Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусь сапраўды вядзе самастойную зьнешнюю палітыку» – экспэрт

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.12.2016 08:40
Менск нашмат менш залежыць ад Масквы, чым гэта прынята думаць, і лічбы гэта даказваюць – сьцьвярджае аналітык Цэнтру Астрагорскага.
thekievtimes.ua

Нярэдка можна пачуць меркаваньне, што беларускай замежнай палітыкай кіруюць з Крамля. Ці так гэта? Экспэрт Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч у сваім нядаўнім артыкуле правёў аналіз галасаваньня Беларусі на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Як аказалася, Менск праводзіць нашмат больш самастойную зьнешнюю палітыку, чым прынята думаць. Пры гэтым беларускае кіраўніцтва не пераходзіць пэўных «чырвоных ліній», вызначаных Крамлём. Якія доказы самастойнай зьнешняй палітыкі, і дзе знаходзяцца гэтыя «чырвоныя лініі»? Пра гэта ў аналітыка Цэнтра Астрагорскага запытаўся Аляксандар Папко.

15 лістапада на 71-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН Беларусь прагаласавала супраць прапанаванага Ўкраінай праекту рэзалюцыі па сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме. У праекце дакумэнту Расея ўзгадавалася як дзяржава-акупант, асуджаліся парушэньні правоў чалавека, зьдзейсьненыя «расейскімі акупацыйнымі ўладамі».

Супраць украінскага праекту рэзалюцыі выступіла Расея, а таксама шэраг блізкіх да яе постсавецкіх краінаў: Беларусь, Армэнія, Казахстан і Ўзбэкістан. Адмова Менска падтрымаць Кіеў была ўспрынятая шматлікімі ўкраінцамі як здрада. Загучалі выказваньні, што Беларускай замежнай палітыкай кіруюць з Крамля.

Аднак Менск на міжнароднай арэне зусім не зьяўляецца васалам Масквы – кажа Ігар Губарэвіч. І лічбы гэта даказваюць. Восеньню 2015 году на 70 сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН Беларусь галасавала ня так, як усходняя суседка ў 37% пытаньняў. Пры гэтым у 12% пытаньняў Менск займаў пазыцыю, яка дыямэтральна супярэчыла пазыцыі Крамля. Што гэта былі за пытаньні? Адказ дае Ігар Губарэвіч.

Ігар Губарэвіч: Гэта пытаньні раззбраеньня, а асабліва пытаньні ядзернага раззбраеньня. Расея – гэта ядзерная дзяржава. І таму яна вельмі раўніва глядзіць на ўсе спробы абмежаваць яе правы ў гэтым пытаньні. Беларусь жа выступае за ядзернае раззбраеньне, безьядзерную зону ў нашым рэгіёне. Таму вельмі часта здараюцца сытуацыі, калі Беларусь падтрымлівае рэзалюцыі па ядзерным раззбраеньні, а Расея галасуе супраць альбо ўстрымліваецца. Таксама пазыцыі Беларусі й Расеі разыходзяцца ў галасаваньнях, якія датычаць правоў палестынцаў. Кожнае пытаньне трэба разглядаць асобна. Але вельмі часта – амаль па чвэрці пытаньняў – пазыцыі Менска й Масквы разыходзяцца. У кожнай краіны ёсьць свае інтарэсы ў тым ці іншым пытаньні, і гэтыя інтарэсы могуць не супадаць.

Менск можа падтрымаць нават некаторыя рэзалюцыі, у якіх Крым называецца ўкраінскім – калі яны вельмі патрэбныя беларускаму кіраўніцтву.

Ігар Губарэвіч: Я прывяду ў прыклад галасаваньне па рэзалюцыі, якая датычыць дакладу Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы – МАГАТЭ. Яе прымалі летась, у 2015 годзе. Тады Беларусь падтрымала рэзалюцыю, а Расея ўстрымалася. Чаму ўстрымалася? Таму, што ў дакладзе Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы Крым разглядаўся як частка Ўкраіны. Беларусь жа была зацікаўленая ў наладжваньні добрых стасункаў з МАГАТЭ, бо будуе ўласную атамную электрастанцыю. І ў гэтым канкрэтным кантэксьце падтрымка МАГАТЭ для Беларусі была патрэбная больш, чым падтрымка Расеі.

У больш як 60% галасаваньняў на сэсіі Генасамблеі ААН Беларусь займала пазыцыю, ідэнтычную з Расеяй. Гэта зусім ня значыць, што так галасаваць Менск прымушаў Крэмль ці дзьве краіны неяк моцна ўзгаднялі свае пазыцыі – лічыць Ігар Губарэвіч. Агульныя погляды на міжнародныя стасункі тлумачацца тым, што ў Беларусі, які і ў Расеі, пануюць постсавецкія аўтарытарныя рэжымы.

Ігар Губарэвіч: Канешне, кансультацыі па зьнешнепалітычных пытаньнях вядуцца. Але ў цэлым пазыцыі гэтых краінаў блізкія па гістарычных прычынах, з-за сутнасьці сваіх аўтакратычных рэжымаў. Уплыў тут мае і рэгіянальная прыналежнасьць, і прыналежнасьць да агульных інтэграцыйных утварэньняў. Гэтыя фактары абумоўліваюць тое, што пазыцыі павінныя супадаць. Аднак, як мы бачым, выключэньняў не бракуе.

Пры гэтым незалежнасьць паводзінаў Беларусі мае свае межы. Ёсьць «чырвоныя лініі», за якія Менск ніколі ня выйдзе – падкрэсьлівае Ігар Губарэвіч.

Ігар Губарэвіч: Беларускі ўрад і беларуская дэлегацыя ў міжнародных арганізацыях ніколі не прагаласуюць за рэзалюцыю, якая асуджае расейскі ўрад, Расею як свайго саюзьніка. Гэта тая мяжа, якую беларускі ўрад перайсьці ня зможа. Таму марна было спадзявацца, што беларускі ўрад падтрымае Ўкраіну ці хаця б устрымаецца пры галасаваньні па парушэньні правоў чалавека ў Крыме, які акупаваны Расеяй.

Беларускае кіраўніцтва вельмі далёкае ад таго, каб выконваць ролю марыянэтак Крамля. Аднак прагаласаваць супраць Расеі ці нават устрымацца ад голасу ў пытаньнях, якія для Расеі жыцьцёва важныя, беларускае кіраўніцтва ня ў стане – падсумоўвае свае назіраньні экспэрт Цэнтру Астрагорскага.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт