Logo Polskiego Radia
Print

Як беларускі імпарт нафты зьмяняе геапалітыку ва Ўсходняй Эўропе

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.11.2016 08:00
  • імпарт нафты.mp3
Пакуль толькі беларускаму ўраду ўдалося прыцягнуць нерасейскую нафту.
pixabay.com/Public Domain CC0

31 кастрычніка, праз некалькі гадоў пасьля таго, як імпарт нерасейскай нафты ў Беларусь спыніўся, першы эшалён з азэрбайджанскай нафтай прыбыў на нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры.

Аналітык Цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан адзначае, што гэта ня першы раз, калі Беларусь спрабавала паставіць нафту зь іншых краін, чым Расея. Ён кажа, што пакуль толькі беларускаму ўраду ўдалося зьдзейсьніць такі прарыў.

С. Богдан: Гэта азначае, што пры жаданьні, пры адпаведнай палітычнай волі, зрабіць гэта можна. Напрыклад, украінскі ўрад заключыў паў тузіна розных дамоваў, пачынаючы са сьнежня 1991 году, і не атрымаў ні кроплі. Пакуль нікому не ўдалося раскупорыць рэгіён і прывесьці туды іншую крыніцу забесьпячэньня нафтай.

Каб пастаўкі азэрбайджанскай ці іншай нафты былі стабільнымі й выгоднымі, гэта павінна рабіць не адна краіна. «Гэта павінна быць калектыўнае пачынаньне», – працягвае Сяргей Богдан.

С. Богдан: Гэта павінна быць супраца прынамсі з адной краінай, якая мае выхад у мора. Транспартаваньне нафты па моры – гэта не праблема. Праблема – перавозка па сушы. Такая перавозка вельмі дарагая. Здаецца, беларускія ўлады пра гэта думаюць, бо пляны пабудовы трубы да Балтыкі таксама існуюць. Аднак рэгіянальная супраца па розных прычынах не адбываецца. Умоўна кажучы, усходне-эўрапейскія краіны не спраўляюцца з задачай. Пытаньне раскупорваньня рэгіёну й пастаўкі сюды касьпійскай нафты сутыкаецца тут зь інтарэсамі куды больш магутных сілаў у палітыцы.

Усё ж беларускі бок шукае шляхі й партнэраў. Апошняя пастаўка азэрбайджанскай нафты сьведчыць аб тым, што Менск спрабуе знайсьці нейкае рашэньне.

С. Богдан: У 90-ыя гады вельмі прыгожа было пісаць пра чарнаморска-балтыйскія нафтавыя калектары, што можна прывезьці нафту з Закаўказьзя, але праблема ў тым, што практычнага вырашэньня ўсе гэтыя пляны ня мелі. І тут шлях беларускага ўраду процілеглы. Яны спрабуюць вельмі практычным і прагматычным шляхам праверыць, ці ўдасцца ім прыцягнуць больш азэрбайджанскай нафты. А можа ў працэсе пытаньне само сабой знойдзе вырашэньне. Робіцца гэта так, каб не нэрваваць Маскву. Калі б Масква добра разумела паняцьце хаўрусьніка, то яна не рэагавала б так нэрвова на ўсе спробы прыцягненьня ў рэгіён новых крыніц.

«Такога разуменьня Масква ня мае, таму ўсе магчымыя праекты разглядае як пагрозу», – піша ў сваім артыкуле Сяргей Богдан.

У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з аналітыкам.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт