Logo Polskiego Radia
Print

Патрыятызм - гэта таксама выплачваньне падаткаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.11.2016 13:56
Рысай патрыятызму палякаў зьяўляецца гатоўнасьць ахвяраваць жыцьцём за Айчыну.
Photo:kuchenkainternetowa/flickr.com/Commercial use allowed

Выхаваньне дзяцей у духу патрыятызму, выплата падаткаў, а таксама гатоўнасьць ахвяраваць жыцьцём або здароўем за Айчыну – гэта рысы сучаснага польскага патрыёта паводле апытаньня Інстытуту рынкавых і грамадзкіх дасьледаваньняў, вынікі якога прыводзіць выданьне „Rzeczpospolita”.

Рэспандэнты маглі выбраць максымальна тры рысы зь дзесяці прапанаваных, якія паводле іх найлепш апісваюць сучаснага патрыёта. 49% зь іх паказвалі на выхаваньне дзяцей у духу патрыятызму, на непазьбяганьне выплаты падаткаў – 37%, а 31% - на гатоўнасьць ахвяраваць сваім здароўем і жыцьцём за краіну. Аналягічны працэнт рэспандэнтаў пазначыў абавязак удзелу ў выбарах – 30%

Цікава, што пра выхаваньне дзяцей у духу патрыятызму часьцей кажуць жанчыны, чым у мужчыны. У сваю чаргу, ахвяраваць сваім жыцьцём за Айчыну больш гатовыя мужчыны й маладыя людзі ва ўзросьце 18-24 гадоў.

Амаль кожны чацьвёрты рэспандэнт (24%) прызнаў, што патрыятызм - гэта для яго таксама дапамога іншым і грамадзкая актыўнасьць (23%).

Найменш папулярнымі былі такія адказы, як „прызнаньне ў любові да Радзімы" (13 адсоткаў), ці „прызнаньне ў патрыятычных пачуцьцях” (10%).

На думку аўтараў апытаньня, вынікі паказваюць, што большасьць палякаў „аддае перавагу канкрэтным паводзінам або дзеяньням, якія важнейшыя, чым словы”.

Гісторык, старшыня Фонду культурнай спадчыны Міхал Ляшчкоўскі (Michał Laszczkowski) адзначае: няма ніякіх сумненьняў у тым, што палякі прывязаныя да гісторыі, самасьвядомасьці й спадчыны.

„Адначасова яны прадстаўляюць сабой так званы сучасны патрыятызм, то бок яны гатовыя плаціць падаткі, удзельнічаць у выбарах. Такія паводзіны яшчэ некалькі гадоў таму не лічыліся патрыятычнымі. Характэрнай рысай патрыятызму палякаў зьяўляецца гатоўнасьць ахвяраваць здароўем і жыцьцём за краіну”, - канстатуе гісторык у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт