Logo Polskiego Radia
Print

«Financial Times» называе Польшчу «эўрапейскай сталіцай смогу»

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.01.2017 12:17
  • смог.mp3
Паветра ў некаторых рэгіёнах краіны больш забруджанае, чым у сталіцы Кітая Пэкіне.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com

Многія з нас ведаюць наступную карцінку: чалавек ідзе па вуліцы ў марлявай павязцы на твары. Гэтак часта сусьветныя СМІ ілюструюць якасьць паветра ў Пэкіне. Аднак аказваецца, што паветра ў некаторых рэгіёнах Польшчы яшчэ больш забруджанае, чым у сумнавядомым кітайскім горадзе.

Надоечы брытанскае штодзённае выданьне «Financial Times» назвала Польшчу «эўрапейскай сталіцай смогу». Газэта паведамляе, што ў сьнежні на поўдні дзяржавы была зафіксаваная большая канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры, чым у Пэкіне. У паветры, якім дыхалі жыхары мясцовасьці Скала, якая знаходзіцца ў Малапольшчы, было 979 мікраграмаў шкоднага пылу ў кожным кубічным мэтры. Гэта прыкладна на 250 мікраграмаў больш, чым у сталіцы Кітая.

Прадстаўнік арганізацыі, якая змагаецца са смогам, Польскай антысмогавай трывогі, Пётр Сяргей гаворыць, што такія дадзеныя ня сталі для яго нечаканасьцю.

П. Сяргей: Мы ведаем пра тое, што Польшча – самая забруджаная краіна Эўрапейскага Зьвязу. Раней падобныя вынікі аналізаў назіраліся ў Закапанэ, дзе забруджанасьць паветра была нават большая, чым у Дэлі. Найгоршая сытуацыя назіраецца на поўдні Польшчы. Калі зірнуць у сьпіс гарадоў, дзе фіксуецца найбольшая канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры, то мы ўбачым, што гэта зусім не самыя вялікія гарады, а меншыя мясцовасьці – Апочна, Жырардаў, Пётркаў Трыбунальскі.

Тым ня менш, у вялікіх гарадах таксама здараюцца дні, калі забруджаньне перавышае нормы. Напрыклад, некалькі тыдняў таму ў Варшаве можна было бясплатна карыстацца грамадзкім транспартам у выніку высокай канцэнтрацыі пылу ў паветры. Аднак нельга сказаць, што многія людзі вырашылі тады пакінуць уласны аўтамабіль дома і паехаць па справах на аўтобусе ці трамваі. А трэба сказаць, што ўлады пачынаюць біць трывогу і так пазьней, чым у іншых эўрапейскіх сталіцах. Узровень забруджаньня, калі ўлады Парыжа падымаюць трывогу, складае 80 мікраграмаў, а ў Польшчы – 300, – адзначае Пётр Сяргей.

П. Сяргей: Мы правялі аналіз забруджаньня паветра ў мінулым годзе. Мы праверылі, што было б, калі б у нас улады падымалі трывогу пры такім жа ўзроўні канцэнтрацыі шкодных рэчываў, як у Парыжы. Польскія гарады, дзе назіраецца рэкордная забруджанасьць, гэта Кракаў і Рыбнік. У Кракаве такіх дзён з антысмогавай трывогай было б 47. Гэта азначае, што на працягу паўтара месяца ў Кракаве неабходна было б забараніць рухацца на машыне па горадзе і абмежаваць абагрэў дамоў пры дапамозе катлоў на вугаль і драўніну. Такія ўзроўні забруджанасьці ў Польшчы назіраюцца вельмі часта, і ўлады нічога ня робяць.

Дыханьне брудным паветрам выклікае сур’ёзныя захворваньні, якія скарачаюць жыцьцё людзей.

П. Сяргей: У сярэднім людзі ў Польшчы жывуць на 9 месяцаў менш, чым маглі б, калі б паветра было чыстым. Кожны год у выніку заўчаснай сьмерці па прычыне забруджаньня паветра пакідае гэты сьвет каля 48 тыс. чалавек. Для параўнаньня – у выніку ДТЗ гіне каля 3 тыс. асоб у год. Доўгачасовая забруджанасьць паветра ўплывае нэгатыўна на працу сэрца, выклікае захворваньні сардэчна-сасудзістай сыстэмы і лёгкіх. І таму ў нас так многа людзей пакутуе ад інфарктаў.

У сьпісе 50 самых забруджаных эўрапейскіх гарадоў, падрыхтаваным Сусьветнай арганізацыяй здароўя, ёсьць 33 польскія населеныя пункты.

Забруджанасьць паветра пылам – гэта адна праблема. Ёсьць таксам зусім іншы смог, пра які ўсё часьцей згадваць спэцыялісты. Гаворка ідзе пра электрасмог, які выпраменьваюць электронныя прыборы, бесправадныя інтэрнэтныя сеткі і сеткі мабільнай сувязі. З энэргетычным смогам ужо пачынаюць змагацца заходнія краіны, а польскія ўлады пакуль што над гэтым пытаньнем стараюцца ня думаць і забываюць, што на працягу апошніх некалькіх гадоў краіна перажыла сапраўдную рэвалюцыю ў галіне сучаснай мабільнай сувязі LTE, якой цяпер ахоплена цэлая Варшава. Бесправадны інтэрнэт Wi-Fi ужо амаль у кожным будынку.

Навукоўцы пакуль што асьцярожна падыходзяць да пытаньня шкоднасьці электрамагнітнага выпраменьваньня. Няма цьвёрдых доказаў, што гэта так, але Міжнароднае агенцтва дасьледаваньня рака называе такое выпраменьваньне «патэнцыйна канцэрагенным». Скажам, у Францыі забаронена ўсталёўваць сеткі Wi-Fi у дзіцячых садках.

У Польшчы няма адпаведнага нагляду над апэратарамі тэлефоннай сувязі, якія робяць, што ім падабаецца. Напрыклад, апэратары ня мусяць атрымліваць дазволу на ўсталяваньне новых мачтаў мабільнай сувязі, яны толькі паведамляюць у адпаведныя дзяржаўныя органы аб іх усталяваньні.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт