Logo Polskiego Radia
Print

«Ператвараць «Белсат» у інтэрнэт-партал ня мае сэнсу» – экспэрты

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.12.2016 19:12
  • «Ператвараць «Белсат» у інтэрнэт-партал ня мае сэнсу» – экспэрты.mp3
«Чарговы навінны сайт у Беларусі не патрэбны, а партал зь якасным відэакантэнтам усё роўна будзе каштаваць дорага».
Скрыншот з відэароліка тэлеканалу "Белсат"Скрыншот з відэароліка тэлеканалу "Белсат"youtube.com/screen

Перавод «Белсату» ў навінны інтэрнэт-партал ня мае сэнсу з-за таго, што гэтая ніша ў беларускай інфармацыйнай прасторы ўжо занятая. Стварэньне жа на аснове «Белсату» інтэрнэт-тэлебачаньня ці сайту з якасным відэаматэрыяламі патрабуе вялікіх сродкаў і не прывядзе да значнай эканоміі. Так беларускія журналісты й мэдыяэкспэрты пракамэнтавалі ідэю ператварыць тэлеканал «Белсат» у інтэрнэт-партал, якую нядаўна агучыла прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы. Пра мэтазгоднасьць трансфармацыі «Белсату» ў беларускіх экспэртаў запытаўся Аляксандар Папко.

Міністэрства замежных справаў Польшчы жадае мадэрнізаваць мэдыяпраекты, якія яно фінансуе. Таму польскае МЗС вядзе перамовы з дзяржаўным тэлебачаньнем Telewizją Polską S.A. «наконт стварэньня тэлеканалу TVP Zagranica, часткай якога сталі б тэлеканалы TVP Polonia і «Белсат» у выглядзе, напрыклад, інтэрнэт-парталу». Такія пляны рэфармаваньня беларускамоўнага тэлеканалу агучыла ў чацьвер прэс-сакратар польскага замежнага ведамства Яанна Вайда (Joanna Wajda).

Ператварэньне «Белсату» у інтэрнэт-партал азначала бы бы кардынальную зьмену як рэдакцыі, так і аўдыторыі каналу – лічыць беларускі журналіст і мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі.

СМІ, якія вяшчаюць з замежжа, традыцыйна маюць у Беларусі адносна невялікую аўдыторыю – кажа экспэрт. У спакойны час ані Радыё «Свабода», ані «Белсат» не карыстаюцца надзвычайнай папулярнасьцю. Аднак у крызысныя часы, калі адбываюцца падзеі, пра якія ўлады ня хочуць казаць, рэзка ўзрастае цікавасьць да замежных вяшчальных праектаў – кажа Паўлюк Быкоўскі.

«Белсат» важны ня столькі з-за ахопу аўдыторыі, колькі з-за вытворчасьці ўнікальных відэаматэрыялаў – кажа экспэрт.

Паўлюк Быкоўскі: «Белсат» здымае дакумэнтальныя фільмы, ён здымае ток-шоў і перадачы, ён стварае працоўныя месцы для журналістаў. Усё гэта, як колы, разыходзіцца па вадзе. З аднаго боку, у Беларусі становіцца запатрабаванай прафэсія журналіста-тэлевізійшчыка. З другога боку, дзякуючы «Белсату», беларускаму гледачу можна паказаць відэаматэрыялы, якія з-за недахопу рэсурсаў ці ідэалягічных абмежаваньняў не здымаюць дзяржаўныя й недзяржаўныя беларускія СМІ – напрыклад, дакумэнтальны фільм пра Кастуся Каліноўскага. Калі з пераходам у інтэрнэт-фармат «Белсат» адмовіцца ад такога кшталту праектаў, гэта будзе вялікая страта для беларускага грамадзтва.

У Беларусі хапае вялікіх інфармацыйных парталаў, такіх як TUT.BY, «Хартыя 97», Naviny.by, «Наша Ніва» – лічыць мэдыяаналітык Аляксей Лявончык. У кожнага з гэтых рэсурсаў ёсьць свая аўдыторыя. Ствараць чарговы партал, калі ў яго ня будзе адрозьненьня, ня мае сэнсу – перакананы экспэрт. А такім адрозьненьнем могуць быць відэаматэрыялы, якія ўсё роўна каштуюць вельмі дорага, кажа Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык: Адрозьненьне можа быць у выглядзе відэаматэрыялаў. І тут я кажу не пра 1-2-хвілінныя навінныя рэпартажы, а менавіта пра аналітычныя й гістарычныя перадачы, пра дакумэнтальнае кіно, якое здымае «Белсат» Яны здымаюць іх добра, гэтыя матэрыялы праглядаюцца. Але відэапрадукцыя каштуе сур’ёзных грошай. Калі гэта будзе партал з істотнай відэасэкцыяй, то гэта не дазволіць істотна скараціць выдаткі. Можна бузе ашчадзіць на інфрастутурных выдатках, але ніякім чынам не на відэапрадукцыі, якая сама па сабе вельмі дарагая.

Пераход «Белсату» ў інтэрнэт-прастору мог бы быць рацыянальным рашэньнем і прывесьці да пэўнай эканоміі сродкаў – мяркуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Аднак як інтэрнэт-телебачаньне, так і партал зь якасным відэакантэнтам каштуюць дорага, і вялікай эканоміі грошай не атрымаецца.

Андрэй Бастунец: Мне цяжка сказаць, наколькі інтэрнэт-партал будзе таньнейшым. Відавочна, ня трэба будзе плаціць за спадарожнік. Аднак я ня думаю, што кошты спадарожніка вырашальныя ў бюджэце «Белсату».

Аўдыторыя «Белсату» складаецца з двух частак – гэта карыстальнікі спадарожнікавых антэнаў і інтэрнэт-юзэры. Спадарожнік дазваляе данесьці інфармацыю туды, куды інтэрнэт не даходзіць. Спадарожнікавае вяшчаньне лічыцца дарагім, аднак яго захоўваюць для трансьляцыі на краіны, якія лічацца важнымі, і грамадзяне якіх маюць абмежаваны доступ да незалежнай інфармацыі. Прыкладам можа паслужыць вяшчаньне эўрапейскіх СМІ на краіны Афрыкі – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі. Даступнасьць інтэрнэту ў Беларусі – адна з самых высокіх у рэгіёне, таму «спадарожнікавая» аўдыторыя «Белсату» ня можа быць вялікай – лічыць мэдыяэкспэрт.

Значэньне мае не колькасьць, а якасьць – апануе Паўлюку Быкоўскаму журналіст і дзеяч польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэй Пачобут. Адной з галоўных перавагаў «Белсату» ён лічыць тое, што тэлеканалу ўдалося прабіцца да аўдыторыі малых гарадоў і мястэчак. Яго аўдыторыя, у адрозьненьне ад буйных інтэрнэт-парталаў Беларусі, не канцэнтруецца ў сталіцы.

Анджэй Пачобут: Ствараць новую інтэрнэт-старонку я патрэбы ня бачу. У Беларусі даволі шмат інфармацыйных інтэрнэт-старонак. Ёсьць старонкі, якія фінансуюцца польскім Міністэрствам замежных справаў – напрыклад, Радыё «Рацыя». У такім выпадку, можна разьвіваць Радыё «Рацыю». Навошта ствараць яшчэ адну інтэрнэт-старонку? Я ня бачу ў праекце перафарматаваньня «Белсату» нейкай рацыянальнасьці.

Як праект замежнага вяшчаньня «Белсат» пасьпяховы і захаваць яго было б натуральным рашэньнем – лічыць Анджэй Пачобут.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт