Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Трамп – сябра палякаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.12.2016 18:42
У гэтым запэўнівае славутая амэрыканская журналістка, дачка варшаўскага паўстанца.
Рыта Косьбі й Дональд Трамп. Рыта Косьбі й Дональд Трамп. Photo: крыніца Wprost.pl

"Я ведаю Дональда Трампа 20 гадоў і я ня веру, што ён будзе дагаварвацца з Расеяй за кошт Польшчы", – сказала ў інтэрвію тыднёвіку "Wprost" славутая амэрыканская журналістка Рыта Косьбі.

Дачка варшаўскага паўстанца Рышарда Касабудзкага (Ryszard Kossobudzki) ня толькі рабіла інтэрвію з Трампам і яго роднымі, яна сябруе зь імі доўгія гады. Пра блізкасьць сьведчыць напрыклад тое, што яны запрашаюць адзін аднаго на дзень народзінаў.

Польшча разьлічвае, што Рыта Косьбі будзе своеасаблівым каналам камунікацыі з атачэньнем новага прэзыдэнта ЗША.

Трамп дасканала ведае гісторыю бацькі Рыты Косьбі, а таксама добра сарыентаваны ў польскай гісторыі ды сучасных справах Польшчы. І не выпадкова Рыце Косбы даў першае англамоўнае інтэрвію, зазначае тыднёвік.

"Я здаўна як журналістка займаюся палітыкай і запэўніваю, што тэлефон ад прэзыдэнта-абраньніка ЗША (прэзыдэнту Дудзе - рэд.) празь некалькі дзён пасьля выбараў сапраўды штосьці значыць", – кажа Рыта Косбы. Яна шчыра сьцьвердзіла, што ў польскай дыяспары ў ЗША няма палітычнай сілы. "Нам трэба будаваць палітычны капітал, выкарыстаць сетку кантактаў на найвышэйшым узроўні, які ёсьць у амэрыканцаў польскага паходжаньня. Спачатку я асабіста паразмаўляю з прэзыдэнтам Трампам пра адмену візавага рэжыму для палякаў", - абяцала Косьбі.

На пытаньне, якое ў ЗША ўяўленьне пра Польшчу, Косьбі адказала: "Паляпшаецца", і распавяла, што калі ў 2009 годзе яна з бацькам прыехала ў Польшчу, заўважыла, што нават на радзіме ў палякаў комплекс няпоўнацэннасьці, хаця ў іх гісторыя, якой трэба ганарыцца. "Польшча мусіць лепш "прадавацца", а тады амэрыканцы будуць больш пра вас ведаць", - параіла журналістка.

Бацька Рыты Рышард Касабудзкі ўцёк зь нямецкай няволі ў амэрыканскую акупацыйную зону ў Нямеччыне. У Вялікабрытаніі стаў інжынэрам, а затым выехаў у ЗША. Доўга ён не згадваў пра ваенны час. Толькі пасьля сьмерці маці, Рыта знайшла дакумэнты з часоў вайны й пачала распытваць бацьку. У выніку слынная амэрыканская журналістка напісала кніжку "Ціхі герой. Таямніцы мінулага майго бацькі", якая трапіла ў сьпіс бэстсэлераў "New York Times".

Wprost/яс

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт