Logo Polskiego Radia
Print

Польша ставіць на палітыку “незамоўчваньня праблем”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.11.2016 13:37
  • Польша ставіць на.mp3
Варшава пратэстуе супраць мігрантаў, фэдэралізму ЭЗ ды ўмацоўвае сваю пазыцыю ў рэгіёне.
Праф. Зьдзіслаў КраснадэмбськіПраф. Зьдзіслаў КраснадэмбськіRP PRdZ

Цяперашні польскі ўрад кіруе краінай ужо год. За гэты час ён сутыкнуўся з адчувальнай крытыкай з боку Брусэля за некаторыя свае ўнутраныя ды зьнешнія крокі. Аднак цяпер пазыцыя Польшчы ў ЭЗ стабілізавалася. Разам з тым Варшава спрабуе паляпшаць адносіны з краінамі з па-за ЭЗ ды ўвогуле Эўропы.

16 лістапада мінулага году ў Польшчы быў сфармаваны новы ўрад. Гэта быў вынік перамогі на парлямэнцкіх выбарах кансэрватыўнай партыі “Права й справядлівасьць”. Сёньня партыя ды ўрад падводзяць вынікі свайго першага году кіраваньня. Урад хваліцца выкананьнем абяцаньняў ва ўнутранай палітыцы, у першую чаргу праграмай дапамогі дзецям 500+. У міжнароднай палітыцы дзеяньні ўраду былі ацэненыя больш сурова. Апанэнты казалі пра тое, што Польшча губляе сваю пазыцыю ў ЭЗ, асабліва ў адносінах з Францыяй ды Нямеччынай.

На крытыку адказаў прафэсар, сацыёляг, эўрадэпутат ад кіроўнай партыі “Права й справядлівасьць” Зьдзіслаў Краснадэбскі.

Зьдзіслаў Краснадэмбскі: На маю думку, можна паставіць пазытыўную ацэнку. Посьпехам ураду стала арганізацыя саміту НАТО ў Варшаве ды прыняцьце рашэньня пра ўзмацненьне ўсходняга флянгу НАТО. Гэта былі няпростыя рашэньні, былі прапановы пераносу саміта. Апроч таго, польскі ўрад атрымаў давер з боку сваіх міжнародных партнэраў. Аднак лёгка не было, бо на імідж ураду ўплывалі ўнутраныя справы. У першую чаргу гэта пытаньне Канстытуцыйнага суда. Урад змог адказаць на крытыку ўраду, асабліва пасьля выступу прэм’ер-міністар Бэаты Шыдла ў Эўрапейскім парлямэнце. Аднак да канца не ўдалося вырашыць гэтую праблему, хоць давер удалося здабыць.

Цяпер зьмяняецца міжнародная сытуацыя. Як на гэта рэагуе Варшава?

Зьдзіслаў Краснадэмбскі: Сапраўды, зьмяняецца міжнародная сытуацыя. Рэцэпт тут адзін – спакойная ды пасьлядоўная замежная палітыка. Гэта важна. Іншая рэч – гэта інтэнсыфікацыя кантактаў у Вышаградзкай групе, а таксама нашы кантакты ў рэгіёне. Гэта адраджэньне той палітыкі, якую вёў прэзыдэнт Лех Качыньскі. Яна вядзецца ў іншых умовах, але прыносіць эфэкты. Вышаградзкая група, напрыклад, мае моцную пазыцыю ў ЭЗ, тут ёсьць вялікая заслуга Польшчы.

Што дае Польшчы паглыбленьне супрацы з краінамі згаданай групы?

Зьдзіслаў Краснадэмбскі: Мы маем супольныя інтарэсы ды праблемы як эканамічнага, так і палітычнага характару. Гэта пытаньне мігрантаў, крызыс ЭЗ - шмат нас злучае. У Эўразьвязе такое аб’яднаньне краін азначае магчымасьць дасягнуць большага, мацнейшую пазыцыю падчас перамоў. Мы адышлі ад палітыкі заплюшчваньня вачэй на праблемы, ігнараваньня адрозьненьняў, якія існуюць паміж намі ды Францыяй або Нямеччынай. Таксама мы будуем яшчэ адзін, больш шырокі саюз у рамках Усходняга партнэрства. Акрамя таго, расьце наш інтарэс да сьвету, зьявіліся новыя ініцыятывы ў сфэры польска-кітайскіх адносін, вядзецца вельмі інтэнсіўная эканамічная дыпляматыя. На маю думку, гэты год шматабяцальны. Будучы будзе складаны з-за зьмен, але закладзеныя падваліны дазволяць нам прасоўваць наша бачаньне Эўропы ды сьвету.

Польшчу частку крытыкуюць у ЭЗ за недастатковую наднацыянальнасьць. Што з гэтым зрабіў урад?

Зьдзіслаў Краснадэмбскі: Гэта крытыка з боку людзей, якія ня ведаюць, як працуюць мэханізмы ЭЗ. Часта за наднацыянальнай рыторыкай хаваюцца нацыянальныя інтарэсы. Гэта толькі прыкрыцьцё. Польская палітыка накіравана на супрацоўніцтва, мы не выступаем за аслабленьне ЭЗ. Аднак мы лічым, што фэдэралізм – гэта не адзіны шлях для сёньняшняй Эўропы, тым больш, што ён ня мае шырокай падтрымкі з боку грамадзян. Закіды наконт ізаляцыі Польшчы – беспадстаўныя, так могуць казаць толькі асобы, якія ня ведаюць пра тое, якім чынам устанаўліваюцца кантакты, у тым ліку й нефармальнага характару з партнэрамі ў рэгіёне ды на Захадзе.

Ці Польшча за апошні год умацавала свой міжнародны патэнцыял?

Зьдзіслаў Краснадэмбскі: Дакладна можна сказаць, што ўмацавалася наша пазыцыя ў рэгіёне як сярод новых чальцоў ЭЗ, такі шырэй. Мы разьвіваем стратэгічныя адносіны з Украінай і Грузіяй, пачалі будаваць новыя кантакты зь Беларусьсю. Важным было рашэньне пра ўмацаваньне НАТО. Мы павінны больш паклапаціцца пра наш міжнародны імідж, змагацца з нападамі у СМІ. Спадзяюся, што канфлікт вакол Канстытуцыйнага суда будзе завершаны ў сьнежні. Тады на нашу замежную палітыку можна будзе паглядзець больш аб’ектыўна.

падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт