Logo Polskiego Radia
Print

Інвэстыцыі ў Беларусь: гісторыя летувіскіх бізнэсоўцаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.01.2017 07:08
  • Летувіскі бізнэс у Беларусі.mp3
Летувіскія бізнэсмэны сталі найбуйнейшымі заходнімі інвэстарамі ў Беларусі, уклаўшы больш за €80 млн у 2015 г.
pixabay.com/Public Domain CC0

Пакуль урады Беларусі і Летувы спрачаюцца вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС, летувіскія інвэстары ў Беларусі працягваюць працаваць у нармальным рэжыме. Летувіскія бізнэсмэны сталі найбуйнейшымі заходнімі інвэстарамі ў Беларусі, уклаўшы больш за €80 млн у эканоміку краіны ў 2015 годзе.

Больш за 60% інвэстыцый у Беларусь ідзе з Расеі і Кіпра, дзе многія расейскія і беларускія прадпрымальнікі рэгіструюць свае прадпрыемствы. Такім чынам, за выключэньнем Расеі і Кіпра, Летува зьяўляецца асноўным замежным інвэстарам у Беларусі, інвэстуючы больш, чым галяндзкія, эстонскія і аўстрыйскія кампаніі разам – гаворыць дырэктар па разьвіцьці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня:

Р. Астапеня: У прынцыпе, Летува зьяўляецца найбуйнейшым заходнім інвэстарам у Беларусі. Калі паглядзець на статыстыку інвэстыцый, то на першых двух месцах – Расеі і Кіпр. Кіпр у большасьці краін фігуруе як найбольшы інвэстар, бо большасьць фірм мае там зарэгістраваныя свае кампаніі, праз якія яны інвэстуюць. На трэцім месцы знаходзіцца Летува. Нягледзячы на тое, што гэта вельмі маленькая краіна, яна ўсё ж стала галоўным інвэстарам сярод усіх заходніх краін.

Інвэстыцыі з Летувы не абавязкова вялікія, але ідуць з многіх крыніцаў, што сьведчыць пра доўгатэрміновую, а не сытуацыйную цікавасьць. Беларусь і Летува ўжо правялі 12 двухбаковых эканамічных форумаў.

Для летувіскіх прадпрымальнікаў Беларусь – ня самы горшы варыянт для інвэстыцый, бо яны разумеюць беларускую культуру і мэнталітэт – гаворыць Рыгор Астапеня.

Р. Астапеня: Летувісаў прыцягвае тое, што яны разумеюць беларускую культуру і мэнталітэт. Яны бачаць, што ў беларускай эканоміцы існуе шмат вольных нішаў. Ім таксама адпавядае тое, што ў Беларусі дастаткова нізкія стандарты па бясьпецы. Летувіскаму бізнэсмэну лягчэй адчыніць фабрыку ў Лідзе, чым у Коўне. У Беларусі на гэта будзе патрэбна менш сродкаў.

У 2013 годзе летувіскі палітоляг (а цяпер дэпутат) Лаўрынас Кашчунас сказаў, што «кожны другі багаты летувіс мае бізнэс у Беларусі». У Беларусі налічваецца 500 прадпрыемстваў з летувіскім капіталам. Самыя буйныя інвэстыцыі сканцэнтраваныя ў некалькіх абласьцях – гандаль, дрэваапрацоўка, харчовыя прадукты, энэргетыка.
Усё ж ёсьць і пэўныя праблемы.

Р. Астапеня: Найперш гэта праблемы эканамічнага характару, паколькі ў Беларусі трэці год ідзе рэцэсія. Пакупніцкая здольнасьць беларусаў зьмяншаецца. Не зьдзіўляе, што Беларусь становіцца для інвэстараў менш цікавай. Ня менш важнымі зьяўляюцца палітычныя прычыны. Беларускія ўлады шмат у чым застаюцца рэпрэсіўнымі. Кіраўнік Летувіскай канфэдэрацыі працадаўцаў кажа адкрыта, што без падтрымкі ўладаў у Беларусі вельмі цяжка весьці бізнэс. Усё гэта ўплывае на тое, што летувіскія інвэстары асьцерагаюцца інвэставаць у Беларусь. Усё ж калі паглядзець на інвэстыцыі, то гэта 80 млн эўра ў 2015 годзе. Гэта ўсё ж значная сума. Гэта паказвае, што летувіскі бізнэс ня так і баіцца.

Ці канфлікт вакол Беларускай АЭС можа яшчэ больш пагоршыць сытуацыю?

Р. Астапеня: Я думаю, што для большасьці праектаў гэта ня будзе мець істотнага значэньня. Аднак энэргетычныя праекты, як будова сонечных электрастанцый, знаходзяцца пад пытаньнем. Пасьля канфлікту вакол АЭС Беларусь і Летува нанова ацэньваюць, на колькі яны ў стане супрацоўнічаць у энэргетычнай сфэры. Вельмі верагодна, што над гэтымі праектамі запаліцца чырвонае сьвятло, а мы такіх праектаў больш не пабачым.

Нягледзячы на тое, што беларуска-эўрапейскія адносіны палепшыліся, беларуска-летувіскія адносіны наадварот сталі пагаршацца. Урады краінаў канфліктуюць з-за АЭС, таму двухбаковым эканамічным форумам бракуе ранейшай падтрымкі беларускіх і летувіскіх уладаў. Летувіскія прадпрымальнікі страцілі рычагі, створаныя добрымі адносінамі паміж урадамі Беларусі і Летувы. У цяперашні час яны выкарыстоўваюць міжнародныя фінансавыя ўстановы ў якасьці інструмэнта бясьпекі сваіх інвэстыцый.

Усё гэта паказвае, што існуе недахоп даверу паміж летувіскімі прадпрымальнікамі і беларускімі ўладамі. Тым ня менш, «зьнешнія фактары і рыторыка, і нават так званыя абмежавальныя меры вельмі рэдка гуляюць тут ролю», «бізнэсмэны робяць і будуць рабіць бізнэс нягледзячы на палітычны клімат». Нават з улікам усіх праблемаў, Беларусь застаецца прывабным месцам для летувіскіх прадпрымальнікаў, – падводзіць вынік дырэктар па разьвіцьці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.

ав/ostro.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт