займацца арганізацыяй мэдыцынскай падтрымкі. Гэта асноўныя прапановы ўрадавага праекту „За жыцьцё”. Учора гэты дакумэнт прыняў урад і накіраваў на разгляд у Сэйм.

Урадавы законапраект выклікае яшчэ больш спрэчак, чым ідэя поўнай забароны абортаў у Польшчы. „Гэта сьпіс паслуг, якія ўжо ёсьць, аднак гэта пустыя абяцаньні й адна ідыёцкая прапанова – 4 тысячы злотых за нараджэньне дзіцяці-інваліда”, - мяркуе сацыёляг Павал Кульбіцкі, які займаецца дзяржаўнай палітыкай у дачыненьні да інвалідаў і пажылых людзей. Ён лічыць, што закон можа спараджаць дыскрымінацыю іншых дзяцей. Бо калі дзеці з пасьведчанай інваліднасьцю яшчэ ва ўлоньні маці атрымаюць пяршынства ў чарзе да лекараў, да госьпісаў, то гэта значыць, што з чаргі выцясьняць, напрыклад, двухгадовае дзіця, якое захварэла ракам.

Ва ўрадавым законапраекце не гаворыцца пра фінансавыя наступствы. Праграма „За жыцьцё” павінна падтрымліваць жанчын у выпадку цяжарнасьці з дзіцём-інвалідам і скараціць колькасьць абортаў па прычыне хвароб плоду. Ідэя ўзьнікла, калі „Права і справядлівасьць” (ПіС) вырашыла адкінуць грамадзянскі законапраект поўнай забароны абортаў. Аднак цяпер палітыкі ПіС не выключаюць, што разам з праграмай „За жыцьцё” будуць уведзеныя абмежаваньні абортаў у выпадку паталёгіі ненароджанага дзіцяці.

Dziennik. Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт