Logo Polskiego Radia
Print

«Дазваляецца ўсё, што не забараняецца правам»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.11.2016 15:49
Гэта асноўны дэвіз «Канстытуцыі для бізнэсу», якая павінна выцягнуць зь ценявой зоны мільён ІП.
flickr.com

Намесьнік прэм’ер-міністра польскага ўраду Матэвуш Маравецкі пазнаёміў з прынцыпамі гэтак званай «Канстытуцыі для бізнэсу». Закон павінен стварыць прыязны клімат для дзейнасьці фірмаў, спрасьціць законы й вывесьці індывідуальных прадпрымальнікаў зь ценявой зоны, і наогул стаць штуршком для эканамічнага разьвіцьця Польшчы.

Афіцыйна новы законапраект называецца «Права прадпрымальнікаў». Дакумэнтам прапануецца ўвесьці льготы для пачынальнікаў эканамічнай дзейнасьці, адмену абавязку рэгістрацыі фірмы й атрыманьня адмысловага нумару REGON, а таксама прапануецца ўвесьці адказнасьць чыноўнікаў за рашэньні ў справах фірмаў.

Кіруючыя вырашылі і ўнесьлі ў «Канстытуцыю для бізнэсу» прынцып: «дазваляецца ўсё, што не забараняецца правам». Таксама гаворыцца пра прэзумпцыю невіноўнасьці й выгаднае для прадпрымальнікаў тлумачэньне закона.

Матэвуш Маравецкі падкрэсьлівае, што мэтай зьяўляецца такое зьмяненьне права, якое вызваліць энэргію польскіх фірмаў і прывядзе да пераадоленьня антаганізмаў паміж дзяржавай і прадпрымальнікамі.

М.Маравецкі: Прадпрымальнікі гэта не ашуканцы, а дзяржава гэта не рабаўнік і не крывапівец. Само прымяненьне такіх словаў дрэннае, бо не выбудоўвае супольнасьці, адзінства. Дзяржавы, якія дасягнулі вялікага посьпеху, выпрацавалі прастору для кампрамісу.

Намесьнік прэм’ер-міністра заявіў журналістам, што паляпшэньне ўмоў для вядзеньня бізнэсу зьяўляецца яго прыярытэтам. Маравецкі адзначыў: гэта якраз прадпрымальнікі выпрацоўваюць рост ВУП. Яны таксама ствараюць новыя прадукты, шукаюць новыя рынкі збыту й павялічваюць экспарт.

Міністэрства разьвіцьця сваёй задачай вызначыла вывесьці мільён індывідуальных прадпрымальнікаў зь ценявой зоны. Маравецкі заявіў пра зьмяншэньне падаткаў для самых дробных прадпрымальнікаў, якія за месяц чыстымі зарабляюць ня больш за 5 тысяч злотых.

М.Маравецкі: Шэраг правілаў, зьмешчаных у «Канстытуцыю для бізнэсу», запрашаюць, магчыма, нават адзін мільён індывідуальных малых, мікра-прадпрымальнікаў выйсьці зь ценявой зоны. Стаўкі сацыяльнага страхаваньня ZUS, пэнсійныя ўзносы будуць такім чынам вызначацца, каб прадпрымальнік меў магчымасьць іх заплаціць.

«Канстытуцыя для бізнэсу«, сярод іншага, ліквідуе неабходнасьць рэгістрацыі некаторых мікрафірмаў. Гэта тычыцца тых, хто падпрацоўвае, а заробак не перавышае паловы мінімальнай заработнай платы.

Праект прадугледжвае вызваленьне ад узносаў на сацыяльнае забесьпячэньне для новых прадпрымальнікаў за першыя 6 месяцаў. Міністэрства разьвіцьця таксама хоча ліквідаваць код рэгістрацыі эканамічнай дзейнасьці REGON. Прадпрымальнік у кантактах з уладамі будзе выкарыстоўваць толькі код падатковай ідэнтычнасьці NIP. Урад прапануе ліквідаваць дазволы й ліцэнзіі.

Дзеля абароны бізнэсоўцаў будзе пакліканы амбудсмэн прадпрымальніка й група спэцыялістаў, якія будуць кансультаваць новыя правілы, датычныя фірмаў – пра гэта таксама заявіў міністар разьвіцьця й фінансаў Матэвуш Маравецкі.

М.Маравецкі: Амбудсмэн прадпрымальніка будзе мець канкрэтныя паўнамоцтвы, якія мы вызначым у выніку грамадзкіх кансультацый цягам бліжэйшых тыдняў. Мы плянуем таксама стварыць супольную камісію ўраду й прадпрымальнікаў. Нам патрэбны форум, які дапаможа зладзіць добры дыялёг паміж прадпрымальнікамі й дзяржавай.

Апазыцыйныя палітыкі ў польскім Сэйме »Канстытуцыю для бізнэсу«, назвалі «наборам паўторных правілаў». «Гэтыя нормы зьмяшчаюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, у пастановах Канстытуцыйнага суду й дастаткова, каб « Права й справядлівасьць» прытрымліваліся іх, – аргумэнтавалі прадстаўнікі апазыцыі.

Лідар Грамадзянскай плятформы Гжэгаж Схэтына зазначыў, што многія прапановы Маравецкага былі ўведзеныя папярэднімі ўладамі.

Г.Схэтына: Добра, што ён прыгадвае гэтыя правілы, таму што яны былі ўведзены або іх абмяркоўвалі ў наш час. Новага тут нічога няма, няма новых ідэй на стварэньне лепшых адносін дзяржавы й бізнэсу. Гэта толькі іх мроя. І мы ўсе гэта бачым.

«Business Centre Club» (BCC) – арганізацыя, якая гуртуе польскіх прадпрымальнікаў, выказала задавальненьне вяртаньнем да прынцыпу «Усё дазваляецца, што правам не забараняецца».

Для прадпрымальнікаў вялікае значэньне мае прынцып адказнасьці службовых асоб за парушэньне закона й права на ацэнку якасьці абслугоўваньня ў офісе. Паводле «Канстытуцыі для бізнэсу», закон павінен быць напісаны на мове, зразумелай для грамадзяніна.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт