Logo Polskiego Radia
Print

Ці можа Беларусь пакараць Летуву за пазыцыю па Астравецкай АЭС?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.12.2016 13:58
  • Ці можа Беларусь пакараць Летуву.mp3
Канфлікты вакол АЭС і магчымай пераарыентацыі беларускіх тавараў узаемазьвязаныя.
Foto: Tristan Taussac/Flickr.com/CC BY-ND 2.0

Яны адлюстроўваюць тэндэнцыю ў беларуска-летувіскім эканамічным супрацоўніцтве.

7 сьнежня кіраўнік Расейскай Чыгункі заявіў, што яго кампанія можа забясьпечыць беларускім кампаніям зьніжку, якая б дазволіла спыніць перавозку грузаў праз краіны Балтыі. У той жа час, латвійскія чыноўнікі працягваюць прапаноўваць свае парты беларускаму ўраду.

Да гэтага часу Беларусь у асноўным выкарыстоўвала летувіскія парты, але Расея і Латвія могуць скарыстацца напружанасьцю паміж Менскам і Вільняй па пытаньні беларускай АЭС для прасоўваньня сваіх інтарэсаў.

Беларускія чыноўнікі ўжо не раз намякалі на тое, што ўрад Летувы павінен зьмякчыць сваю пазыцыю па Астравецкай АЭС, бо Летува атрымлівае выгоду ад транзыту беларускіх тавараў.

Дырэктар па разьвіцьці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня кажа, што ў дадзены момант Беларусь праводзяць перамовы з Расеяй і Латвіяй.

Р. Астапеня: Вельмі магчыма, што Латвія і Расея могуць запрапанаваць лепшыя ўмовы, чым Летува. Такім чынам у Беларусі, якая знаходзіцца ў вялікім канфлікце з Летувой, паявіцца магчымасьць адпомсьціць Летуве за пазыцыю, якую яна заняла ў справе Беларускай АЭС.

Пакуль выглядае, што Беларусь будзе працягваць выкарыстоўваць Летуву ў якасьці транзытнай краіны, бо гэта самы эканамічна мэтазгодны варыянт, і ў той жа час будзе спрабаваць дывэрсыфікаваць пастаўкі.

Р. Астапеня: На сёньняшні момант летувіскі порт зьяўляецца самым танным. Больш таго, «Беларуськалій» набыў частку акцый аднаго з тэрміналаў у Клайпедзе. Таму Беларусь зацікаўлена тым, каб транспартаваць тавары менавіта гэтым шляхам. Усё ж калі расейскі ці латвійскі бок запрапануе больш выгадныя ўмовы, то Беларусь можа прынамсі часткова адмовіцца ад паслуг Летувы й дывэрсыфікаваць шляхі паставак.

Для эканомікі Летувы вельмі важна, каб Беларусь транспартавала свае тавары праз яе тэрыторыю. Па ацэнках некаторых СМІ, беларускія кампаніі загружаюць траціну порта Клайпеды, а транзыт беларускіх тавараў – каля 2 працэнтаў ВУП Летувы.

Р. Астапеня: Гэта вельмі важнае пытаньне для Летувы. Гэта вельмі высокая сума. Зважаючы на тое, што ў ЭЗ не заканчваецца крызыс, а ў Летуве шмат іншых эканамічных праблем, то наўрад ці Летува хацела бы страціць 2% ВУП невядома дзеля якіх мэтаў.

Гандаль таварамі паміж дзьвюма краінамі памяншаецца пяты год запар, у той час як імпарт з Летувы зьніжаецца на працягу апошніх чатырох гадоў. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за першыя 9 месяцаў 2016 года таваразварот упаў амаль на 20% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 года.

Канфлікт вакол Астравецкай АЭС стаў атрутай для беларуска-летувіскіх адносін. Падаецца, што да таго часу, пакуль Менск і Вільня будуць працягваць спрачацца наконт беларускай АЭС, эканамічнае супрацоўніцтва ня будзе разьвівацца – гаворыць Рыгор Астапеня.

Экспэрт нагадвае, што дынаміка беларуска-летувіскіх адносін часта адрозьнівалася ад адносінаў паміж Беларусьсю і аб’яднанай Эўропай.

Р. Астапеня: Былі моманты, калі палітыка Летувы й Эўразьвязу былі ідэнтычныя. Так было калі Летува хацела далучыцца да Эўразьвязу і павінна была паказаць сваю геапалітычную ляяльнасьць. Але было шмат пэрыядаў, калі Летува дзейнічала куды шмат прыязьней. Гэта, напрыклад, 1996 год, калі прэзыдэнт Летувы сустракаўся з беларускім кіраўніком. У 1997 годзе Летува заблякавала рэзалюцыю Балтыйскай Асамблеі, якая крытыкавала беларускія ўлады за парушэньні правоў чалавека. Даля Грыбаўскайце вельмі хацела палепшыць адносіны паміж краінамі.

Акрамя Расеі супрацай зь Беларусьсю ў галіне транзыту тавараў зацікаўленая Латвія. Краіна можа выкарыстоўваць пахаладаньне адносінаў паміж Мінскам і Вільняй на сваю карысьць. У верасьні Ўладзімір Макей сустрэўся ў Нью-Ёрку з Эдгарам Рынкевічам, міністрам замежных спраў Латвіі; у кастрычніку міністар транспарту Латвіі Ўлдзіс Аўгуліс наведаў Беларусь. У лістападзе прэм’ер-міністар Беларусі сустрэўся з міністрам эканомікі Латвіі ў Менску. У межах усіх гэтых сустрэчаў так ці інакш абмяркоўвалася пытаньне транзыту тавараў.

Да гэтага часу вынікі перамоваў застаюцца невядомымі, але мала хто будзе зьдзіўлены, калі яны прывядуць да больш маштабнага выкарыстаньня латвійскіх партоў беларускімі кампаніямі. Тым ня менш, поўная пераарыентацыя беларускіх тавараў застаецца малаверагоднай – падсумоўвае ў сваім артыкуле Рыгор Астапеня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт