Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь усталёўвае межы там, дзе іх раней не было

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.11.2016 09:25
  • межы.mp3
Калі Беларусі ўдасца паставіць шчыльную мяжы на поўдні, то адкрытай застанецца толькі мяжа з Расеяй.
pixabay.com

На трэцім дзесятку гадоў свайго незалежнага існаваньня Беларусь у канцы канцоў усталёўвае дзяржаўныя межы там, дзе іх бадай ніколі ў гісторыі не было. Асабліва важна ўсталяваць адпаведны кантроль на паўднёвай мяжы Беларусі, і пра гэта клапоціцца таксама Эўрапейскі Зьвяз, выдзяляючы дзяржаве сур’ёзную фінансавую падтрымку на гэтыя мэты. Хоць межы і празрыстыя, то ўсё ж такі гэтыя бар’еры выклікаюць пэўныя праблемы, як пры перасячэньні іх людзьмі, так і таварамі.

Больш падрабязна пра ахову Беларусяй дзяржаўных межаў распавядае асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан.

С. Богдан: Сытуацыя на паўднёвай мяжы Беларусі пагражае перацяканьнем зброі, крымінальнымі здарэньнямі. Мяжа з Украінай – перадапошняя, якую належыць закрываць. Застанецца толькі мяжа з Расеяй. Эўразьвяз вылучыў сродкі на абсталяваньне беларуска-украінскай мяжы, калі паўстала пытаньне магчымага далучэньня Ўкраіны ў будучыні да ЭЗ. Гэта быў крок у бок Украіны, але і Беларусі дасталася. Так што ў двух-трохгадовай пэрспэктыве ўся наша паўднёвая мяжа будзе закрытая.

Тады застанецца адкрытай толькі расейска-беларуская мяжа, хаця адкрытай не да канца. Тэарэтычна яна празрыстая, але нядаўна расейцы закрылі сваю мяжу зь Беларусяй для грамадзян трэціх краін, нават даволі нечакана для беларускіх уладаў. Чаму гэта было зроблена?

С. Богдан: З боку Масквы гэта было непрыгожым крокам, паколькі шмат гадоў існавала такая сытуацыя, што празь мяжу туды-сюды соўваліся тавары і людзі, і Расея з гэтым пагаджалася. Аднак, калі паўсталі палітычныя пытаньні паміж Менскам і Масквой, Крэмль вырашыў зачыніць мяжу. У Беларусі ёсьць моцныя аргумэнты, каб не закрываць мяжу, яна ж з Расеяй стварае саюзную дзяржаву. Так што гэта выключна палітычны жэст, пакараньне для Беларусі. Для беларусаў гэта вялікі ўдар, паколькі яны рабілі стаўку на транзыт.

І празь беларуска-польскую мяжу, і праз расейска-беларускую ідзе вялікая кантрабанда. Напрыклад, Уладзімер Падгол піша звароты да ўладаў з патрабаваньнем зачыніць мяжу з Расеяй, каб спыніць паток наркотыкаў, які адтуль ідзе. У сваю чаргу на захад Эўропы зь Беларусі пастаўляюцца нелегальна вялікія партыі цыгарэт.

С. Богдан: Калі спадар Падгол лічыць, што гэта вырашыць праблему, то хай ён паглядзіць на сытуацыю на беларуска-польскай або беларуска-летувіскай мяжы. Праблема ня ў тым, што няма мяжы, а ў тым, як функцыянуюць праваахоўныя органы. Тут закранаюцца прынцыпы працы дзяржаўных органаў. Патрэбная большая празрыстасьць усіх органаў, датычных да кантролю мяжы. Дарэчы, на цыгарэтах, якія былі затрыманыя нядаўна ў Цярэспалі былі акцызныя маркі. Таму можна прасачыць, хто іх закупляў ад вытворцаў. Знайсьці тых, хто гэтым займаецца, магчыма, але гэтага ня робіцца.

Размаўляла Натальля Грышкевіч

Чытайце таксама артыкул на ostro.by


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт