Logo Polskiego Radia
Print

Апублікаваны невядомы раней рапарт агента ЦРУ пра пасьляваенную Польшчу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.01.2017 14:53
У рапарце шакуючыя факты, між іншым пра забойства саветамі тысяч савецкіх грамадзян у Гдыні.
Zsuzsa N.K.; freeimages.com/license

Інтэрнэт-сайт Niezależna.pl піша пра невядомы раней рапарт агента ЦРУ пра падзеі ў камуністычнай Польшчы. У дакладзе з датай кастрычнік 1952 году гаворыцца пра сытуацыю на польскім узьбярэжжы. Рапарт апублікаваў сайт Reporters.pl.

Дакумэнт сьведчыць аб тым, што савецкая армія забіла ў лесе пад Вітомінам (гэта раён Гдыні) тысячы расейцаў. Яны вярнуліся з прымусовых работ у Нямеччыне. Вось фрагмэнт рапарту: «Польскія сьведкі сказалі мне, што пад Вітомінам у братніх магілах закапаныя каля 10 тыс. савецкіх грамадзян. Іх застрэлілі самі саветы адразу пасьля канца Другой сусьветнай вайны. Гэта былі савецкія працаўнікі, якія выехалі зь Нямеччыны». Ёсьць таксама гаворка пра іншыя злачынствы савецкіх жаўнераў – нападзеньні на польскіх дзеўчын і гвалтаваньні, аб чым, канешне, не паведамляюць публічна.

У рапарце ёсьць таксама іншая інфармацыя пра савецкіх афіцэраў, чыноўнікаў і іх сем’і на ўзьбярэжжы: «Большасьць савецкіх чыноўнікаў жыве са сваімі сем’ямі ў камфортных кватэрах. Палякі кажуць, што яны не ўмеюць сябе весьці – дзеці зьнішчаюць кватэры, асабліва ванныя пакоі, дзе ўваходзяць у ванну прама ў абутку. Гэтыя ванныя пакоі выглядаюць як хлеў».

Фрагмэнт дакладу прысьвечаны таксама паводзінам савецкіх салдат і чыноўнікаў у польскай сталіцы. «Гавораць, што колькасьць супрацоўнікаў Дому культуры (савецкай? – рэд.) у Варшаве складае ўжо некалькі тысяч. Усё гэта маладыя мужчыны спартыўнага целаскладу. Палякі мяркуюць, што яны ўзброеныя. Згодна з чуткамі, гэта пятая калёна ў Варшаве. У выпадку вайны гэтыя людзі павінны неадкладна пераняць кантроль над горадам, каб палякі не маглі адказаць такім паўстаньнем, як у часы вайны зь немцамі. Людзі ў Варшаве так варожа настроеныя да гэтых саветаў, што некалькі ўжо знойдзена мёртвымі або параненымі ноччу. Саветы ўжо баяцца хадзіць па Варшаве ў цёмны час сутак».

Ёсьць таксама інфармацыя пра рост колькасьці савецкіх жаўнераў у шэрагах Польскага войска і пра эканамічныя польска-савецкія кантакты. «У 1952 годзе стрымалі будаўніцтва жылых кватэр. Увесь цэмэнт ідзе на мілітарныя мэты. У краіне будуюцца супрацьтанкавыя ўмацаваньні, накіраваныя на Захад. За пусты мяшок, імпартаваны з Савецкага Саюзу, Польшча плаціць па 5 злотых за штуку. Той жа сам мяшок, напоўнены цэмэнтам, Польшча прадае ў СССР за 4 злотыя. Фабрыка лякаматываў імя Сталіна ў Познані днём і ноччу робіць лякаматывы, якія высылаюць у СССР» – піша агент ЦРУ.

Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт