Logo Polskiego Radia
Print

«Парашэнка завяз у старой сыстэме, а мог бы стаць рэфарматарам»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.11.2016 23:59
  • «Парашэнка завяз у старой сыстэме, а мог бы стаць рэфарматарам».mp3
Польскія журналісты Міхал Патоцкі і Зьбігнеў Парафіяновіч апублікавалі кнігу пра ўкраінскага прэзыдэнта. Ёсьць у ёй згадкі й пра Беларусь.
Вокладка кнігі «Крыштальнае фартэпіяна: здрады й перамогі Пятра Парашэнкі» Вокладка кнігі «Крыштальнае фартэпіяна: здрады й перамогі Пятра Парашэнкі» czarne.com.pl

Пётр Парашэнка ўзначаліў Украіну ў з адзін з самых цяжкіх момантаў яе гісторыі. Анэксія Крыму, вайна ў Данбасе, энэргетычная блякада Расеі, эканамічны крызыс, зьбядненьне насельніцтва, разваленая армія – гэтыя праблемы прэзыдэнт павінен быў вырашыць у самы кароткі тэрмін. Парашэнка ўбярог Украіну ад падзеньня ў хаос, аднак завяз у старым сыстэме й ня змог зьмяніць краіну. «Гэта палітык, які замест таго, каб стаць вялікім рэфарматарам, пасяліўся ў палацы, аточаным вялікім мурам, а пасярэдзіне паставіў крыштальнае фартэпіяна», – так пра свайго героя пішуць польскія публіцысты Міхал Патоцкі і Зьбігнеў Парафіяновіч. Пра мінулае й будучыню ўкраінскага прэзыдэнта з аўтарамі кнігі «Крыштальнае фартэпіяна: здрады й перамогі Пятра Парашэнкі» размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Збігнеў, каб напісаць біяграфію Пятра Парашэнкі, вы паехалі ва Ўкраіну й запісалі інтэрвію з некалькімі дзесяткамі палітыкаў, прадпрымальнікаў, звычайных людзей, якія асабіста ведалі ўкраінскага прэзыдэнта ў розныя пэрыяды яго жыцьця. Што вас падштурхнула да такой сур’ёзнай працы?

Міхал
Міхал Патоцкі й Зьбігнеў Парафіяновіч на прэзэнтацыі кнігі ў Варшаве.

Зьбігнеў Парафіяновіч: Гэтая кніга – натуральны працяг нашай першай кнігі «Ваўкі жывуць па-за законам», прысьвечанай Віктару Януковічу, і нават ня столькі яму, колькі сыстэме ўлады, якую ён пабудаваў. Парашэнка – гэта таксама толькі нагода, каб напісаць кнігу пра ўкраінскую трансфармацыю. Мы хацелі акрэсьліць пэрспэктывы гэтай палітычнай і эканамічнай трансфармацыі.

Спадар Міхал, як бы вы маглі растлумачыць назву гэтай кнігі?

Міхал Патоцкі: Крыштальнае фартэпіяна – гэта прадмет, якія сапраўды знаходзіцца ў доме Пятра Парашэнкі. Яно стала для нас сымбалем укараненьня Парашэнкі ў старой сыстэме. Гэта вельмі глямурная рэч, спэцыяльна выстаўленая на паказ. Зь іншага боку, гэта музычны інструмэнт, а не залаты батон. На фартэпіяна можна граць Шапэна ці Моцарта. Гэта сымбаль таго, што збліжае Парашэнку з Захадам і добра характарызуе яго як чалавека. Другая частка назвы «здрады і перамогі» – гэта намёк на палітычны жаргон Украіны. Украінцы маюць тэндэнцыю назваць любую палітычную падзею альбо здрадай, альбо перамогай. Выкарыстоўваючы гэтую мэтафару, мы хацелі паказаць, што мы ацэньваем як перамогі, так і паразы Пятра Парашэнкі.

Пётр Парашэнка прыйшоў у палітыку зь бізнэсу й прыйшоў нашмат пазьней за іншых. Як Парашэнка-прадпрымальнік паўплываў на Парашэнку-палітыка?

Зьбігнеў Парафіяновіч: Парашэнка-прадпрымальнік быў больш сумленны, чым большасьць алігархаў ці міні-алігархаў, якія будавалі свае капіталы адначасова зь ім. Ён не замовіў бы забойства, не пайшоў бы на такія жудасныя крокі, якія рабілі прадстаўнікі данецкага ці днепрапятроўскага кланаў. Ён пабудаваў ня схемы па раскраданьню дзяржаўных грошай, а сапраўдныя фабрыкі, дзе людзі атрымліваюць добрыя заробкі за сваю працу. У гэтым сэнсе Парашэнка зьяўляецца пазытыўнай фігурай.

Аднак вы казалі пра тое што Пётр Парашэнка таксама мае свае шкілеты ў шафе. Якія шкілеты Парашэнкі-палітыка й Парашэнкі-прадпрымальніка вы можаце пералічыць?

Міхал Патоцкі: Галоўным шкілетам у шафе Парашэнкі-палітыка зьяўляецца яго ўкараненьне ў старой сыстэме. Ён выкарыстоўвае старыя мэтады нефармальнага «вырашэньня справаў»: дамаўляецца з алігархамі й лабісцкімі групамі, парушаючы фармальныя правілы й нормы права. Гэта вельмі перашкаджае пераўтварэньню Ўкраіны ў нармальную сучасную дзяржаву. Галоўным шкілетам у шафе Парашэнкі-бізнэсмэна зьяўляюцца справы, зьвязаныя з самым пачаткам яго прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Малдове. Ён атрымаў свой бізнэс у спадчыну ад памерлага брата, які нашмат менш шанаваў закон. Разам з бізнэсам у 90-я гады Пётр Парашэнка атрымаў у спадчыну й тагачасныя мэтады яго вядзеньня ў Малдове: выкарыстаньне адмінрэсурсу, каб адабраць бізнэс у тых хто такім рэсурсам не валодае.

Як бы вы маглі ацаніць два з паловай гады прэзыдэнцтва Парашэнкі? Якія на яго рахунку «здрады і перамогі»?

Збігнеў Парафіяновіч: «Здрадай» Парашэнкі несумненна зьяўляецца тое, што ён адной нагой завяз у старой сыстэме й нават не паспрабаваў дэмантаваць алігархію. А менавіта гэтага патрабавалі людзі, якія выйшлі на Майдан. Перамогай жа Парашэнкі зьяўляецца стабілізацыя дзяржаўнага бюджэту пасьля таго, як ён быў поўнасьцю раскрадзены людзьмі Януковіча. Таксама Парашэнка адбудаваў узброеныя сілы й змог забясьпечыць абарону дзяржаўных межаў. Важным дасягненьнем зьяўляецца дывэрсыфікацыя паставак энэрганосьбітаў ва Ўкраіну. Аднак у кнізе мы шмат увагі прысьвячаем і нэгатыўным бакам Парашэнкі – напрыклад, яго даўняму знаёмству з неафіцыйным гаспадаром Малдовы алігархам Уладам Плахатнюком.

Вы казалі пра тое, што для ўсіх папярэдніх палітычных лідараў Украіны, напрыклад, для Віктара Януковіча ці былога прэм’ера Юліі Цімашэнкі, інтэграцыя з Эўразьвязам была толькі гульнёй. Сапраўднай інтэграцыі яны ніколі не хацелі. Ці хоча яе Пётр Парашэнка?

Міхал Патоцкі: Калі для Парашэнка нешта ў палітыцы зьяўляецца важным, то гэта менавіта эўрапейская інтэграцыя. Але праблема ў тым, што эўраінтэграцыя – гэта ня толькі падпісаньне дамоваў і пахлопваньне па плячах Ангэлы Мэркэль ці Франсуа Алянда. Гэта вельмі цяжкая праца, зьвязаная са зьменай заканадаўства, барацьбой з карупцыяй, увядзеньнем празрыстых правілаў дзяржаўных закупак. Усе гэтыя рэформы б’юць па алігархічных групах і групах інтарэсаў, якія ўкараніліся ва ўкраінскай палітыцы ды эканоміцы, і якія цягнуць Парашэнку ў іншы бок. Чым даўжэй Парашэнка знаходзіцца пры ўладзе, тым больш гнілых кампрамісаў яму даводзіцца заключаць, каб мець хоць нейкую падтрымку ў парлямэнце і каб хоць неяк кіраваць. Вялікая ідэя рэформаў прайграе прозе ўкраінскага палітычнага жыцьця.

Як імя Парашэнкі будзе запісанае ў гісторыі? Яго будуць прыгадваць як рэфарматара, альбо ён стане сымбалем змарнаваных надзеяў, як былы прэзыдэнт Віктар Юшчанка?

Зьбігнеў Парафіяновіч: Пётр парашэнка мае на дзіва добрую падтрымку – на ўзроўні 20%. У сярэдзіне прэзыдэнцкага тэрміну Віктар Юшчанка й іншыя кіраўнікі дзяржавы пра такія рэйтынгі маглі толькі марыць. Цяжка сказаць, ці будзе ён пераабраны. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Я, аднак, асьцерагаюся, што ва Ўкраіне пачнецца хваля папулізму – узрасьце значэньне такіх палітыкаў, як Юлія Цімашэнка, Алег Ляшко й Міхаіл Саакашвілі – значна менш адказных і прадказальных, чым Пётр Парашэнка.

Ці ёсьць у гэтай кнізе беларускія матывы?

Міхал Патоцкі: Такія матывы ёсьць. Я быў у Менску й аналізаваў менскія мірныя перамовы па Данбасе. Я хацеў зразумець, чаму Менск быў выбраны ў якасьці пляцоўкі для перамоваў. Я назіраў, як Беларусь рэагавала на Данбаскі канфлікт і на анэксію Расеяй Крыму. Мне было цікава назіраць, як Аляксандар Лукашэнка спрабаваў гуляць паміж Масквой і Кіевам. Для мяне гэта быў адзін за самых цікавых аспэктаў кнігі. Так што Беларусь у кніжцы ёсьць.

І апошняе пытаньне: вы размаўлялі са шматлікімі прадстаўнікамі ўкраінскіх палітычных і эканамічных элітаў. Што гэта за людзі й куды яны вядуць Украіну?

Зьбігнеў Парафіяновіч: Якасьць украінскіх палітыкаў цяпер значна лепшая ад той, што была ў часы Януковіча. Аднак большасьць гэтых людзей ужо даўно дзейнічае ва ўкраінскай алігархічнай сыстэме. Яны не дастаюць нават да пятак прадстаўнікам украінскай грамадзянскай супольнасьці. Недасьпеласьць палітычнага клясу – гэта свайго роду пракляцьце Ўкраіны. Палітыкі не жадаюць зразумець, што Украіна знаходзіцца ў пераломным пэрыядзе гісторыі, і што цяпер трэба менш дбаць пра свае ўласныя інтарэсы, а больш – пра інтарэсы дзяржавы.

/


Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт